Шчытападобная залоза адказвае за работу ўсіх органаў і сістэм арганізма чалавека, таму парушэнне яе функцыі прыводзіць да пэўных змен у стане здароўя.
Так, у выпадках, калі шчытападобная залоза выдзяляе шмат гармонаў, стан пацыента характарызуецца патлівасцю, стратай вагі, дрыготкай у целе, сэрцабіеннем, раздражняльнасцю, плаксівасцю, парушэннем сардэчнага рытму.
Магчымы і процілеглы стан, калі з прычыны недахопу паступлення ёду ў арганізм чалавека, адбываецца зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы. Для яго характэрны: слабасць, стомленасць, санлівасць, ацёчнасць твару, сухасць скуры, выпадзенне валасоў, запоры, парушэнне рэпрадуктыўнай функцыі. У дзяцей такія змены прыводзяць да зніжэння памяці, інтэлекту, адставання ў фізічным развіцці. Недахоп ёду ў арганізме вядзе да павелічэння памераў шчытападобнай залозы, утварэння ў ёй вузлоў, якія пры пэўным збегу акалічнасцяў могуць прывесці да анкалагічных захворванняў. У такіх сітуацыях рэкамендуецца прымаць прэпараты калія ёдыду, фізіялагічную дозу якога падбірае спецыяліст.
Беларусь адносіцца да рэгіёнаў з лёгкай і ўмеранай ёднай недастатковасцю – колькасць ёду ў вадзе, глебе, паветры, прадуктах харчавання невысокая.
З пачатку 2000-ых у рэспубліцы праводзіцца актыўная работа па ліквідацыі дэфіцыту ёду з выкарыстаннем найбольш эфектыўнага метаду масавай прафілактыкі – выкарыстання ёдаванай солі. У нашай краіне наладжана вытворчасць яе і забяспечана яе даступнасць, што дазваляе насельніцтву атрымліваць дастатковую колькасць ёду і, адпаведна, папярэджваць яго дэфіцыт.
Марына МАРКОВІЧ, урач-эндакрынолаг Жабінкаўскай ЦРБ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%