Карэктарскае пяро

IMG_1299

Канечне, не толькі тыя, хто піша ў газету артыкулы, замалёўкі ці карэспандэнцыі, абмакваюць сваё “вострае” пяро ў чарніла, але й тыя, хто крэсліць і правіць. Апошняе дадзена перш-наперш рэдактару, адказнаму сакратару ды карэктару. Калі ў публікацыю ўваб’ецца фактычная памылка, дык вінавацяць журналіста, а як арфаграфічная і пунктуацыйная – дык карэктара.
Сённяшняя мая суразмоўніца – былы карэктар Ларыса Фёдараўна Мацвяюк. Ведаю яе даўно, нават дзясятак гадоў ра-зам працавалі ў рэдакцыі раённай газеты “Сельская праўда”.
Яна, мусіць, знарок апусціла дзіцячую пару, а пачала расказваць з 1967 года, калі скончыла сярэднюю школу ў Жабінцы і выбірала жыццёвую дарогу. Хаця зусім не ўспомніць школьныя гады Ларыса Фёдараўна не магла. Бацька яе – Фёдар Паўлавіч Гараднічук – вярнуўся з вайны інвалідам, а ў сорак два гады яго зусім не стала, так што шасцікласніца Ларыса з сястрой Галяй засталіся на маміных руках.
У шэсцьдзясят сёмым Галя ўжо вучылася на медыцынскага работніка, і меншая разумела, што даць адукацыю дзвюм дочкам маці не па сіле. Ларыса падае дакументы на завочнае аддзяленне Магілёўскага фармацэўтычнага вучылішча. А жадаючых мець спецыяльнасць фармацэўта было столькі, як, можа, не ў кожную ВНУ, і дзяўчына не паступіла. А маці – зноў за сваё:
– Хто на цябе без адукацыі гляне? Спрабуй паступіць хоць куды-небудзь!
І Ларыса падалася ў Брэст на завочныя двухгадовыя медыцынскія курсы, каб стаць медсястрой. Пасля будуць тэхнікум і нават педінстытут. Але гэта значна пазней, а пакуль неабходна было ўладкавацца на працу. Вось тады і адбылася сустрэча з Барысам Абрамавічам Брэўдо. Ён адразу спадабаўся Ларысе, калі разважліва-ціха сказаў:
– Ёсць месца сакратара-машыністкі. Умееш друкаваць?
– Крыху, – прызналася дзяўчына.
– Навучышся…
Але нядоўга Ларысе выпала стукаць па клавішах машынкі. Захварэла карэктар, і Барыс Абрамавіч папрасіў падмяніць яе. Неўзабаве карэктар зусім пакінула рэдакцыю. Брэўдо прынёс таўшчэзны том руска-беларускага і аб’явіў:
– З сённяшняга дня гэта твая настольная кніга. Чытай і выпраўляй памылкі!
Ларыса разам з калектывам адчула ўсю “прывабнасць” першага года працы, калі газета набіралася ўручную. Літаральна кожны нумар выпускаўся далёка за поўнач. Звычайна рэдактар адпускаў дзяжурнага па нумары журналіста, а сам з карэктарам даводзіў газету да ладу. Калі ж нумар быў падпісаны ў друк, адпускаў і Ларысу дамоў. Сам жа драмаў да раніцы… на старых падшыўках! Каб на досвітку зноў узяцца за працу…
Друкарня нарэшце набыла лінатып, і работа паскорылася. Адпала патрэба начаваць на падшыўках, дый многія супрацоўнікі, у тым ліку і рэдактар, атрымалі кватэры. Неяк прыйшла Ларыса на працу, а калегі паказваюць: адзін абзац у матэрыяле перавернуты – як прачытаеш? Цяпер без ушчуванняў і вымовы не абыдзецца!
Зразумела, з якім настроем пераступала Ларыса рэдактарскі кабінет. Не паспеў Брэўдо сказаць што-небудзь, а слёзы з вачэй у яе кап-кап і пакаціліся. Убачыў чуллівы Барыс Абрамавіч Ларысіны слёзы і пачаў супакойваць:
– Не плач: гэта не самае страшнае! Горш будзе, як тваё жыццё акажацца перавернутым. А матэрыял, хто захоча, прачытае.
– Як ён прачытае, калі радкі дагары нагамі?! – праз слёзы вымавіла карэктар.
– Газету пераверне, – усміхнуўся рэдактар.
Калі Ларыса пакідала кабінет, слёзы яшчэ не высахлі зусім. Яе ўжо чакалі:
– Што, сварыў Барыс Абрамавіч?
Каб не расказваць, што Брэўдо, наадварот, супакойваў, адказала:
– Трошкі…
Праца карэктарам вымушала шмат капацца ў слоўніках, дасканала вывучаць беларускую мову. Яна бачыла, як нараджаўся кожны нумар “Сельскай праўды”, ёй выпала першай чытаць палосы, што пахлі друкарскай фарбай. Аднойчы перад Восьмым сакавіка прапанавалі паэту Васілю Сахарчуку, які працаваў у газеце, вершаванымі радкамі павіншаваць жанчын рэдакцыі. Знайшліся яны і для карэктара:
Лора правай правіць коску,
Левай – модную прычоску.
Была ўжо свая сям’я, падрасталі дзеці, як у Ларысы Фёдараўны з’явілася жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, але рашучасці не хапала для таго, каб паступіць у інстытут, а тут прыехаў у Жабінку выступаць пісьменнік і выкладчык Брэсцкага педінстытута Уладзімір Калеснік.
Калі Ларыса Фёдараўна падышла, каб узяць аўтограф, Уладзімір Андрэевіч звярнуў на яе ўвагу. Распытаў, дзе працуе, а пасля заявіў:
– Чаму такая вабная жанчына не мае вышэйшай адукацыі?! Паспрабуй у наш педінстытут!
Ларыса Мацвяюк перагаварыла з работніцай друкарні Зояй Ярмашук, з якой і раней думалі пра паступленне, і жанчыны падалі дакументы на беларускае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна.
Пасля, як у нялёгкія 90-ыя гады ў рэдакцыях пайшло скарачэнне штатаў, пад яго трапіла і пасада карэктара. З той пары Ларыса Фёдараўна вяла ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў трэцяй гарадской адзінаццацігодцы, дзе жанчыну застала і пенсія.
У працоўнай кніжцы Ларысы Мацвяюк толькі два адрасы: рэдакцыя газеты “Сельская праўда” і сярэдняя школа № 3 г. Жабінка. Ларыса Фёдараўна па-ранейшаму ахвотна чытае раёнку, кнігі, любіць вырошчваць пакаёвыя кветкі, якія цвітуць у гарадской кватэры Мацвеюкоў літаральна на працягу ўсяго года.
Расціслаў БЕНЗЯРУК, няштатны карэспандэнт “Сельскай праўды”.
На здымку: Ларыса Фёдараўна Мацвяюк на юбілеі “Сельскай праўды” ў 2014 годзе.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

One Comment

  1. Уважаемые Ларыса МАЦВЯЮК и Расціслаў БЕНЗЯРУК,

    Не сохранились ли у Вас фотографии членов редакции вместе с моим отцом, Борисом Бревдо? Если сохранились, то буду очень признателен, если пришлёте.

    С уважением,

    Леонид Бревдо

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.