Людміла КОСЦІНА.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
На Жабінкаўшчыне адбыўся Адзіны дзень інфармавання насельніцтва, у якім удзельнічалі член інфармацыйна-прапагандысцкай групы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Мурашкін, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі № 8 Жанна Стаціўка. Госці разам з кіраўніком інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 2 Жабінкаўскага райвыканкама, старшынёй райсавета Анатолем Шалтанюком наведалі трэцюю гарадскую школу. Паслухаць іх прыйшлі педагогі і тэхнічны персанал агульнаадукацыйнай школы і ліцэя. Сустрэча доўжылася гадзіну.
З асноўнай тэмай дня “Прафсаюзныя арганізацыі Брэсцкай вобласці як гарант абароны правоў працоўных” выступіў Аляксандр Мурашкін. Аляксандр Андрэевіч узгадаў, што прафсаюз – добраахвотная грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае работнікаў, звязаных агульнымі інтарэсамі ў дзейнасці: у вытворчай і невытворчай сферах, для абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў сваіх членаў. Ён адзначыў, што на пачатак года ў вобласці дзейнічалі 22 галіновыя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, у тым ліку 14 з іх маюць кіруючыя абласныя органы і 2876 пярвічак. У краіне налічваецца 464989 сяброў прафсаюзаў.
На Жабінкаўшчыне ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў уваходзіць 76 арганізацый: гэта 7886 членаў суполкі, у тым ліку 923 непрацуючыя пенсіянеры. Частка пярвічак уваходзіць у чатыры раённыя галіновыя прафсаюзы.
Аляксандр Андрэевіч важнейшым накірункам у абароне правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных назваў сацыяльнае партнёрства. На Брэстчыне работу яго бакоў узначальвае абласны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях, сустаршынямі якога з’яўляюцца Аляксандр Мурашкін – старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Андрэй Клец – намеснік старшыні аблвыканкама і Аляксандр Саўчыц – старшыня абласнога саюза наймальнікаў.
На Жабінкаўшчыне ў раённы савет па працоўных і сацыяльных пытаннях увахо-дзяць сустаршыні: Ала Ануфрыюк – намеснік старшыні райвыканкама, Ніна Калыбская – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў і Васіль Волк – старшыня раённага саюза наймальнікаў.
“Менавіта дзякуючы актыўнаму развіццю сацыяльнага партнёрства, – зазначыў Аляксандр Мурашкін, – вырашаюцца пытанні павелічэння заробку, забеспячэння занятасці, захавання законных правоў работнікаў, бяспечных умоў і аховы працы. Канструктыўная пазіцыя бакоў у вобласці садзейнічае дзеянню добра збалансаванага і выверанага ў пытаннях інтарэсаў чалавека працы Пагаднення паміж Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам, абласнымі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў”.
Слухачы атрымалі веды па такіх тэмах: на які тэрмін і з кім заключаюцца кантракты; абавязкі наймальнікаў; як абласное аб’яднанне прафсаюзаў вывучае стан сацыяльнага партнёрства; удзел прафсаюза ў эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў; мінулагодняе аздараўленне (дарэчы, летась з прафсаюзных бюджэтаў на набыццё і патанненне кошту пуцёвак у Жабінкаўскім раёне накіравана 2105 рублёў, а матэрыяльная дапамога на падрыхтоўку да школы жабінкаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак склала больш як 11 тысяч рублёў); кантроль за захаваннем працоўнага заканадаўства, арганізацыя юрыдычнай дапамогі работнікам, іншых.
Потым перад калектывам СШ № 3 г. Жабінка выступіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Белавежскай выбарчай акругі № 8 Жанна Стаціўка, якая паведала пра дзейнасць беларускага парламента. Дарэчы, Жанна Уладзіміраўна з’яўляецца членам пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю, працуе з выбаршчыкамі. Яна заўсёды лічыла, што ў гэтым органе ўлады павінна быць больш жанчын, таму што пытанні сям’і, мацярынства і дзяцінства, дэмаграфіі, праблема сацыяльнага сіроцтва патрабуюць перш за ўсё жаночага разумення і ўдзелу.
Дэпутат Жанна Стаціўка сказала, што на 2017 год да разгляду парламентарыямі запланавана 36 законапраектаў, падзялілася навіной – удалося адстаяць права жанчын на трохгадовы дэкрэтны адпачынак па доглядзе за дзіцём; цяпер, напрыклад, яна ў складзе міжведамаснай рабочай групы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны вывучае пытанне аб мэтазгоднасці заканадаўчага замацавання абавязковага сацыяльнага адпачынку для таты пры нараджэнні дзіцяці. Расказала пра плануемыя змены і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, закранула пытанні працаўладкавання грамадзян і аказання ім дапамогі з боку органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскасці. Потым адказала на пытанні слухачоў, якія датычыліся страхавога і працоўнага стажу, назначэння пенсіі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%