У апошнія гады пачасціліся выпадкі, калі пад напружанне трапляюць дзеці школьнага і дашкольнага ўзростаў: яны залазяць у электраўстаноўкі і ловяць рыбу з прымяненнем тэлескапічных вудаў у месцах, дзе праходзяць паветраныя лініі электраперадачы, чым парушаюць правілы. Адсюль і няшчасныя выпадкі. Адбыліся яны і летась.
Вучань школы-інтэрната з Петрыкава Андрэй Марцінкевіч з групай падлеткаў знаходзіўся на беразе вадаёма, падняўся на металічную апору ВЛ-10 кВ для правядзення фотаздымкаў, наблізіўся на недапушчальную адлегласць да правадоў ВЛ і быў смяротна траўміраваны электрычным токам.
Гамяльчанін Юрый Чарыпахін пры лоўлі рыбы ў возеры, наблізіў вуглепластыкавую вуду на недапушчальную адлегласць да правадоў дзеючай ВЛ-110 кВ і быў смяротна пашкоджаны токам.
Ілля Бруцкі са Століна ра-зам з іншымі сябрукамі залез у РУ-10 кВ трансфарматарнай падстанцыі, наблізіўся да токаправодных частак і атрымаў удар электратокам. З рознымі апёкамі ўчасткаў цела быў дастаўлены ў бальніцу.
Пры лоўлі рыбы на вадаёме паблізу ВЛ-10 кВ у раёне н.п. Трасціно Хоцімскага раёна, што на Магілёўшчыне, Андрэй Кур’янаў наблізіў вуду на недапушчальную адлегласць да правадоў лініі электраперадачы 10 кВ і быў смяротна пашкоджаны электратокам.
Для папярэджання аб небяспецы электрычным токам і набліжэння да токаправодных частак, што знаходзяцца пад напружаннем, на аб’ектах энергетыкі прымяняецца знак бяспекі “Асцярожна! Электрычнае напружанне!” Гэта роўнабакова трохвугольнік жоўтага колеру з чорнай стралой у выглядзе маланкі ў цэнтры і чорнаю каймою па краях. Запамятайце, што не на ўсіх апорах і электраўстаноўках ёсць плакаты, але іх адсутнасць не азначае, што электраўстаноўкі знаходзяцца без напружання. Смяротна небяспечна не толькі датыкацца, але і падыходзіць бліжэй чым на 8 метраў да абарваных і ляжачых на зямлі правадоў лініі электраперадачы.
Катэгарычна забараняецца залазіць на апоры паветраных ліній электраперадачы на дахі вагонаў, дамоў і розных пабудоў, дзе блізка праходзяць электраправады, разбіваць лямпы, ізалятары, запускаць папяровага змея паблізу правадоў, гуляць пад імі, а таксама пранікаць у трансфарматарныя падстанцыі ці за агароджу электрычных падстанцый, трансфарматараў, адчыняць дзверцы размеркавальных шчытоў і іншых электрычных збудаванняў у пад’ездах, падвалах, на гарышчах, лавіць рыбу ў ахоўнай зоне ВЛ і паблізу ЛЭП.
Не падвяргайце небяспецы сваё жыццё і патрабуйце захавання мер асцярожнасці ўсімі, а таксама вывучайце правілы аказання першай дапамогі пацярпеламу ад электратоку. Ва ўсіх выпадках пашкоджання чалавека ім неабходна тэрмінова выклікаць урача.
Аляксандр ДЗЕМІДЗЮК, інспектар Жабінкаўскай раённай энергаінспекцыі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%