“Вы ў дзяцінства прынялі вайну…”

_DSC7690

Святлана БЯЛЯК.
У фармаце адкрытага дыялогу праведзена сустрэча старшакласнікаў Крыўлянскай школы Марыяй Рыгораўнай Куліковай, дзяцінства якой было абпалена вайной.Фота аўтара.

Юнакі і дзяўчаты сцішана слухалі аповед пасівелай жанчыны пра жудасныя падзеі, што выпалі на першыя гады яе жыцця.
– Успамінаць тое цяжка, – расказвала Марыя Рыгораўна. – Нешта забылася, аднак многае памяць трымае.
Мае бацькі жылі ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Яна, як расказвала мама, была атулена лесам з усіх бакоў, які карміў нас ягадамі і грыбамі, паіў сокам, дапамагаў выжыць і скаціне. Калі прыйшла вестка, што карнікі напалі на краіну, усе спадзяваліся, што «пранясе». Думалі, што вёску надзейна схавае лес. Аднак фашысцкія нелюдзі дабраліся і да Вялікага Бора. Аднойчы раніцай яны з’явіліся на вуліцы, хапалі дзяцей і кідалі іх у калодзежы, забівалі старых у хаце (маю цётку спалілі ў рускай печы). Частку людзей сагналі ў калгасны склад і падпалілі. Астатніх, каго злавілі, калоне пад аховай аўчарак пагналі на чыгуначную станцыю. У гэтай калоне аказаліся мае мама і тата з чатырмя дзецьмі – маімі старэйшымі братамі і сястрой. Праз пэўны час наша сям’я аказалася ў Германіі на прымусовых работах. Хутка на свет з’явілася і я. Працаваць даводзілася многа, кармілі кепска – у асноўным елі брукву. Нават дзіву даюся, як у такіх умовах маме ўдалося выкарміць мяне, немаўля, і падтрымліваць старэйшых дзяцей. Тата часта зрываў у садах грушы, яблыкі і слівы, прыносіў нам, дзецям. Аднак немцы аб гэтым даведаліся і труцілі фруктовыя дрэвы. Есці плады мы ўжо баяліся.
Нарэшце даведаліся, што савецкі народ выйграў гэтую жудасную вайну. Нашай радасці не было межаў, калі ў верасні 1945 дабіраліся дадому. Мама звязала нашы рукі адной вяровачкай, каб не згубіць, і мы ўсе, жывыя, прыехалі на радзіму.
Аднак што нас там чакала? Вялікі Бор сустрэў разрухай і бур’яном. Аказалася, яго спалілі немцы. Паплакалі, выкапалі зямлянку ў лесе. Холадна, есці няма чаго, апрануцца таксама. Пакрысе тата пабудаваў драўляны дом, абжываліся. Ён дапамагаў узводзіць жыллё іншым небаракам. Наша вёсачка адрадзілася з папялішча стараннем вяскоўцаў. Потым цёця забрала мяне ў Брэст. Крыху пазней я апынулася ў Мажэйках.
На Радуніцу мы абавязкова едзем на радзіму, наведваем дарагія сэрцу магілкі. Я дагэтуль не магу звыкнуцца, што мая бабуля загінула ад нямецкай кулі за тое, што пякла хлеб партызанам… Што кепскае зрабілі тыя басаногія гарэзы, якіх жывымі пакідалі ў калодзеж?..
Гэта была жорсткая вайна, аб якой памятаем з расказаў бацькоў, дзядоў. Цепляцца дзіцячыя ўспаміны. Мы прынялі ў дзяцінстве вайну. Таму павінны цаніць мір і спакой на зямлі.
Пасля расповяду вязня Вялікай Айчыннай вайны школьнікі задалі жанчыне пытанні, а першы сакратар РК “БРСМ” Марыя Сянішына, ініцыятар дыялогу пакаленняў, уручыла Марыі Рыгораўне кветкі.
На здымку: дыялог пакаленняў у Крыўлянскай школе.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.