Усё пачалося са звычайнай размовы з маёй знаёмай, якая пра Святлану Галавейка выказалася менавіта так: “Гэта акурат гераіня для публікацыі ў вашу старонку “Дом. Сад. Агарод”. Рознабаковы чалавек. Чым толькі яна не займаецца?! І ўсё даводзіць да ладу. Як у яе і часу хапае на ўсе задумкі? Дый муж яе, Васіль, таксама майстар на ўсе рукі, як кажуць, “рукасты”.
Словам, была нагода пазнаёміцца з гэтай сям’ёй. І, забягаючы наперад, магу шчыра прызнацца, што ніколькі не шкадую.
Святлана Віктараўна і Васіль Уладзіміравіч Галавейкі працуюць на камбікормавым заводзе, а ў вольны час з задавальненнем знаходзяць сабе справу, якая ім даспадобы. Адразу бачна, што, самае галоўнае для іх – стварыць утульнасць і прыгажосць ля дома (жывуць яны ў Жабінцы ў завулку Кааператыўным). Плошча ўчастка невялікая, але знаходзіцца тут месца і градкам з агароднінай, і пладовым дрэвам, і раслінам, многія з якіх дэкаратыўныя. Залюбуешся елачкай, пушыстай, роўненькай, нібыта мастак намаляваў, кізільнікам, які раскідаў свае чырвоныя ягадкі як пацеркі, туямі, ядлоўцам, ніцай бярозай і вярбой, самшытам, лістоўніцай… Цяжка нават пералічыць усё. А растуць яны не самі сабой, а набываюць такую форму, якую вызначае іх гаспадыня Святлана Галавейка. Вось штамбавая туя (шарыкам), побач ядловец паўзучы, а гэта капрызуля вярба “пырскі шампанскага”, ніяк не хоча прыжывацца. У планах жанчыны яшчэ пасадзіць казіную вярбу і сфарміраваць яе парасонам. “Уяўляеце, – кажа, – як зацвіце, будзе гэтая прыгажосць уся ў коціках!”
Адзін год прахожыя не разумелі, а знаёмыя пыталіся, навошта гаспадары прывязалі шнурамі галіны яблыні да зямлі (іх было з дзясятак). Святлана тлумачыла, што дрэва так расцягваецца ўшыркі, крона яго набывае правільную форму, а гэта немалаважна пры плоданашэнні. Падобную інфармацыю чэрпае яна з рэкамендацый расійскага вучонага-агранома Мікалая Курдзюмава, папулярызатара ведаў у земляробстве, эксперта садаводства, цікавіцца навінкамі вопытных практыкаў у гэтай галіне. Некаторыя бярэ на ўзбраенне. Напрыклад, даўно ўпадабала такі аграпрыём, як мульчыраванне (укрыццё паверхні зямлі вакол раслін любымі матэрыяламі, якія рэгулююць водны і паветраны рэжымы ў верхніх пластах глебы). Як заўважае Святлана Галавейка, гэта і падтрыманне здароўя раслін, і ахова ад пустазелля. Яна, напрыклад, выкарыстоўвае апілкі, кару дрэў, друз, скошаную траву. Паспрабавалі Галавейкі вясной укрыць дзёран чорным спанбондам, які добра прапускае ваду і паветра. Спрацавала! Да наступнай ён увесь перапрэў, не патрэбна было вытрасаць карані, зямля атрымалася мяккай. На навізне пасадзілі бульбу.
Святлана Віктараўна – натура рамантычная. Упэўнена, што калі станеш босы на месца пасадкі расліны, перадасі сваю энергетыку, то гэта будзе садзейнічаць яе росту.
– А яшчэ я са сваімі саджанцамі-гадаванцамі размаўляю, – дзеліцца мая суразмоўніца. – Яны ж, як і мы, людзі, жывыя. Толькі маўчаць, а ўсё разумеюць па-свойму. Хочаце – верце, а хочаце – не. Раскажу адну гісторыю. Была ў нас сліва. Гадоў дзесяць не пладаносіла. “Глядзі, – кажу ёй, – спілуем. Дай хоць пакаштаваць, якія сліўкі ў цябе”. І што вы думаеце? На наступны год зацвіла, цудоўныя, смачныя ружовыя плады прынесла. Стаіць у квецені, а я ёй: “Малодка ты мая, не налюбуюся тваёй прыгажосцю”.
Умее Святлана Віктараўна цярпліва чакаць. І гэтаму яшчэ прыклад. 15 гадоў расла ў яе лілея Вуду, якая жыве ў тропіках і субтропіках, рэдкі экспанат у калекцыі кветкаводаў праз непрыемны пах. І зацвіла якраз на дзень нараджэння Святланы, выпусціла адзінае суквецце. Праўда, наступнай спробы так і не здарылася. Напэўна, напрошваецца расліна на сур’ёзную размову з боку гаспадыні.
…Яшчэ і яшчэ раз акідваю вокам дагледжаны двор Галавейкаў, любуюся дрэўцамі, маленькім стаўком, у якім плаваюць павольна дзве рыбкі. Любата! А гаспадары мне: “Ды што вы, вось у Зеленкаўшчызне ў нас сапраўды хараство! Паехалі. Запрашаем”.
У гэтай невялічкай вёсачцы жыве бацька Святланы – Віктар Арсенцьевіч. І, дзякуючы старанням дачкі і зяця яго дом набыў новае сучаснае аблічча: абкладзены блок-хаусам, праведзены вада і ацяпленне, нават падлога цёплая… Жывая агароджа з біручыны надае падворку своеасаблівасць і непаўторнасць. А што датычыцца ўчастка, дык тут сапраўдны батанічны сад. Напэўна, больш чым паўсотня дэкаратыўных насаджэнняў. Некаторых па некалькі відаў. Так, барбарыс зялёны, бардовы і жоўты. А гэта кедр, які прывезла парасткам з далёкіх Саян мама Ірыны Балтрамяюк, суседкі Галавейкаў. А другая Ірына – Ботвіч – падзялілася дзікім вінаградам, які хутка зялёным шарыкам “успыхне” ў двары.
У сваю чаргу Святлана Віктараўна таксама гатовая размножыць для іншых сваю “экзотыку”. У яе маленькім гадавальніку біручына для сяброўкі і самшыт для пляменніцы.
Хто праязджае міма апошняга дома ў Зеленкаўшчызне, абавязкова зверне ўвагу не толькі на насаджэнні, але й на веснічкі, у якія па-мастацку “ўпісаны” шматлікія рознакаляровыя коркі ад пластыкавых бутэлек, на калодзеж з пеўнем, выкананы ў тым жа стылі. Дзе вы яшчэ такое ўбачыце?
…Расказ пра сям’ю Галавейкаў быў бы няпоўным, калі абмінуць іх іншыя хобі. Святлана Віктараўна паказвае вырабы з бісеру, маленькія падушкі з абрэзкаў велюру і пражы. А якое цудоўнае пакрывала сшыла яна на сваёй незаменнай “Чайцы” з яркіх абрэзкаў тканіны!
“Дызайнер”, – з гонарам гаворыць Васіль Уладзіміравіч, ухваляючы жончыны старанні. Як лічыць Святлана Галавейка, у доме абавязкова павінны быць вышыванкі, падабаецца ёй рабіць іх крыжыкам (канечне, зімой). У лютым сёлета распачала карціну “Бенгальскія тыгры” памерам 2 х 1 м. А перад ёю свет убачылі “Сустрэча ў лесе” і “Танец журавоў”. У багетнай майстэрні іх прафесійна аформілі, хоць на выставу. “Цяпер, праўда, вышываць па схемах значна прасцей, – разважае Святлана Віктараўна, не тое што нашым мамам. А яны былі майстрыхі яшчэ тыя…” – І жанчына паказвае шторкі на дзверы, вышытыя гладдзю яе мамай, Зояй Іванаўнай, якія цяпер упрыгожваюць інтэр’ер кватэры.
…Неяк убаку застаўся гаспадар, расповед атрымаўся больш пра гаспадыню. Але ён ідэйны натхняльнік, што згадзіцеся, зусім немалаважна. Ва ўсім жонцы падтрымка і апора. Калі сезонныя работы на падворку заканчваюцца, ёсць магчымасць і яму свае здольнасці праявіць. Пафантазіраваць, напрыклад, над скрыначкамі для драўляных лыжак і лапатак (колькі цярпення і ўмення трэба прыкласці, каб з невялікіх круглякоў адточаных бярозавых галінак змайстраваць такую прыгажосць!), а можна чарговы кошык сплесці. У гаспадарцы ўсё спатрэбіцца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%