Палепшыць клімат у сям’і і прымусіць бацькоў працаваць

i

Адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”.

Пра арганізацыю работы па прафілактыцы сямейнай нядбайнасці ў рамках рэалізацыі Дэкрэта гаварыла загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Андрасюк. Яна адзначыла: “За мінулы год у наш аддзел паступілі 97 паведамленняў аб пражыванні дзяцей у няўдалых умовах. Найбольш паведамленняў перадалі раённы аддзел унутраных спраў (49), суды вобласці (22), установы аховы здароўя (15) і нераўнадушныя жыхары раёна (10). Летась 101 дзіця з 46 сем’яў было прызнана ў сацыяльна небяспечным стане. На 1 студзеня бягучага года ў раённым банку дадзеных такіх дзяцей знаходзілася 79 хлопчыкаў і дзяўчынак з 41 сям’і (у адпаведны перыяд летась – 81 дзіця з 43 сем’яў). З іх 27 юных жабінкаўцаў – дашкольнага ўзросту.
Паводле якіх крытэрыяў дзіця трапляе ў сацыяльна небяспечны стан? Гэта злоўжыванне бацькамі спіртных напояў (41,5 %), сямейныя сваркі (19,5 %), беспрацоўе бацькоў ці аднаго з іх (34 %), няўдалыя ўмовы пражывання, антысанітарыя ў жыллі (32 %).
Яшчэ на пасяджэнні была прааналізавана работа, якая праводзіцца з няўдалымі сем’ямі, каб на раннім этапе выявіць і ўхіліць прычыны і фактары сямейнай нядобранадзейнасці. З бацькамі праводзяцца лекторыі, індывідуальныя гутаркі і кансультацыі, іх запрашаюць на пасяджэнне савета прафілактыкі ўстаноў адукацыі, камісіі па справах непаўнагадовых Жабінкаўскага раёна, на сустрэчы ў клуб “Гармонія” на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
– Прыемна адзначыць, што праводзімая работа дае свой плён, – расказала Наталля Андрасюк. – Так, зняты з уліку 8 дзяцей і вернуты ў біялагічныя сем’і трое, дзе нарэшце палепшыліся ўмовы для выхавання дзяцей. У той жа час 5 бацькоў у адносінах да сваіх пяцярых сыноў і дачок былі пазбаўлены права займацца выхаваннем дзяцей. Не зніжаецца колькасць бацькоў, якія маюць запазычанасць па аплаце за камунальныя паслугі.
У нашым раёне налічваецца 34 дзіцяці, якія маюць сіроцкую катэгорыю. 18 з іх пражываюць у 16 апякунскіх сем’ях, 11 – у прыёмных.
Начальнік аддзела прымусовага выканання ў Жабінкаўскім раёне Ірына Тэадаровіч прааналізавала кампенсацыйныя выдаткі абавязаных асобаў на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Так, на кантролі і выкананні ў згаданым аддзеле 79 выканаўчых дакументаў у адносінах да 58 абавязаных асобаў (летась на 1 студзеня 2016 года іх было адпаведна 88 і 53).
У 2016 годзе было спагнана на ўтрыманне дзяцей 110 000 рублёў, вернута дзяржаве 73,8 %, а з улікам астатку запазычанасці на пачатак года – 34,59 %.
Ірына Генадзьеўна дадала, што абавязаныя асобы адбывалі пакаранне ў выпраўленчых калоніях, праходзілі прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах ЛПП (такіх – 9 чалавек). Больш за 40 чалавек пагашаюць запазычанасць па месцы працы, з пенсій і дапамог па доглядзе за дзіцём.
На сённяшні дзень у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца 6 абавязаных асобаў, 1 – на прымусовым лячэнні.
Начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Любоў Селівонік расказала, якая сітуацыя склалася з працаўладкаваннем абавязаных асобаў:
– Наша ўпраўленне вядзе ўлік і кантроль за такімі асобамі. Яны працуюць у 20 арганізацыях раёна. У ліку мер, накіраваных на поўную кампенсацыю расходаў, прывядзенне памераў заробку згодна з патрабаваннямі дэкрэта: павелічэнне зарплаты абавязаным асобам шляхам пераводу іх на іншыя працоўныя месцы, пашырэнне аб’ёмаў і відаў работ. Такія меры на працягу мінулага года прымаліся да 23 абавязаных асоб.
Толькі ці заўжды гэтыя меры эфектыўныя да людзей, якія ніколі не хацелі сумленна працаваць? Аб гэтым расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Лагота:
– За мінулы год абавязаныя асобы здзейснілі 525 прагулаў, з якіх толькі 115 – адпрацаваны. Дастаўленыя на месца працы прагульшчыкі, здаралася, разварочваліся і сыходзілі дахаты. Да кожнага абавязанага міліцыянера не прыставіш. А такіх, як Назарук, Якімовіч, Вуяк і іншыя, ні пратаколы, ні папярэджанні не палохаюць…
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які вёў пасяджэнне каардынацыйнага савета, падкрэсліў, што неабходна і далей праводзіць сістэмную работу па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прыняць адпаведныя рашэнні.
Галоўнае: да лёсаў дзяцей нельга быць раўнадушнымі. Мы, дарослыя, у адказе і за чужых хлопчыкаў і дзяўчынак таксама: павінны рэагаваць, калі яны пакутуюць у няўдалай сям’і, паведамляць у адпаведныя органы і арганізацыі, што малыя маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*