Смакі Хмелеўскай Сёмухі

сп1 сп2 сп3 сп5 сп6 сп8 Хмелевская семуха3 Хмелевская семуха6

Найперш, смакі духоўныя. Калі душа пакутуе ад нястачы народных песень, танцаў і хварэе настальгіяй па маленькай радзіме, тады – у Хмелеве на традыцыйнае свята, якое ладзяць і з году ў год аднаўляюць новымі вясковымі “смяшынкамі” “Хмелеўскія валацугі” з удзелам такіх жа неардынарных самабытных аматарскіх гуртоў з іншых раёнаў вобласці.
Свята пачалося з традыцыйнага лірычнага ўступу вясёлых завадатараў-гаспадароў:
…Скількі ж в Хмэлёво гостэй
“Сёмуха” собрала.
Хочэм, шоб про нашэ свято
вся округа знала…
І паехалі на ўквечаным коніку, пайшлі “вадзіць карча” самадзейныя артысты і ўсе жадаючыя з музыкай і самабытнымі танцамі ад звычайнай вясковай хаткі да сучасных на еўрапейскі лад невялічкіх катэджаў. Віншавалі са святам і пачаткам лета, зычылі дабрабыту сям’і, шчадрот і дарункаў з агародаў, дастатку ў хляве тым, хто сустракаўся на вуліцы. І тым, хто запрашаў на падворак, сустракаючы з багатымі нацыянальнымі пачастункамі на святочным стале. Што ні запрашэнне на сядзібу, у адказ – і танцы, і песні, і зноў жа самыя шчырыя пажаданні, якія ад двара да двара не паўтараліся, а дзякуючы кемлівасці і святочнаму настрою самадзейных артыстаў пераклікаліся са шчодрымі жартамі ў адрас рупліўцаў-вяскоўцаў.
Пакуль доўжылася дзея на вясковых вуліцах, на тэатралізаванай сцэне каля Дома культуры гучалі песні артыстаў з усёй акругі – ад Крыўлян да Азят. Побач прапаноўвалі вясёлыя гульні атракцыёны прыезджыя прадпрымальнікі. Цікаўных вабілі вышываныя ручнікі, посцілкі і іншыя самадзейныя работы майстроў раёна. Прыехалі таксама гандляры сувенірнай прадукцыяй і іншымі вырабамі, аднак жадаючых нешта купіць не было. Свята святам, але пачатак месяца, у вяскоўца кашалёк пуставаты, таму гандаль не ішоў. Затое бясплатныя паслугі аказвалі байкеры, якія ахвотна вазілі ўсіх жадаючых дзяцей ва ўзросце ад дванаццаці гадоў па цэнтральнай вясковай вуліцы.
Пад вечар на імправізавнай сцэне адбылося падвядзенне вынікаў агляду падворкаў і ўрачыстае ўзнагароджванне ўдзельнікаў свята “Якая работа – такая падзяка”. Іх атрымалі сем’і Жучыкаў, Давідчыкаў, Трафімукоў, Іванюкоў, Залатаровых, Тамара Кірыліна і Генадзь Клімчук і іншыя. Фінансавыя сродкі на правядзенне свята былі выдаткаваны з раённага бюджэту.
Пазней перад прысутнымі выступіў Брэсцкі гарадскі духавы аркестр. А на завяршэнне свята – танцавальная праграма “Хай падлога трэсне”. Падлога не трэскала, але трава на танцавальнай пляцоўцы была “скошана” жаночымі абцасікамі і мужчынскімі танцамі пад шматлікія сучасныя песні.
Аляксей ГАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.