Як ні стараемся папярэджваць людзей пра тое, што вада захоўвае ў сабе небяспеку, а часам і забірае чалавечыя жыцці, трагедыі па-ранейшаму здараюцца. У першы дзень красавіка ў Пінску знойдзены рыбалоў, які 24 лютага пайшоў на раку Піна па апошнім лёдзе. Яго выявілі на Прыпяці на плаціне гідразбудавання, паблізу Качанавічаў Пінскага раёна. У той жа дзень у вёсцы Вулька-Радавецкая Драгічынскага раёна ўтапіўся двухгадовы хлопчык Максім Даўгун. Маці знаходзілася з сынам на ўчастку ля дома. На некалькі хвілін яна пайшла ў хату, каб дастаць бялізну з пральнай машыны. Вярнулася – хлопчыка ўжо не было. Старэйшы сын знайшоў браціка за ўчасткам у меліярацыйным канале.
Асаблівую заклапочанасць выклікае праблема, звязаная са знаходжаннем дзяцей ля вады без нагляду дарослых. Па гэтай прычыне сёлета ўжо ўтапіліся двое непаўнагадовых (у Мінскай вобласці ў дамашняй ванне загінуў хлопчык шасці месяцаў, у Гродзенскай – васьмігадовы, які гуляў ля сажалкі і выйшаў на лёд, што разбураўся. Дзіця правалілася пад лёд).
Бацькам неабходна больш сур’ёзна кантраляваць знаходжанне дзяцей ля вады, не пакідаць іх без нагляду. Беражыце сябе і жыццё сваіх блізкіх.
Юрый ГАПОНЧЫК, старшыня раённай арганізацыі АСВОД.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%