Папярэдзіць хваробу дапаможа дыягностыка

туберкулез

Сухоты – інфекцыйнае захворванне, якое выклікае мікабактэрыя сухотаў. Мікабактэрыі вельмі ўстойлівыя да ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя. У натуральных умовах іх жыццяздольнасць можа захоўвацца на працягу некалькіх месяцаў, пры рассеяным святле бактэрыі гінуць праз 1-1,5 месяца. У той жа час апрамененая сонечным святлом культура мікраарганізмаў гіне на працягу некалькіх гадзін, а пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў – праз 2-3 хвіліны.
Асноўная небяспека для тых, хто побач, – асобы з нявыяўленымі сухотамі, якія не атрымліваюць адпаведнага лячэння. Яны вылучаюць у навакольнае асяроддзе вялікую колькасць мікабактэрый. Асноўная іх частка, якая выдзяляецца пры кашлі, чханні, распаўсюджваецца ў радыусе аднаго метра ад хворага. Пры кароткатэрміновым няблізкім кантакце з хворым на сухоты пагроза захворвання невысокая. Скурныя пакровы, слізістая дыхальных шляхоў і кішэчніка непранікальныя для мікраарганізмаў. Таму аднаго пападання нават значнай колькасці мікабактэрый сухотаў у дыхальныя шляхі ці страўнікава-кішачны тракт не дастаткова для таго, каб захварэць. Вялікае значэнне мае стан імуннай сістэмы арганізма, які залежыць ад узросту, наяўнасці спадарожных захворванняў, паўнавартаснага харчавання, умоў працы. На імунітэт адмоўна ўплываюць стрэсавыя сітуацыі, дэпрэсіі. Зніжаюць устойлівасць арганізма да сухотнай інфекцыі таксама курэнне і злоўжыванне спіртнымі напоямі.
Аснову прафілактыкі сухотаў сярод насельніцтва складаюць меры, накіраваныя на павышэнне ахоўных сіл арганізма: захаванне рэжыму працы і адпачынку, рацыянальнае харчаванне, загартоўванне, заняткі фізкультурай, адмова ад курэння і алкаголю. Варта выконваць правілы асабістай гігіены, рэгулярна праводзіць вільготную ўборку і праветрываць жылыя памяшканні, часцей бываць на свежым паветры – мікабактэрыі сухотаў гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла.
Асноўным метадам ранняй дыягностыкі сухотаў у дарослых з’яўляецца флюа-раграфічнае абследаванне органаў грудной клеткі, сярод дзяцей і падлеткаў – туберкулінадыягностыка.
Праходжанне флюараграфічнага абследавання не радзей за адзін раз у год спрыяе своечасоваму выяўленню сухотаў лёгкіх.
Любоў ДЗЯРАЧЫЦ, урач-фтызіятр.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.