Песіміст скажа: “Добра там, дзе нас няма…” Аптыміст запярэчыць: “Добра там, дзе мы!” Да апошняй катэгорыі па складзе характару адносіцца, безумоўна, Леанід Несцярчук.
Нядаўна вядомы гісторык і краязнаўца Брэстчыны наведаў Жабінку, каб выканаць адразу дзве важныя місіі: выступіць перад аматарамі мінулага ў раённай бібліятэцы і спаткацца з хроснай маці, якая шмат гадоў жыве ў нашым горадзе.
Так, жабінкаўская зямля для Леаніда Міхайлавіча даўно не чужая. Гісторык, які ў краязнаўчых вандроўках пабываў у Польшчы, Расіі і Украіне, Італіі, ЗША і Францыі, дый іншыя краіны свету бачыў, прызнаецца:
– Хоць аб’ехаў мо паўсвету, аднак, дзе б ні бываў, заўжды адчуваў: лепш за нашу зямлю, людзей, мову няма нічога. За межамі добра быць падарожнікам, а патрэбны ўсё ж мы гэтаму краю, якому павінны прыносіць плён сваёй працы ды талентаў, вучыць маладзейшых любові да мінулага, сённяшняга дня, жадаць у думках і на словах росквіту Беларусі ў будучым.
У іншыя краіны даследчыка цягне не пустая цікавасць – найперш справы краязнаўчыя. Памятаю, як у 1998-ым вялікая група жабінкаўцаў з ініцыятывы Несцерчука паехала ў Кракаў. Ужо час ад’язджаць дамоў. Усе сабраліся, а кіраўніка дэлегацыі няма! Раптам аб’явіўся, задаволены, радасны. Пакуль сорак турыстаў аглядалі старажытны горад, Леанід Міхайлавіч рынуўся… у архіў! І там адшукаў сапраўдную каштоўнасць – вялікую калекцыю малюнкаў Напалеона Орды. Гэтая знаходка стала асновай для стварэння цудоўнай манаграфіі пра знакамітага мастака з Палесся.
Вось і час цяперашняй сустрэчы ў Жабінцы быў абраны не выпадкова: у тыя лютаўскія дні шырока святкаваліся 210-ыя ўгодкі Напалеона Орды. Найперш пра ягонае жыццё і творчасць па просьбе Алены Бельскай, якая вяла вечарыну, пачаў распавядаць госць. А яшчэ – пра свае кнігі. Не толькі аб манаграфіі, прысвечанай Ордзе, што атрымала гран-пры на кніжнай выставе ў Маскве, але й пра іншыя Несцерчуковы фаліянты аб волатах айчыннай гісторыі і культуры. Такіх, як генерал Тадэвуш Касцюшка, кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі…
– Заўжды прыемна бываць у Жабінцы, з ёю звязана шмат добрых спраў, – прызнаецца даследчык сівой даўніны.
І гэта не нейкі традыцыйны “рэверанс” госця ў бок гаспадароў. Яшчэ ў якасці спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры аблвыканкама Несцярчук садзейнічаў, каб як мага больш памятак пра мінулае ўзнікла на Жабінкаўшчыне. З яго дапамогай у Малых Сяхновічах адчыніўся раённы гісторыка-краязнаўчы музей, у Чыжэўшчыне паўстала мемарыяльная капліца на месцы знакамітага Крупчыцкага бою, у Жабінцы з’явіліся вуліцы Агінскага і Касцюшкі… Спіс далёка не вычарпаны, аднак і пералічанага іншаму на ўсё жыццё хопіць. Але ж і цяпер хапае задум.
Пра іх падрабязней пайшла размова ў хаце хроснай маці. Валянціна Мікалаеўна Козіч прыняла ў абдымкі белагаловага свайго хрэсніка, спытала па-мацярынску, ці часта бывае ў царкве, ці сіл на ўсё хапае, якімі справамі цяпер жыве. І той адказваў паважліва ды шчыра, як на споведзі:
– Добры ў мяне духаўнік, храм не абмінаю, адтуль і сілы, відаць, чэрпаю. А зараз працую над кнігай пра Адама Міцкевіча, які сваімі вялікімі творамі назаўжды праславіў Літву-Беларусь.
Да сваёй “другой маці” Леанід Міхайлавіч завітаў не з пустымі рукамі. Павага да агульнай гісторыі выклікае, нібыта ланцуговая рэакцыя, выбух захаплення да мінулага ўласнага роду. За некалькі гадоў Несцярчук адшукаў шматлікія архіўныя дакументы пра сваіх продкаў, сабраў цэлую калекцыю сямейных здымкаў. І цяпер прывёз іх хроснай маці. Са старых фота, зробленых у 20-40-ыя гады мінулага стагоддзя, пазіраюць яшчэ зусім маладыя прадстаўнікі роду, што паходзяць ад дзядулі Паўла.
Даўно няма яго ў жывых, ды працягваецца ягоны род у нашчадках, дасюль пладаносіць яблыня, па-саджаная дзе-давымі рукамі на Пружаншчыне, адкуль вытокі гэтай сям’і. І Валянціна, і Леанід – Паўлавы нашчадкі.
Старонка за старонкай гарталі яны стары альбом, пазнавалі на пажоўклых фотаздымках сваякоў.
І сілкаваліся яблыкамі з Паўлавага дрэва.
На здымках: Леанід НЕСЦЯРЧУК у райбібліятэцы; над старым сямейным альбомам схіліліся некалькі пакаленняў роду,
заснаванага дзедам Паўлам.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%