“І ўсё табе падкажа жыццё само…”

“І ўсё табе падкажа жыццё само…”

Рыма Казакова

Пад такою назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю з дня нараджэння вядомай рускай паэткі Рымы Казаковай. На ім пабывалі адзінаццацікласнікі першай гарадской школы, выхаванцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната і сябры клуба “Суразмоўнік”.
Вядучыя імпрэзы бібліятэкары Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк пазнаёмілі гасцей з жыццёвым і творчым шляхамі паэткі, іх асноўнымі вехамі і яркімі момантамі, а таксама яе грамадскай дзейнасцю. Даведаліся прысутныя, што Рыму Казакову можна назваць нашай зямлячкай, бо сваё дзяцінства яна правяла на беларускай зямлі пад Полацкам (бацька быў ваенным і служыў там). Пра Беларусь паэтка гаварыла: ”Тут я адчуваю нейкае абвостранае, моцнае і светлае пачуццё Радзімы”.
Дарога Рымы Казаковай у паэзію была няпростай. Сваімі настаўнікамі яна лічыла Аляксандра Твардоўскага, Канстанціна Сіманава, Міхаіла Святлова, Яраслава Смелякова і была ўдзячна ім за тое, што за няўмелымі радкамі масцітыя паэты разгледзелі яе характар і талент.
Першыя вершы Казаковай былі надрукаваны ў 1955 годзе, а ўжо праз тры гады выйшаў яе зборнік “Сустрэнемся на Усхо-
дзе” ў Хабараўску (там некаторы час паэтка жыла і працавала).
У 1960-ым Рыма Фёдараўна пераязджае ў Маскву, шмат піша і перакладае на рускую мову паэзію народаў СССР і замежных аўтараў. Адзін за адным выходзяць зборнікі яе вершаў, у якіх Казакова адкрывае чытачу сэнс зямной прыгажосці, гаворыць пра гераічнае мінулае Расіі, дзе прысутнічае памяць пра тых, хто ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але найбольш шырокую вядомасць паэтцы прынёс цыкл вершаў, асноўныя матывы якога сяброўства, вернасць, каханне, мацярынства – словам, роздумы на “вечныя тэмы”. Спавядальнасць і глыбокая лірычнасць вершаў натхняла кампазітараў. Яе сааўтарамі былі Аляксандра Пахмутава, Уладзімір Шаінскі, Яўген Дога, Аскар Фельцман, Аляксандр Зацэпін, Генадзь Гладкоў, Ігар Круты. Іх песні выконвалі Мая Крысталінская, Ганна Герман, Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Людміла Зыкіна, Ірына Анцыферава, Эдзіта П’еха, Ала Пугачова, Філіп Кіркораў, Аляксандр Сяроў.
Рыма Фёдараўна была сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Масквы. Дзякуючы яе энергічнай дзейнасці ладзіліся Пушкінскія святы паэзіі, Дні літаратуры розных народаў, праходзілі нарады маладых пісьменнікаў, зноў сталі традыцыйнымі паэтычныя вечары ў Політэхнічным музеі. Яна ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені. На пытанне: “Што такое сапраўдная паэзія?” Рыма Казакова адказвала: “Гэта тое, што звязана перш за ўсё з сапраўднымі чалавечымі перажываннямі”. На самой справе, калі чытаеш ці слухаеш вершы паэткі, міжволі жывеш пачуццямі герояў. Шчырасць і праўдзівасць, прыналежнасць да свайго часу ўласцівы ўсёй яе паэзіі. Рыма Казакова пайшла і засталася, таму што засталіся яе вершы, на якія складаюцца новыя песні.
Алеся ДАБРАВЕСТ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro