З кожным днём у рэспубліцы ўзрастае колькасць людзей, якія карыстаюцца паслугамі мабільнай сувязі. Для многіх мабільны тэлефон з’яўляецца чымсьці накшталт лепшага сябра, і яго страта наносіць не столькі матэрыяльную шкоду, колькі маральную. На жаль, адначасова даводзіцца канстатаваць, што і лік злачынстваў, звязаных з крадзяжамі сотавых тэлефонаў, даволі значны. Гэта, у першую чаргу, звязана з дастатковай лёгкасцю здзяйснення дадзенага віду крадзяжоў, а таксама з высокім коштам тэлефонных апаратаў, неабмежаванасцю іх збыту і бесперашкодным падключэннем да сетак аператараў сотавай сувязі.
Летась на Жабінкаўшчыне зарэгістравана шэсць крадзяжоў мабільных тэлефонаў, у 2015-ым – тры. Зыходзячы з аналізу здзейсненых злачынстваў, відаць, што ў большасці выпадкаў крадзяжы сталі магчымымі з прычыны абыякавага стаўлення пацярпелых да захаванасці сваіх тэлефонаў. Самы просты спосаб расстацца са сваім мабільнікам – пакінуць яго навідавоку без нагляду ў рэстаране, бары, транспарце, на дыскатэцы і г.д.
Але дадзенае злачынства, як і многія іншыя, можна прадухіліць. Засцерагчы сябе і пазбегнуць замаху на мабільны тэлефон магчыма, калі выконваць простыя правілы:
1. Не давайце тэлефанаваць са свайго мабільніка незнаёмым людзям. Адмову матывуйце, да прыкладу, тым, што ў вас на рахунку няма грошай. Праінструктуйце дзяцей, як паводзіць сябе ў такой сітуацыі, паколькі падлеткі часцей за ўсё становяцца ахвярай зламыснікаў.
2. Не насіце тэлефон у вонкавых кішэнях сумкі, іншых даступных для крадзяжу месцах. Самымі надзейнымі з’яўляюцца ўнутраныя кішэні вашага адзення.
3. Не пакідайце тэлефон без нагляду ў рэстаране, кафэ, транспарце, не даставайце ў вячэрні і начны час на прыпынках і ў аўтобусах.
4. Не размаўляйце па мабільніку на вуліцы, асабліва калі вы ідзяце адзін (адна). Убачыўшы падазроных людзей, спыняйце гутарку.
У выпадку, калі не ўдалося пазбегнуць крадзяжу мабільнага тэлефона, неабходна як мага хутчэй звярнуцца ў міліцыю. Заяву ад вас прымуць у абавязковым парадку.
У выпадку адкрытага крадзяжу тэлефона (рабавання ці разбою) паспрабуйце па магчымасці адразу ж звярнуцца да найбліжэйшага нарада міліцыі. Гэта могуць быць супрацоўнікі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, участковы інспектар міліцыі, інспектар па справах непаўнагадовых.
Ваша задача – як мага дакладней і падрабязней указаць час і месца злачынства, прыметы выкрадальнікаў, кірунак, у якім злачынец знік, а таксама марку, колер і нумар тэлефона. Паспрабуйце знайсці сведак падзеі.
Памятайце: выкананне згаданых мер засцярогі дапаможа вам захаваць сваю маёмасць. Калі ж вы сталі сведкамі крадзяжу мабільнага тэлефона ці самі пацярпелі ад дзеянняў зламыснікаў, неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю па нумары 102.
За дробны крадзеж маёмасці заканадаўствам прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў ці адміністрацыйны арышт. Крадзеж караецца грамадскімі работамі, ці штрафам, ці выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Памятайце: ваша бяспека – у вашых руках. Будзьце заўсёды пільнымі!
Ілля ХВАЛЬКО, першы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%