Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Праехаць міма сядзібы Галавачукоў у Старым Сяле проста немагчыма. Сярод квітнеючых маладзенькіх яблынь прыгожым шатром раскінуліся арэлі, а побач у чаканні спадарожнага ветру прымасціўся карабель з узнятымі ветразямі. А як арыгінальна аформлена каванымі ружамі звычайная паштовая скрынка на плоце!
Усе гэтыя вырабы зроблены рукамі двух братоў Галавачукоў – Андрэя і Віталя. Першы мае спецыяльнасць механіка, другі – трактарыста. У вёсцы іх негалосна ахрысцілі кавалямі. Хлопцы-самавукі любяць тварыць у гаражы зімой, калі свабодныя ад клопатаў у агародзе. Для рэалізацыі ідэй у іх распараджэнні зварачны апарат, кавадла, горн і балгарка.
– Неяк у інтэрнэце пабачыў мангал у выглядзе карабля з ветразямі, – расказвае Андрэй. – Падумалася: а мы што, лыкам шытыя? Паказаў брату, і загарэліся зрабіць падобны.
Ніякіх чарцяжоў, схем не мелі, аднак мелі вялікае жаданне тварыць. І пачалося другое жыццё металалому: ветразі хлопцы выразалі з капота нікому не патрэбнага “Масквіча”, на борт пайшло дно аўтамабіля, прыдаўся і звычайны ланцуг ад веласіпеда. Праз тыдзень карабель-мангал прайшоў “іспыты”: шашлыкі ўдаліся надзвычай смачнымі!
Потым браты ўзяліся за выраб утульных і вялікіх садовых арэляў. Набылі 70 метраў профілю на нясучыя канструкцыі, полікарбанат – на дах, абгаблявалі дошкі. Прадумалі, каб драўлянае сядзенне раскладвалася, балгаркай выпілілі на падлакотніках і спінцы мудра-гелістыя ўзоры, потым пакрылі марылкай і лакам. Гатовы выраб радуе вока і вельмі-вельмі зручны! Дарагавата атрымалася, аднак такой садовай гушкалкі ні ў якім магазіне не купіш!
Жонка Андрэя – Таццяна – папрасіла мужа-ўмельца зрабіць вешалку-стойку для вопраткі. І тут зноў дапамог інтэрнэт. Праўда, хлопец удасканаліў канструкцыю: дадаў яшчэ адно рабро жорсткасці і ўпрыгожыў каванымі ружамі.
Цяпер шматлікім сябрам і знаёмым гасцінных Галавачукоў ёсць дзе распрануцца і на што падзівіцца.
Андрэй прызнаўся, што марыць выкаваць плот, змайстраваць альтанку, гамак на трох ножках, лазню і многае іншае. “Мне хочацца выразаць з дрэва. Гэта, відаць, перадалося ад дзеда Міхаіла Лукіча, вядомага ў свой час на ўсю вёску цесляра”. Дый з жалезам корпацца Андрэю падабаецца. Кавальскіх навыкаў крыху бракуе – трэба не толькі ведаць, які матэрыял кладзеш на кавадла, якога ён сплаву і г. д., але і адчуваць метал душой. Здаецца, жалеза ажывае, калі распальваецца. І вельмі прыемна бачыць канчатковы вынік сваёй справы”.
На здымку: каваль-самавук Андрэй Галавачук.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%