10 пажаданняў для любай матулі

Збойчаковы

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Зараз на Жабінкаўшчыне 410 шматдзетных сем’яў. Хто гадуе трох малых, у іншых чацвёра, пяцёра… Але ж усім яшчэ цягнуцца ды цягнуцца да старасельцаў Збайчаковых. У Алены Мікалаеўны і Анатоля Віктаравіча – самая вялікая (на здымку)сям’я ў раёне, дзе дзяцей, нібыта пальцаў на руках, дзясяцера!

У такой вялікай сям’і што ні месяц, дык свята. Як са студзеня пачынаецца, так да снежня і працягваецца. Аднак сярод усіх народзін мо найбольш любімае 8 Сакавіка, матулін дзень, калі ўся “футбольная каманда” на чале з татам стараецца як мага лепш павіншаваць самага дарагога свайго чалавека.
Алена Мікалаеўна – карэнная стараселка, тут закончыла базавую школу, адсюль пайшла вучыцца на ткачыху, а затым працаваць на Брэсцкі дывановы камбінат. Аднак, як аказалася, галоўным яе наканаваннем стала мацярынства, таму цяпер, хоць і засталіся навыкі, часу не стае для вязання. Усё больш за дзецьмі даводзіцца наглядаць, якіх не толькі шмат, але яшчэ і такія ўсе розныя…
Анатоль Віктаравіч трапіў у Старое Сяло пяцікласнікам, калі сям’я з Сімферопаля пераехала ў Беларусь. З будучай жонкай пазнаёміўся яшчэ ў школьныя гады.
– Усякага хапала, – усміхаецца Анатоль, – як дзецьмі былі і біліся, і мірыліся, а цяпер вось як склалася!
Так, час прыйшоў і сям’ю стварылі. А для ўсялякай сям’і ўпрыгажэнне ды радасць – дзеці. Калі верыць народнай прыказцы, іх у Збайчаковых… трое з лішкам! Думаеце, з падлікамі памыліліся? Ні ў якім разе! Бо калі лічыць, як прашчуры вучылі: “Адно дзіцятка – не дзіцё, два дзіцяці – паўдзіцяці, а вось трое – гэта і ёсць сапраўднае дзіця”.
Калі збіраюцца разам, і шумліва, і весела.
Час пазнаёміцца.
Найстарэйшая – Марына. Галоўныя захапленні – хімія і фізкультура.
– Чаму хімія? Цікава рабіць вопыты, выконваць заданні, да таго ж настаўніца ў мяне выдатная Святлана Іванаўна Вячорка, – тлумачыць Марына.
Мара ў яе не зусім звычайная для дзяўчыны: хоча стаць міліцыянерам. А для гэтага, лічыць, трэба добра вучыцца ды фізічна мацнець. Нездарма фізкультура і спорт у яе ў фаварытах. Ёсць і дасягненні: ужо займала ў Жабінцы прызавыя месцы ў штурханні дыску, ядра, на лыжні, а ў лёгкай атлетыцы летась была першай і другой.
Яе сястры Наташы, як “чалавеку зімняму” (нарадзілася ў першым месяцы года), больш, вядома, падабаецца зіма, аднак і супраць цёплага лета нічога не мае! Пад кіраўніцтвам любімай настаўніцы Святланы Мікалаеўны Дарашук Наталля захапляецца біялогіяй, мэту ў жыцці для сябе вызначыла – стаць медыкам, “каб людзям дапамагаць”.
У Аляксандра, старэйшага пасля бацькі мужчыны ў хаце, вольны час прысвечаны майстраванню, да якога хлопца прывучае настаўнік Уладзімір Іванавіч Філюк. Зараз юны майстар дарабляе верталёт, а матуля і бабуля Таня ўжо карыстаюцца дошчачкамі для гаспадынь, зробленымі Сашавымі рукамі.
На год меншая за яго Даша, хваравітая ад нараджэння, атуленая клопатам усёй сям’і, раптам заплакала і старэйшая Марына падышла да сястрычкі ды ласкава супакоіла, пяшчотна прыгаворваючы:
– Не бойся, Дашуля, усё добра…
На пытанне: “Хто наступны?” – пятай руку ўзняла пяцікласніца Вераніка. Вучыцца дзяўчынка добра. Нават дзясяткі мае па беларускай літаратуры, згадзілася прачытаць на памяць урывак “Дарэктар” з Коласавай “Новай зямлі”. Галасок, я вам скажу, аж зазвінеў, калі вучаніца прамаўляла родныя слоўцы. Што матулі падарыць, у Веранічкі няма пытання: можа малюнак стварыць гожы ці сканструяваць нешта.
А вось гарэзліваму Максімку слёзы амаль невядомыя, жыццярадасны і ўсмешлівы, ён і хвіліны пасядзець не можа на месцы. Усё любіць – і ўсіх! Матэматыку, мову, фізкультуру, працу ды ўсю вялікую сваю сямейку.
Для Сафіі сёлета год асаблівы. Бо ён першы школьны. Разам з настаўніцай Аленай Іванаўнай Бычак дзяўчынка асвойвае азы ведаў, хоць і не заўсёды лёгка даюцца лічбы ды літары, але хутка і гэтая першая вышыня бу-дзе пераадолена. Яе брата Віталіка знаёмства са школай чакае праз год, пакуль ён у старэйшай групе дзіцячага ясляў-сада.
Наймалодшыя дзяўчынкі пакуль пры маме. Пра Таню, якую назвалі ў гонар бабулі, Алена Мікалаеўна гаворыць:
– Яна ў такім узросце, калі кожны дзень зусім не падобны на мінулы. Новыя словы, выразы проста на вачах нараджаюцца. А як цікава назіраць, калі Таня-малая з бабуляй Таняй па тэлефоне размаўляюць. Сапраўднае відовішча – у цырк не хадзі!
Ну, а самай маленькай Ані яшчэ і года няма.
Калі з выдатнай дзясяткай пазнаёміўся, папрасіў кожнага сказаць добрае слова любай матулі напярэдадні жаночага свята. І пайшло-панеслася: кахання, здароўя, шчасця, прыгажосці, разумення, дабрыні, розуму – мілай маме! Разам дзевяць пажаданняў набралася. Хацеў ужо тату прапанаваць дзясятае сказаць, ды яго апярэдзіла… Аня. Самая найменшая паварушылася на руках маці і паставіла тлустую кропку:
– Агу!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.