Да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

 

Каб прыгажэў наш жабінкаўскі край

Інтэрв’ю з дырэктарам КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Генадзем КАМЯНЦОМ

Інтэрв’ю правёў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.
– Генадзь Сцяпанавіч, сёлета Жабінка рыхтуецца сустрэць свае 200-ыя ўгодкі. Зразумела, падрыхтоўка да юбілейнай даты запатрабуе шмат намаганняў ад камунальнікаў. Міжволі згадваецца, як дзесяць год таму райцэнтр ператварыўся ў суцэльную будаўнічую пляцоўку, рыхтуючыся да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. Сёння аб’ёмы будуць больш сціплыя, аднак усё ж падзяліцеся, ажыццяўленне якіх істотных праектаў чакае Жабінку ў юбілейны год? IMG_6091
– Статус города-спадарожніка абавязвае да развіцця інжынернай інфраструктуры Жабінкі. Таму завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на ачысныя збудаванні ў райцэнтры. Каштарыс будаўніцтва – 6,3 мільёна рублёў. Прадпрыемствам пададзена заяўка на грант Еўрапейскага саюза на суму ў 2 мільёны еўра для правядзення гэтых работ у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшчы, Украіны і Беларусі. Прычым, мы адны з нямногіх у краіне, хто выступіў у праекце ў якасці вядучага бенефецыяра – атрымальніка сродкаў, а не савыканаўцы. І вось 14 сакавіка прыемная прыйшла навіна. Першы этап адбору пройдзены намі паспяхова, і зараз рыхтуем увесь пакет дакументаў, патрэбных тэхнічнаму сакратарыяту згаданага праекта, для прыняцця выніковага рашэння. Будзем спадзявацца, што яно таксама будзе для нас станоўчым, і жабінкаўцы акажуцца ў ліку лаўрэатаў, годнымі, каб атрымаць фінансаванне. Хоць, заўважу, адбор надзвычай жорсткі (на першае месца прэтэндуе больш за дзясятак праектаў).
Дадамо, сёлета з абласнога бюджэту выдаткаваны сродкі на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, патрэбнай для рэканструкцыі водазабора ў Жабінцы і будаўніцтва новай галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі з абнаўленнем напорных калектараў.
Акрамя гэтых маштабных спраў, ніхто не здымае з нас і паўсядзённыя клопаты. Бо асноўная мэта дзейнасці камунальнай службы была і застаецца заўсёды – забеспячэнне эксплуатацыі жыллёвага фонду, аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, суб’ектам гаспадарання раёна ў неабходных аб’ёмах і належнай якасці, павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання і санітарнага стану тэрыторый.
З гэтага года зноў укараняецца практыка развіцця сетак водазабеспячэння і водаадвядзення мікрараёнаў прыватнай забудовы з долевым удзелам грамадзян. На такіх умовах будуць узводзіцца каналізацыя па вуліцы Піянерская, водазабеспячэнне квартала “Камсамольскі” ў Жабінцы і ў вёсцы Федзькавічы. Да таго ж мадэрнізуем участкі цеплавых сетак ад кацельняў № 4 і № 5 у райцэнтры. Каб павялічыць прыбыткі ЖКГ, пералічаныя работы плануем выконваць уласнымі сіламі, дзеля гэтага абнаўляецца машынна-трактарны парк.
Значную ўвагу звернем на надзейнасць функцыянавання аб’ектаў, якасць сваіх паслуг, змяншэнне энергаёмістасці. З абласнога бюджэту выдаткавана на капрамонт аб’ектаў водазабеспячэння і каналізацыі ў Жабінкаўскім раёне 100 тысяч рублёў.
Вынікі дзейнасці ў 2016 годзе сведчаць: прадпрыемства мэтанакіравана развіваецца. Намі рэалізаваны комплекс мер па зніжэнні затрат на аказанне паслуг на 600 тысяч рублёў, аптымізавана 36 штатных адзінак, што дазволіла сэканоміць 125 тысяч рублёў. Што вельмі важна, гэта адбылося без пагаршэння якасці работ і паслуг, якія аказваем. Выконваючы праграму энергазберажэння, летась сэканомілі 535,7 тоны ўмоўнага паліва, што ў грашовым выражэнні склала 210 тысяч рублёў.
– Што плануецца ажыццявіць сёлета, каб вынікі бягучага года радавалі і прадпрыемства, і спажыўцоў яго паслуг?
– У 2017 годзе задачы пастаўлены яшчэ больш напружаныя, чым у мінулым. Свае намаганні скіруем найперш на тыя напрамкі, якія не выканалі летась, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў па зніжэнні затрат, у тым ліку на энергазберажэнне, удасканаленне структуры і аптымізацыі колькасці.
Напрыклад, чакае вялікая работа па рамонце практычна ўсіх нашых аб’ектаў у аграгарадку Ленінскі ў рамках падрыхтоўкі да раённых “Дажынак”. Плануем зняць праблему якасці водазабеспячэння дадзенага населенага пункта, палепшыць жыллёва-камунальныя паслугі, адпаведна і якасць жыццядзейнасці людзей. Каб належным стаў санітарны стан, ЖКГ праводзіць уборку прыдамовых тэрыторый шматкватэрных дамоў у санаторыі “Буг” і ў самім аграгарадку. Гэта ў пэўнай ступені аблегчыць задачы Ленінскаму сельвыканкаму.
– Генадзь Сцяпанавіч, адзін з накірункаў дзейнасці прадпрыемства, якое ўзначальваеце, – збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Як тут справы?
– Хоць за 2016 год прадпрымства і сабрала больш за 296 тон ДМР (што ў паўтара раза больш, чым у 2015-ым), заданне па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў не было выканана. Лічым, што разам з рэзкім павелічэннем задання па зборы гэтых рэсурсаў для раёна, на невыкананне істотна паўплывала бессістэмнасць паасобнага збору. Разумеючы гэта, напрыканцы мінулага года за сродкі ДУ “Аператар ДМР” для шкла, пластыка і паперы закуплена 180 еўракантэйнераў, якія ўсталёўваюцца ў горадзе, набыты спецыялізаваны смеццявоз для іх вывазу. Акрамя таго, 100 кантэйнераў для паасобнага збору цвёрдых камунальных адходаў размяшчаюцца цяпер у сельскіх населеных пунктах.
– Надзвычай вострай застаецца праблема капітальнага рамонту жылых дамоў у Жабінцы. Якія зрухі адбудуцца ў гэтым плане?
– Так, ужо не першы год гэта балючае пытанне, вырашыць якое надзвычай няпроста. Мяркуйце самі, зараз капітальнага рамонту патрабуюць больш як тры дзясяткі шматпавярховак (лічыце, кожная пятая ад агульнай іх колькасці, што знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ). Пры гэтым адлічэнні грамадзян на капрамонт за год склалі 166 тысяч рублёў, а для аднаўлення толькі аднаго 48-кватэрнага дома патрабуецца 248 тысяч. Як бачна, без дапамогі бюджэту дадзеную праблему не вырашыць. І ўсё ж у 2017 годзе плануецца актывізаваць капітальны рамонт жылфонду. Увод плошчы пасля капрамонту павінен скласці не менш за 4 тысячы кв. м (або ў 2,4 раза вышэй за мінулагодні ўзровень). На гэтыя мэты патрабуецца накіраваць 760 тысяч рублёў.
– Сфера ЖКГ заўсёды навідавоку. Як плануеце будаваць свае адносіны з жабінкаўцамі, што чакаюць ад камунальнікаў дапамогі?
– Так, праца жыллёва-камунальнай гаспадаркі нярэдка выклікае абаснаваныя нараканні з боку грамадзян. Пагэтаму наша дзейнасць у 2017 годзе будзе накіравана на павышэнне прафесійнага ўзроўню спецыялістаў, уважлівыя адносіны да кліентаў, правядзенне растлумачальнай работы сярод насельніцтва ў тых няпростых умовах, што складваюцца, каб папярэджваць канфліктныя сітуацыі і звароты грамадзян у вышэйшыя органы. Будзе наладжаны пастаянны кантроль за дзейнасцю работнікаў дыспетчарскай службы і абаненцкага аддзела, іх уменнем карэктна тлумачыць сітуацыю людзям. Будзем пільна сачыць за тым, каб заяўкі ад людзей выконваліся своечасова і поўнасцю. Неабходнасць у гэтым, як сведчыць практыка, наспела.
Аднак, мне падаецца, часта работнікаў ЖКГ, хоць працаваць ім даводзіцца ў няпростых умовах, не дастаткова цэняць. Не яны вінаватыя, што пакеты са смеццем ляжаць на вуліцах і плошчах горада, буйнагабарытныя і будаўнічыя адходы складваюцца ў начны час у дварах дамоў і праездах. Мы шчыра непакоімся, калі нядобрасумленныя грамадзяне смецяць у пад’ездах і псуюць элементы добраўпарадкавання, нярэдка пры маўклівай згодзе іншых гараджан.
Таму сёлета пашырым растлумачальную работу сярод насельніцтва ў пытаннях санітарнага ўтрымання тэрыторый і правілах карыстання жылымі памяшканнямі. Рабіць гэта будзем на сходах і праз сродкі масавай інфармацыі. Трэба паказваць рэальныя прыклады парушэнняў, складаць пратаколы ў адносінах да неахайных грамадзян.
Сёння хочацца звярнуцца да жабінкаўцаў, каб у гэтыя веснавыя дні не забываліся пра чысціню і парадак у населеных пунктах. Звяртаюся і да старшыняў сельвыканкамаў, каб ініцыявалі правядзенне сіламі мясцовых жыхароў суботнікаў для добраўпарадкавання тэрыторый. Не забывайцеся пры гэтым і пра ўборку могілак. Думаю, гэта стане добрай данінай памяці родным і блізкім кожнага з нас, як і было спрадвеку закладзена ў славянскіх традыцыях.
– Генадзь Сцяпанавіч, вы нядаўна прыйшлі на працу ў Жабінку, аднак у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо даўно не навічок. Што хочаце пажадаць калегам напярэдадні прафесійнага свята? IMG_6123
– Лічу, калектыў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень і гатовы вырашаць задачы, якія ўзнікаюць перад горадам і прадпрыемствам. Мы працавалі і будзем працаваць надалей, каб прыгажэў наш жабінкаўскі край. Усім тым, хто задзейнічаны ў сферы ЖКГ, іх сем’ям жадаю поспехаў у жыцці, моцнага здароўя і задавальнення ад выкананых спраў.
На здымках: Людміла Андраюк, Генадзь Камянец, Таццяна Лаўранюк; Таццяна Прахаровіч; брыгада ўчастка добраўпарадкавання за працай.

 

УЗНАГАРОДЫ

За сумленную працу і добрыя вынікі

Падтрымліваючы парадак у Жабінцы і наваколлях, працаўнікі камунальнай гаспадаркі штодня ствараюць будзённае свята для кожнага з нас. Паколькі і жыхары нашага горада, і шматлікія госці нязменна адзначаюць утульнасць і прыгажосць, што пануюць на вуліцах і плошчах горада. Вясна, што імкліва абуджае зямлю, расквечвае яе краскамі чарговага адраджэння, працаўнікам КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” прынесла не толькі прафесійнае свята, але й памножыла прафесійныя клопаты. Штодня іх можна IMG_6162пабачыць у працы, а справы рук, што шчыруюць на розных участках, прыносяць карысць і зямлі, і людзям.
Аднак сёння пярэдадзень свята, а значыцца, час згадаць тых, хто заслужыў быць уганараванымі.
Узнагароды за шматгадовую плённую працу, дасягненні высокіх вытворчых паказчыкаў і ў сувязі са святкаваннем Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі заслужана атрымаў цэлы шэраг спецыялістаў Жабінкаўскай ЖКГ.
Сярод іх аператар дыстанцыйнага пульта ўпраўлення вадазбору ўчастка “Водаправод і каналізацыя” Андрэй Петухоў, аператар кацельнай участка “Кацельная гаспадарка” Алена Солтан, эканаміст участка “Апарат упраўлення” Сняжана Каракозава. Яны ўзнагароджаны Ганаровамі граматамі Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі”.
Ёсць прызнанні заслуг і на мясцовым узроўні. Імя вадзіцеля аўтамабіля ўчастка “Спецгараж” Сяргея Дзенісовіча сёлета красуецца на Дошцы гонару раёна. Да прафесійнага свята ягоны калега па ўчастку машыніст крана Фёдар Давідчык атрымаў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, Падзячныя лісты ад райвыканкама – у вадзіцеля ўчастка “Саначыстка” Юрыя Баярчука, слесара-сантэхніка ўчастка “Водаправод і каналізацыя” Сяргея Бакуна і слесара КВПіА участка “Кацельная гаспадарка” Мікалая Якубовіча. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны старшы майстар таго ж участка Сяргей Юдчыц.
Акрамя таго па выніках года ўганараванні адбыліся і ў самой ЖКГ. За шматгадовую сумленную працу на карысць камунальнай службы і яе спажыўцоў узнагароджаны граматай прадпрыемства супрацоўнікі, чые імёны занесены на Дошку гонару ЖКГ: Максім Кульпінаў і Людміла Цывілька, Наталля Грыцук і Валерый Ермаковіч, Дар’я Алешка і Леанід Закрыты, Аляксей Басняк і Мікалай Несцяровіч.
Віншуем з прафесійным святам не толькі ўганараваных, але й усіх, хто робіць нашае жыццё больш чыстым і ўтульным. Жадаем поспехаў на доўгія гады!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.