ЗВЫЧАЙНА ГАВОРАЦЬ: чалавек жыве, пакуль мы памятаем пра яго. Добры прыклад у гэтым паказвае калектыў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, дзе аформлены стэнд, прысвечаны гісторыі стварэння і развіцця міліцыі ў жабінкаўскім краі. На асобным рахунку тыя людзі ў пагонах, што загінулі ў час выканання сваіх службовых абавязкаў.
12 красавіка аднаму з іх – Леаніду Несцяровічу – споўнілася б 80 гадоў. Лёс адвёў яму толькі палову гэтага тэрміну зямнога жыцця. Аднак і сёння працягвае жыць памяць пра службоўца ў РАУС. Таму ў згаданы дзень ягоныя супрацоўнікі – капітан міліцыі Аляксандра Сівухіна і курсант Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Антон Юзвік – па даручэнні кіраўніцтва раённага аддзела наведалі пахаванне былога начальніка інспекцыі дзяржпажнагляду Жабінкаўскага РАУС капітана ўнутранай службы Леаніда Іванавіча Несцяровіча на вуліцы Міру, каб выканаць пачэсную місію – ускласці кветкі на ягоную магілу.
Заўважыўшы паблізу помніка людзей у форме, жанчына, што прыбіралася на суседняй магіле, пацікавілася:
– А з якой нагоды вы прыйшлі сюды? – і, як пабачыла дату нараджэння памерлага, раптам усклікнула: – Дык сёння ж Лёнечку – 80! Божа ж мой, а ён з маім мужам гэтак добра сябраваў. Абодва пажарныя, шмат разоў ратавалі іншых, ды сябе не ўратавалі… У 1976-ым мой Коля загінуў, а праз два гады (таксама ў аварыі) і Лёня. Вось і ляжаць цяпер побач сябрукі, па жыцці ішлі поруч і апошні спачын знайшлі разам.
Моўчкі пастаялі ля магілы з удавой старшага лейтэнанта ўнутранай службы Мікалая Мікалаевіча Філіновіча. Людміла Пятроўна аднаўляе помнік на мужавым пахаванні, яна ўдзячная за памяць, якая патрэбна і мёртвым, і жывым. Асабліва тым, хто толькі пачынае сваю службу, як курсант Антон Юзвік. Праз лічаныя месяцы ён афіцыйна ўвальецца ў шэрагі жабінкаўскіх праваахоўнікаў. Прыклад таго, як памятаюць пра сваіх колішніх калег на Жабінкаўшчыне, надзвычай карысны яму.
На здымках: кветкі да магілы ўскладаюць капітан міліцыі Аляксандра СІВУХІНА і курсант Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Антон ЮЗВІК; капітан унутранай службы Леанід НЕСЦЯРОВІЧ.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%