Лячэнне інсульту ў вострым перыядзе – задача, якая вырашаецца ва ўмовах стацыянара. Далей стан пацыента паступова стабілізуецца, і ён выпісваецца дахаты для лячэння і рэабілітацыі па месцы жыхарства. Варта памятаць, што аднаўленне функцый пасля перанесенага інсульту – задача, якую трэба вырашаць ужо з першага дня захворвання. Менавіта на гэта накіраваны лячэбная фізкультура, фізіятэрапія і ў значнай ступені медыкаментознае лячэнне. Пасля выпіскі пацыента дадому гэтыя мерапрыемствы не павінны спыняцца. Штодзённае выкананне гімнастычных практыкаванняў, спачатку лежачы ў пасцелі, затым седзячы і стоячы – зарука будучай актыўнасці пацыента. Неабходна памятаць і пра падтрымліваючую фармакатэрапію, якая павінна праводзіцца курсамі.
Фактарамі рызыкі ўзнікнення інсульту з’яўляюцца: павышаны артэрыяльны ціск, залішняя маса цела, высокі ўзровень халестэрыну, мігальная арытмія, сардэчны прыступ, цукровы дыябет, індывідуальныя звычкі (маларухомы лад жыцця, частае ўжыванне салёнай, смажанай, тлустай ежы, алкаголю, курэнне), сямейны анамнез (узрост больш за 60 гадоў, інсульт у бацькоў).
Любы з пералічаных вышэй фактараў павялічвае рызыку развіцця інсульту. Але калі ў чалавека іх тры ці больш, то верагоднасць захворвання павялічваецца ў шмат разоў.
У залежнасці ад стану здароўя пацыента назначаецца пэўнае планавае лячэнне. Нароўні з паляпшэннем рацыёну харчавання і рэгулярнымі фізічнымі практыкаваннямі, прымяненне лекаў памяншае верагоднасць развіцця паўторнага інсульту. Выбар дозы прэпарата індывідуальны і вызначаецца ўрачом, які лечыць. Пацыент павінен прымаць лекі менавіта так, як яны былі назначаны.
Для прафілактыкі інсульту прымяняецца адзін ці некалькі з наступных лекавых прэпаратаў:
1. Антыгіпертэнзіўныя сродкі (для зніжэння артэрыяльнага ціску).
2. Антытромбалітычныя прэпараты (для прафілактыкі трамбозу).
3. Лекавыя сродкі, якія зніжаюць узровень халестэрыну і іншых ліпідаў крыві, што спрыяюць развіццю атэрасклерозу.
4. Лекавыя сродкі для лячэння спадарожных захворванняў, якія павышаюць рызыку інсульту (супрацьдыябетычныя, для лячэння захворванняў сэрца).
5. Нейрапратэктары – сродкі, якія спрыяюць росту новых і аднаўленню структуры пашкоджаных нервовых клетак, фарміраванню і ўмацаванню новых функцыянальных сувязяў паміж нервовымі клеткамі, утварэнню новых крывяносных сасудаў у ачагу пашкоджання.
Галіна САКОВІЧ, раённы неўролаг.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%