Да юбілею літаб’яднання

Імклівай “Плыні” бег

Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Уступ.
“Што? Дзе? Калі?”

IMG_5913Тое, што да гэтага пісалася пра вытокі раённага літаратурнага аб’днання “Плынь”, было, мякка кажучы, паўпраўдай.
У публікацыях, напрыклад, сцвярджалася, што “Плынь” як літаб’яднанне нарадзілася ў чэрвені 1967 года. Але ж, па праўдзе, да снежня 1970-га яно заставалася безыменным. Лічылася, што першым яго старшынёй быў Аляксандр Гогалеў. А ён жа меў двух папярэднікаў…
Усе гэтыя ды іншыя недакладнасці маглі трапіць і ў нашу публікацыю, калі б сын Анатоль не прапанаваў пагартаць яшчэ раз падшыўкі “Сельскай праўды”, каб пераканацца, дзе я памыляюся.
IMG_5925Узяў газеты за 1967 год – і адкрылася зусім іншая карціна. Яе не знойдзеш ні ў жабінкаўскай кнізе “Памяць”, ні ў журналісцкіх допісах.
Для таго, каб сцерці “белыя плямы”, давайце разам пагуляем у “Што? Дзе? Калі?”

І. Ля вытокаў

Студзень 1967 года. Адрадзіўся Жабінкаўскі раён. Абнаўляецца жыццё райцэнтра, навакольных вёсак. Пачала выходзіць газета “Сельская праўда”. У рэдакцыі працуюць маладыя, творчыя людзі.
Часта заходзіў да журналістаў настаўнік жабінкаўскай сярэдняй школы № 1 Аляксандр Гогалеў. Аляксандр Паўлавіч не толькі выкладаў гісторыю, але й пісаў вершы ды апавяданні. Добрыя творы атрымліваліся і ў Міколы Горбы, Сцяпана Крываля. Апошняму найбольш хацелася, каб у раёнцы з’явілася свая літстаронка. Аднойчы на чарговай лятучцы (а было гэта ў студзені) Крываль узняў гэтае пытанне. Рэдактар Барыс Брэўдо ўсміхнуўся і падтрымаў:
– Сцяпане, сапраўды не толькі працай на зямлі жыве чалавек. Трэба даць яму нешта і для душы. Але ці хопіць у вас аўтараў, каб пастаянна выпускаць літаратурную старонку?
– Будзе. Абавязкова будзе, Барыс Абрамавіч! – запэўніў Крываль. – Днямі прынёс цікавае апавяданне Іван Баркоў. Нашы амаль усе нешта пішуць для сябе, дый школы, калі даведаюцца, што ёсць такая старонка, памогуць…
– Ну, дык з Богам! – блаславіў рэдактар, і 4 лютага 1967 года ў “Сельскай праўдзе” з’явілася першая “Літаратурная старонка”. Яна мела падзагаловак: “Творы маладых аўтараў”.
Першая старонка сабрала нямнога імёнаў: тры вершы самога Сцяпана Крываля, адзін – Івана Міцковіча ды апавяданне Івана Баркова “Сваяк”. Неўзабаве на паласе паявяцца творы журналістаў Міколы Горбы, Віталя Канавалюка, Ніны Чыкіта, Святаслава Кажадуба і Людмілы Разорынай. Яны і складуць касцяк будучага літаб’яднання.
Адчувалася: патрэба ў яго стварэнні наспела, і ў газеце з’явілася аб’ява, што 3 чэрвеня 1967-га запрашаюцца ўсе, хто спрабуе свае сілы ў літаратуры, на арганізацыйнае пасяджэнне, бо пры рэдакцыі раёнкі ствараецца літаратурнае аб’яднанне. У яго ўвайшлі не толькі работнікі рэдакцыі, але й педагогі Аляксандр Гогалеў і Яўгенія Качко, вучні Аляксандра Табачка і Мікалай Юрчук, першым старшынёй абралі Сцяпана Крываля. Шэсцьдзясят сёмы быў самы “ўраджайны” літаратурны год: у ім выйшла 9 літаратурных старонак (сёння, як правіла, 6 штогод).
Праз некалькі месяцаў Сцяпан Крываль пайшоў працаваць у раённую газету “Сельскае жыццё”, перабраўся жыць у Маларыту. Старшынёй літаб’яднання абралі Міколу Горбу. Менавіта на яго долю выпала найбольшая работа з маладымі аўтарамі, і ў першую чаргу са школьнікамі. Мікола Мікалаевіч адказваў на лісты паэтаў-пачаткоўцаў, адбіраў творы для літстаронкі.
Іван Арабейка, можа, не здагадваецца, якая ягоная роля ў з’яўленні жабінкаўскай “Плыні”. Напрыканцы 1970 года ён прынёс свае вершы ў рэдакцыю. Пры знаёмстве з імі Горба адчуў, што сутыкнуўся з сапраўднай паэзіяй – перад ім зусім не пачатковец. Сапраўды, Арабейкавы творы друкавалі ўжо “Чырвоная змена”, “ЛіМ”, “Маладосць”, а ў выдавецтве ляжала першая кніга паэта.
Горбе захацелася памяняць літстаронку, надаць ёй імя, каб чытач не адносіў такіх, як Арабейка, да маладых пачаткоўцаў. Калі Мікола падзяліўся сваімі разважаннямі з калегамі, нехта весела працытаваў:
– Трэба, каб паэзія бурліла, як рака!..
– Цячэнне?.. – у роздуме прамовіў тады Горба. – Плынь. Памятаеце, у Шамякіна ёсць раман “Глыбокая плынь”?
– Дык і наша аб’яднанне няхай завецца “Глыбокая плынь”!
– Не, да глыбіні нам яшчэ далёка, – разважыў Гогалеў. – Няхай будзе проста “Плынь”, а як даб’ёмся глыбіні ў сваіх творах, можна будзе перайменаваць…
На тым і пагадзіліся. Неўзабаве прапанавалі настаўніку першай гарадской школы Міхаілу Карнееву намаляваць застаўку паласы. Калі Міхаіл Паўлавіч паказаў сваю работу, усе былі ў захапленні. Так, на многія гады, аж да пераходу на камп’ютарную вёрстку, Карнеева застаўка ўпрыгожвала літстаронку ў нашай газеце.
У 1971 годзе, як Мікола Горба пайшоў працаваць у Брэст намеснікам рэдактара газеты “Заря над Бугом”, старшынёй літаб’яднання “Плынь” выбралі Аляксандра Гогалева, а сакратаром – маладога празаіка Івана Тарасюка.

ІІ. “Сямідзясятнікі”

У 70-ыя гады ажно чатыры літаратары прыйшлі працаваць у жабінкаўскую раёнку. Не, не ўсе ра-зам, а кожны выбіраў сваю дарогу сам. Першым стаў журналістам Анатоль Гатоўчыц, праз два гады – я, у 1976-м – Алесь Каско і, нарэшце, у семдзясят дзявятым – Васіль Сахарчук. Усе мы мелі самае прамое дачыненне да выпуску “Плыні”.
У 1971 годзе Барыс Брэўдо запрасіў на пасаду загадчыка аддзела пісьмаў маладога журналіста Анатоля Гатоўчыца. Яму было даручана выпускаць літстаронку “Плынь”. Семдзясят чацвёрты прынёс значныя перамены ў калектыў газеты. Пакінуў рэдактарскае крэсла Брэўдо, Віталь Канавалюк узначаліў рэдакцыю, намеснікам яго стаў Гатоўчыц. Месца загадчыка аддзела пісьмаў дасталося мне.
У мае абавязкі ўваходзіў і выпуск літстаронкі. Гатоўчыц, “здаючы плынеўскую вахту”, казаў:
– Калі мне перадавалі папку з творамі маладых, папярэджвалі: твая асноўная задача асвятляць пытанні аддзела пісьмаў, не адмахвацца ад жыццёвых праблем, а літаратурную старонку выпускай па меры назапашвання вершаў. А іх, дастойных, па сутнасці, і няма…
І ён меў рацыю. Пустая папка падказвала: неабходна часцей выступаць перад чытачамі, найперш у школах. Пасля сустрэч з моладдзю ў першай гарадской настаўнікі паказалі паэтычныя спробы вучаніц Зубачовай і Мендзяльчук. Дзяўчынак звалі Людміламі. Мы запрасілі іх у рэдакцыю, сфатаграфавалі, надрукавалі ў “Плыні”.
Прыносіў свае фотаздымкі і вершы Аляксей Ганчук, а пасля і працаваў у газеце. Шукалі і знаходзілі аматараў прыгожага пісьменства, але іх было яшчэ мала. Праз два гады я перадаў тую ж папку маладому паэту Алесю Каско, які пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута прыйшоў на працу ў газету.
З сярэдзіны 70-х “Плынь” стала выходзіць больш-менш рэгулярна. Літаб’яднанне заўважылі і запрашалі на абласное і рэспубліканскае тэлебачанне. Хораша аб “плынеўцах” напісала газета “Чырвоная змена”, з намі выйшаў у свет буклет “Літаратурная Брэстчына”.
6 снежня 1980 года ў Жабінку прыязджала камісія па рабоце з маладымі аўтарамі Саюза пісьменнікаў БССР на чале з лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янкам Сіпаковым. Масцітыя творцы абмеркавалі творы мясцовых паэтаў і станоўча ацанілі работу літаб’яднання.

ІІІ. Збіранне творчых сіл

За паўстагоддзя ў “Плыні” з’явіліся творы звыш двухсот аўтараў. З тых, хто друкаваўся ў Жабінцы, пайшлі ў вялікую літаратуру, сталі сябрамі розных Саюзаў пісьменнікаў Іван Арабейка і Алесь Каско, Сцяпан Крываль і Васіль Сахарчук, Расціслаў Бензярук і Алена Жабінкаўская, Анатоль Бензярук і Надзея Парчук.
Але вернемся ў 1980-ыя гады. Калі Алесь Каско перайшоў працаваць на абласное тэлебачанне, літаб’яднанне ўзначаліў паэт Васіль Сахарчук. Збіранне і гуртаванне творчых сіл вакол “Сельскай праўды” працягвалася. У “Плыні” друкуюцца Ніна Андраюк і Аляксей Ганчук, Тамара Плечка і Васіль Давідчык, Леанід Глушко і Мікалай Міцковіч, Андрэй Божуль і Светламіра Васілюк, Ірына Поўх і Настасся Бяганская…
Але найбольшым адкрыццём газеты сталі вершы сціплага паэта з Федзькавічаў Васіля Гадулькі. Значна пазней, пасля смерці ўжо, у Мінску была выдадзена кніга яго паэзіі “Голас”, а ў Беластоку – “Па-над сцежкаю лёсу”. Маюць свае кнігі і іншыя “плынеўцы”.
У студзені 2003 года, пасля смерці Васіля Сахарчука, мне зноў давялося ўзначальваць літаб’яднанне. У паэтычныя шэрагі ўліліся Ніна Енбулаева, Васіль Грынько, Канстанцін Ткачэнка, Барыс Ільін, Вячаслаў Фядотаў. Дасылала творы з вёскі Вычулкі Надзея Парчук. Пасля таго, як я пайшоў на пенсію, старонку “Плынь” выпускае Алесь Каско, хоць і на заслужаным адпачынку.

Заканчэнне.
Лірычны поўдзень

Сёння, мабыць, нялёгка палічыць усе літаратурныя старонкі, што друкаваліся ў “Сельскай праўдзе”. “Плынь” – адзіная са старонак, што “пражыла” ў газеце паўвеку. Згадваючы літаратурны працэс у раёне за 10, 20, 50 гадоў, мы абавязкова думаем: а што будзе заўтра?
Час ідзе шпарка. Жыццё прыносіць не толькі рабочыя будні, але й памятныя святы: летам 2007 года сябрына паэтаў адзначыла 40-годдзе літаб’яднання.
Вось ужо і пяцьдзесят. Мы былі і застаемся далёкімі ад думкі, што ўсе, хто некалі прынёс свае творы ў “Сельскую праўду”, абавязкова ў перспектыве стануць пісьменнікамі, выдадуць кнігі. Пісьменнікамі становяцца адзінкі. Верыцца, аднак, што яны ўсё жыццё будуць любіць літаратуру, добрыя творы, не забудуць і роднае слова.
Сталі пісьменнікамі-прафесіяналамі толькі восем актыўных “плынеўцаў”. У 2014-м віталі дзявятага з нашага раёна – Анатоля Брытуна (нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Баранцы), зямляк уганараваны абласной прэміяй.
Дарэчы, калі гаварыць аб прэстыжнай на Брэстчыне літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, дык Жабінкаўскі раён адзіны, які мае пяць (!) лаўрэатаў.
Літаратурны працэс вельмі жывы “арганізм”: нехта пераязджае на новае месца жыхарства, аддаляецца ад газеты – прыходзяць новыя. Пасля 2010 года у літстаронцы сталі з’яўляцца творы Наталлі Валошкі ды Насці Сідорка. Апошняя выдала свой першы зборнік “Пялёсткі”.
50 гадоў – сярэдзіна, поўдзень веку. Для “Плыні” – гэта лірычны поўдзень, бо любая раёнка імкнецца падтрымаць пачаткоўцаў, дапамагчы раскрыцца іх таленту, падказаць дарогу ў літаратуру. Таму верыцца, што і далей “Сельская праўда” будзе даносіць свежыя весткі з мясцовага жыцця, а для літстаронак знойдуцца цікавыя і таленавітыя аўтары.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*