2 красавіка споўнілася 200 гадоў, як наш знакаміты зямляк Тадэвуш Касцюшка скасаваў прыгоннае права для сваіх сяхновіцкіх сялян. Памяць пра ягоны высакародны ўчынак перажыла вякі.
Гэты дакумент, які звычайна называюць Сяхновіцкім тастаментам (або запаветам), дасюль як адзін з найбольш каштоўных экспанатаў беражліва захоўваецца ў зборах Дзяржаўнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне.
Сваю апошнюю волю генерал выказаў 2 красавіка 1817 года, за паўгода да сваёй смерці. Тастамент быў складзены на нямецкай мове ў швейцарскім горадзе Салюр (інакш – Залатурн), юрыдычна аформлены мясцовым натарыусам Ксаверыем Ам’етам у прысутнасці паважаных сведкаў – палкоўніка Франца Грыма і салюрскага войта Франсуа Ксав’е Цэлтнера. Апошняя Касцюшкава воля непасрэдна тычылася яго спадчыннага ўладання ў Літве (як называлі тады Заходнюю Беларусь) – маёнтка Сяхновічы-Давыдаўшчызна.
Цалкам тэкст запавету гучыць наступным чынам:
“Глыбока адчуваючы, што прыгонны стан супярэчыць закону прыроды і дабрабыту народаў, гэтым сведчу, што знішчаю яго цалкам і на вечныя часы ў маёнтку маім Сяхновічы, што ляжыць у Брэст-Літоўскім ваяводстве, як ад уласнага імя, так і ад імя будучых ягоных гаспадароў. Таму абвяшчаю сялян вёскі, што належыць да маёнтка, вольнымі грамадзянамі і нічым не абмежаванымі ўласнікамі належачых ім грунтоў. Вызваляю іх ад усялякіх без выключэння падаткаў, паншчыны і асабістых павіннасцяў, якія раней па загаду ўласнікаў таго маёнтка былі абавязаны выконваць. Заклікаю іх толькі, каб дзеля ўласнага дабрабыту і карысці краю стараліся аб заснаванні школ і пашырэнні асветы. Сведчу надалей, што гэтым актам маёнтак Сяхновічы з наваколлем аддаю ў вечную ўласнасць пляменніцы маёй, спадарыні Кацярыне Эсткавай, і яе дзецям у пацвярджэнне шчырай да іх зычлівасці”.
Такім чынам, у прадчуванні блізкай смерці генерал Касцюшка выказаў непахіснае жаданне цалкам і на вечныя часы скасаваць прыгон сваіх сялян, вызваляючы іх ад чыншу, паншчыны і асабістых павіннасцяў. Пры гэтым бачыў сяхноўцаў вольнымі абывацелямі, поўнымі гаспадарамі надзелаў, што належалі ім. Сам маёнтак заставаўся ў карыстанні нашчадкаў старэйшай Тадэвушавай сястры Ганны Эсткі. Прычым яе нявестку Кацярыну з Ляховічаў Эстку, якой генерал перадаваў усе правы на Сяхновічы, Касцюшка назваў пляменніцай, чым яшчэ выразней пацвердзіў яе правы на маёмасць.
Упершыню тэкст Сяхновіцкага тастамента быў надрукаваны ў тым жа 1817 годзе на старонках “Сельскай газеты”, што выдавалася ў Варшаве. Ужо праз месяц дакумент быў пера-сланы для выканання ў Сяхновічы. Аднак у 1818 годзе ўласніца маёнтка Кацярына Ляховіч, удава капітана Тадэвуша Эсткі (пляменніка Тадэвуша Касцюшкі), запатрабавала ад урада Расійскай імперыі скасаваць апошнюю волю генерала ў той частцы, што тычылася вызвалення сялян. Падставай для гэтага яна называла значныя запазычанасці, якія Касцюшка меў перад Эсткамі. Апроч таго, у верасні 1792 года генерал ужо выказваўся пісьмова пра неабходнасць перадачы Сяхновічаў у карыстанне нашчадкам старэйшай сястры. Гэтая гучная справа была скіравана на імя расійскага імператара Аляксандра І,
які задаволіў просьбу спадчыннікаў.
Нягледзячы на тое, што паводле загаду самадзержца Сяхновіцкі тастамент быў скасаваны, ён стаў адной з першых спроб адмены прыгоннага права на беларускіх землях. На вялікі жаль, у тых гістарычных умовах было немагчыма здзейсніць апошнюю волю вялікага рэвалюцыянера і дэмакрата. Выкананню запавета супярэчыла ўся сістэма, усталяваная на тэрыторыі Беларусі расійскім самаўладдзем. Таму сяхновіцкія сяляне, як і ўсе прыгонныя імперыі, атрымалі вольную толькі праз 44 гады, у лютым 1861-га. А яшчэ праз год, як і марыў некалі Касцюшка, у ягоных Сяхновічах адкрылася першая школка для сялянскіх дзяцей.
На здымках: экскурсію каля стэнда, прысвечанага Касцюшкаваму запавету, праводзіць навуковы супрацоўнік Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Мікалай Юроўскіх; Сяхновіцкі тастамент.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%