новости100-годдзю службы
загс прысвячаецца

Сёлетні год – святочны для супрацоўнікаў загсаў краіны. З гэтай нагоды, як паведаміла начальнік аддзела загс райвыканкама Галіна Аксюцік, на сайце галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама ствараецца серыя публікацый з гісторыі загсаў ад іх вытокаў да сённяшняга дня. Да юбілейнай даты плануецца змясціць на згаданым электронным рэсурсе і ў “Сельскай праўдзе” падборку матэрыялаў пра развіццё ўстановы на Жабінкаўшчыне. “Калі нехта мае цікавыя ўспаміны, фотаздымкі былых часоў з гісторыі загса ў Жабінцы,– звяртаецца да землякоў Галіна Пятроўна, – мы просім падзяліцца з намі вашымі ведамі і фотаматэрыяламі”.

На плітах Брэсцкай крэпасці

З дапамогай супрацоўнікаў музея абароны Брэсцкай крэпасці сталі вядомы лёсы нашых землякоў, якія ўдзельнічалі ў баях за цытадэль. Гэта нараджэнцы Азяцкага сельсавета Дзмітрый Гапанюк, Сцяпан Станіслаўскі і Міхаіл Мікіцюк. Іх імёны і раней былі вядомы на малой радзіме. Аднак у кнізе “Памяць” Жабінкаўскага раёна, напрыклад, сказана, што Мікіцюк прапаў без вестак у 1944 годзе. Насамрэч усе названыя асобы былі прызваны ў Чырвоную Армію Жабінкаўскім РВК 20 мая 1941 года, залічаны ў 333-ці стралковы полк, размешчаны ў Брэсцкай крэпасці, і загінулі ў першы дзень вайны, 22 чэрвеня 41-га. Прычым ужо шмат гадоў імёны азятчукоў – абаронцаў крэпасці – выбіты на плітах несмяротнай цытадэлі.

На пажары выратаваны мужчына

18 сакавіка а палове сёмай гадзіны раніцы ў Жабінкаўскі РАНС паступіла паведамленне пра пажар у кватэры чатырохпавярховага жылога дома, які месціцца ў райцэнтры на вуліцы Цітова. Калі выратавальнікі прыбылі на месца выкліку, убачылі дым, што ішоў з акна кватэры на чацвёртым паверсе, у ёй, як меркавалася, знаходзіўся чалавек. У выніку кваліфікаваных і зладжаных дзеянняў пажарныя выратавалі 38-гадовага гаспадара кватэры, які з папярэднім дыягназам “атручэнне прадуктамі гарэння” быў шпіталізаваны ў Жабінкаўскую цэнтральную раённую бальніцу. Работнікі МНС эвакуіравалі з кватэр гэтага пад’езда 30 чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей.
Праз паўгадзіны пажар быў ліквідаваны. Агонь пашкодзіў маёмасць на балконе, закопчаны сцены і столь у кватэры.
Прычына пажару ўстанаўліваецца. Разглядаецца версія “неасцярожнасць гаспадара кватэры пры курэнні”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.