Журналісты раёнкі заўсёды рады сваім чытачам – прыхільнікам “Сельскай праўды”. Нярэдка з іх вуснаў гучыць у адрас перыядычнага выдання, вядомага кожнаму жабінкаўцу: “Гэта самая галоўная газета!” Напярэдадні прафесійнага свята апыталі некаторых сяброў раёнкі. Вось іх адказы-віншаванні нашай рэдакцыі.
Вячаслаў Ігнацюк, настаўнік гісторыі спецшколы-інтэрната:
– Змалку, колькі памятаю сябе, у нашым доме быў культ раённай газеты. Мае бацькі былі спецыялістамі сельскай гаспадаркі і не ўяўлялі сваёй працы і жыцця без знаёмства з газетнымі публікацыямі. І самі пісалі ў “Сельскую праўду”.
Я таксама вучыўся браць весткі з раённай газеты, а сёння, калі працую настаўнікам гісторыі, – гэта галоўная крыніца пазнання свайго раёна. Скажам, на занятках гуртка мы імкнемся пазнаёміцца з тымі, чыімі імёнамі названы вуліцы горада. Дзе можна знайсці самую поўную інфармацыю? Менавіта ў “Сельскай праўдзе”.
Збіраю матэрыялы не толькі я, але й актыўныя гурткоўцы: Юрый Конышаў, Яўген Гараднічук, Карына Ганчарук, Андрэй Цітавец і іншыя. А Фёдар Галавач вершы піша. Дзе ж друкавацца? Канечне ж, у “Сельскай праўдзе”, як друкаваліся раней Сяргей Грыцук, Андрэй Божуль ды Алена Богдан. Дарэчы, Андрэй мае ўжо сваю кнігу паэзіі.
Такім чынам, для нашых жыхароў “Сельская праўда” – гэта самая галоўная газета, адкуль яны чэрпаюць веды і пра раён, і нават рэспубліку.
Валянціна Славуціч, супрацоўніца райбібліятэкі:
– Звычайна пачынаю чытанне перыёдыкі з раёнкі. Які багаты пажытак для нашай працы даюць літаратурныя старонкі “Плынь”! А нарысы пра лепшых людзей? А інфармацыя аб рабоце прадпрыемстваў або сельскагаспадарчых кааператываў? А публікацыі па гісторыі горада і раёна?..
І не толькі бібліятэчныя работнікі чытаюць “Сельскую праўду”, а часта разам з іншымі перыядычнымі выданнямі яе просяць Марта Генералава, Вячаслаў Кішкевіч, Ніна Караткевіч, студэнты-завочнікі.
Сёння хочацца павіншаваць усіх, хто мае прамое дачыненне да выдання “Сельскай праўды”, з Днём друку і пажадаць здароўя, шчасця, поспехаў і новых цікавых публікацый.
Аліна Мідушэўская, вядучы спецыяліст Бел-дзяржстраху:
– Хаця я нарадзілася ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёна, а зараз жыву і працую ў Брэсце, але Жабінкаўшчыну лічу сваёй, бо тут на хутары Стаўпы ў 1896 годзе з’явіўся на свет мой дзядуля, паэт Уладзімір Кітаеўскі. Пісаў ён на рускай і ўкраінскай мовах, друкаваўся ў львоўскім часопісе “Вікна”.
Пасля смерці бабулі Юліі і мамы да мяне перайшло тое, чым даражылі яны: рукапісы дзядулевых вершаў і сямейныя рэчы. Я не ведала, што мне з імі рабіць. Неяк прыехала ў Жабінку ў раённую бібліятэку. Работнікі яе прапанавалі сустрэцца з пісьменнікам і журналістам Расціславам Бензеруком, іншымі карэспандэнтамі “Сельскай праўды”: яны павінны падказаць, як мне паступіць у гэтым выпадку.
Яны, і праўда, пераконвалі мяне сабраць усе творы Уладзіміра Кітаеўскага і выдаць асобнай кнігай, бо рукапісы, як і ўсе рэчы, могуць згарэць ці сатлець ад часу – словам, згінуць. Пасля таго спаткання раённая газета “Сельская праўда” надрукавала нарыс “Напісанае застаецца”, дзе зноў быў мне наказ выдаваць дзедаву спадчыну.
Аднак прайшло ажно пяць гадоў, перш чым у ААТ “Брэсцкая друкарня” быў надрукаваны зборнік вершаў “Стаўпы” Уладзіміра Кітаеўскага. Хочацца падзякаваць усім, хто паспрыяў з’яўленню дарагой для нашага роду кнігі. Тут варта таксама назваць імя берасцейскага мастака і пісьменніка Лявона Валасюка, а ўсіх супрацоўнікаў “Сельскай праўды” павіншаваць з Днём друку.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%