У душы і сэрцы – дзве краіны

IMG_7546
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

У сэрцах многіх людзей любоў да дзвюх краін-суседак, краін-сясцёр – Беларусі і Расіі – аднолькавая, непадзельная. Частка іх душы належыць неабсяжным расійскім прасторам, частка – сінявокай Белай Русі.
Адзін з такіх – жыхар Жабінкі Сяргей Ключ-Войтаў. Хлопец нарадзіўся тры дзясяткі гадоў таму на хутары Парамонаў Марозаўскага раёна Растоўскай вобласці.
– Гэты хутар – не якое-небудзь аднадваровае паселішча па-за межамі больш буйной вёскі, а адміністрацыйны цэнтр Парамонаўскага сельскага пасялення з насельніцтвам каля тысячы чалавек, – кажа Сяргей. – А па плошчы Парамонаў большы, чым Жабінка.
Яго матуля Валянціна Аляксандраўна Князева (Супрун) родам з Камянеччыны. Але ў свой час выехала ў Расійскую Федэрацыю і выйшла замуж. Нарадзіла і выхавала чатырох сыноў. Калі малодшаму з іх, Сяргею, споўнілася 10 гадоў, сям’я пераехала ў Беларусь, у Кобрынскі раён. Затым па волі лёсу Князевы – Ключ-Войтавы апынуліся на Жабінкаўшчыне і пасяліліся ў вёсачцы Пруск. Толькі старэйшы Сяргееў брат Аляксандр застаўся ў Растове, дзе адчыніў аўтамайстэрню. Сяргей жа скончыў 9 класаў Якаўчыцкай сярэдняй школы і паступіў у ПТВ-155 у Маларыце. Акрамя спецыяльнасці трактарыста, у далейшым атрымаў і “корачкі” тынкоўшчыка. У СВК “Якаўчыцы”, дзе пачынаў працоўны шлях, Сяргей знайшоў сваё шчасце, сваю другую палову – будучую жонку Алену. Усяго месяц спатрэбіўся маладым, каб зразумець, што яны хочуць звязаць свае лёсы назаўсёды. Сёння Ключ-Войтавы – шчаслівая шматдзетная сям’я, у якой падрастаюць тры дачушкі-шчабятушкі: шасцігадовая Віялета, трохгадовая Алёнка і дзесяцімесячная Маргарытка. Вось-вось сям’я павінна атрымаць ключы ад новай кватэры, пабудаванай КУП “Брэстжылбуд” у мікрараёне бальніцы ў Жабінцы. А пакуль жывуць з цешчай ды бабуляй на вуліцы Фядзяя. У цеснаце, ды не ў крыўдзе, сцвярджаюць Сяргей і Алена. Гаспадар сям’і прызнаецца, што часта сняцца родныя парамонаўскія мясціны: ставок, дзе нярэдка рыбаліў, лес, куды хадзіў па грыбы, школа, дзе ў класах было па 32 чалавекі і ніякіх падзелаў на “А”, “Б”, “В”. Сазвоньваецца з роднымі па бацькавай лініі, якія жывуць у розных куточках Расійскай Федэрацыі. Яны, сябры і брат неаднойчы прапаноўвалі Сяргею купіць кватэру ў Расіі, знаходзілі танныя варыянты. Але мужчына разумее, што жонцы і дзецям будзе лепш на іх Радзіме, якая і для яго ўжо таксама родная. Яму аднолькава дарагія і Беларусь, і Расія.

P.S. Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, 1382 жыхары Жабінкаўшчыны па нацыянальнасці рускія. І яшчэ адзін факт: за мінулы год у аддзеле загс райвыканкама зарэгістравалі шлюб з грамадзянкамі Беларусі 11 грамадзян Расійскай Федэрацыі. Няхай мацнее сяброўства нашых народаў, імкненне беларусаў і рускіх разам будаваць наша жыццё і тварыць будучыню.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*