Верны сябар дзяцей

Вяселка

Сёння беларускамоўны дзіцячы часопіс “Вясёлка” святкуе 60-годдзе.
Спытайце ў дарослых, хто адмераў у жыцці багата гадоў, што для іх было самым галоўным. Большасць людзей прызнаюцца: найвялікшае багацце – верныя, надзейныя сябры. Праз вякі народ перадае сваю мудрасць: “Чалавек без друга, што яда без солі”, “Лепш сто сяброў, чым сто рублёў”, “Скажы, хто твой таварыш, я скажу, хто ты”.
Вельмі добра, што ў беларускіх дзяцей ёсць надзейны, мудры сябар. Імя яму – “Вясёлка”. У назве часопіса – сем літар, а ў нябеснай вясёлкі – сем колераў.
Прыемна, што “Вясёлку” ахвотна чытаюць ужо некалькі пакаленняў беларусаў. Той, хто трымаў у руках самыя першыя нумары нашага дзіцячага выдання, цяпер ужо мае статус дзядулі ды бабулі. Чытае часопіс са сваімі ўнукамі, а то і праўнукамі. І як бы не мяняўся час, “Вясёлка” застаецца запатрабаванай. Чаму? Ды таму, што нязменна трымаецца сваіх трох вяршынь творчасці: вучыць дзяцей любіць сваю Айчыну, далучае чытачоў да роднай мовы і культуры, тактоўна падказвае, як трэба шанаваць людзей, якія вядуць іх за ручку ў вялікае жыццё.
З “Вясёлкай” сябруюць не толькі юныя чытачы, а і найлепшыя пісьменнікі, мастакі, кампазітары.
Не бяруся пералічваць усіх аўтараў “Вясёлкі”. Толькі скажу, што кожны год мы друкуем 70-80 твораў і старэйшых, і маладзейшых пісьменнікаў, а то і зусім пачаткоўцаў, якія трапляюць пад рубрыку “Упершыню ў “Вясёлцы”. Для рэдакцыі нязменным застаецца адзіны прынцып у падборы твораў для дзяцей: яны павінны быць арыгінальныя, цікавыя і карысныя нашым чытачам.
Штогод “Вясёлка” абнародвае да ста твораў сваіх юных аўтараў. Іх вершы, казкі, нататкі, смяшынкі, малюнкі – яркае пацвярджэнне таго, што следам за сталымі творцамі, уздымаецца таленавітая змена. Лепшыя з іх адзначаюцца прэміяй галоўнага рэдактара. А дарослыя пісьменнікі ды мастакі традыцыйна ўшаноўваюцца медалём Васіля Віткі, заснавальніка часопіса.
З “Вясёлкай” супрацоўнічаюць вядомыя і маладыя мастакі. Яны ствараюць “вопратку”, адзенне, стылёвыя мадэлі да літаратурных твораў.
Самай знакавай падзеяй у нашым жыцці за апошнія пяць гадоў стала выданне новага часопіса для дашкольнікаў “Буся”. Яго мы выпускаем творчымі і фінансавымі намаганнямі самой “Вясёлкі”. Спадзяемся, што наш “Буся” стане запатрабаваным для ўсіх дзедсадаўцаў Беларусі, якіх у нашай краіне паўмільёна.
У юбілейнай “Вясёлцы”, якую падрыхтавала выдавецтва “Мастацкая літаратура”, змешчаны і аўтары, і іх творы, якія цешылі нашых чытачоў апошнія пяць гадоў. Гэта яшчэ адзін знак таго, што “Вясёлка” стварала і прадаўжае ствараць літаратуру для нашых спадчыннікаў. Нязменным застаецца жаданне вясёлкаўцаў, каб паштальён прыносіў “Вясёлку” і “Бусю” ў кожную сям’ю, дзе ёсць нашы чытачы. Мы былі, ёсць і будзем вернымі сябрамі дзяцей Беларусі.
Уладзімір ЛІПСКІ, галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка”, “Буся”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.