Прафесійныя суботы дапамогуць з выбарам

IMG_0404 IMG_0419

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Наталлі АЛЯКСЕЙЧЫК.

У мінулую суботу на базе першай і трэцяй гарадскіх школ адбыўся рэспубліканскі семінар-практыкум па пытаннях удасканалення зместу шостага школьнага дня “Эфектыўныя падыходы да арганізацыі прафесійных субот”.
У семінары прынялі ўдзел рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь Шкляр, прарэктар гэтай установы па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы Аксана Папова, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, першы яго намеснік Аляксандр Жук, а таксама спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў (камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама), інстытутаў развіцця адукацыі, прадстаўнікі вучэбна-метадычных цэнтраў, устаноў прафесійнай адукацыі.
У той дзень паспрабаваць сябе ў розных прафесіях вучні жабінкаўскіх школ маглі на інтэрактыўных пляцоўках, арганізаваных установамі прафесійнай адукацыі Брэста. Майстар-класы для іх праводзілі педагогі і навучэнцы ліцэяў будаўнікоў і лёгкай прамысловасці, каледжаў сувязі, прыборабудавання, сферы абслугоўвання, а таксама гандлёва-тэхналагічнага. На некаторы час хлопчыкі і дзяўчынкі маглі стаць тынкоўшчыкам, аператарам сувязі, слесарам-рамонтнікам, цырульнікам, поварам ці закройшчыкам. Атрыманыя веды па той ці іншай прафесіі яны маглі тут жа замацоўваць на практыцы і бачыць вынік сваёй працы.
Пасля практычнай часткі ўдзельнікі семінара мелі магчымасць абмеркаваць некаторыя пытанні.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Ала Ануфрыюк. Ала Сцяпанаўна пазнаёміла гасцей з нашым раёнам, яго гісторыяй, выгадным геаграфічным становішчам, сацыяльна-эканамічным і культурным развіццём, вядомымі творчымі калектывамі, перспектывамі Жабінкі як горада-спадарожніка. Запрасіла наведаць раённы гісторыка-краязнаўчы музей і пабываць у нашых здраўніцах – санаторыях “Буг” і “Надзея”, адказала таксама на пытанне, чаму горад носіць назву Жабінка.
Вопытам работы ў арганізацыі шостага школьнага дня ва ўстановах адукацыі Жабінкаўшчыны падзялілася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Галіна Сцяпанаўна адзначыла, што ў суботу вучням прапаноўваюцца разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне іх фізічнага і маральнага здароўя, інтэлектуальнае развіццё і асобаснае станаўленне.
У 2016/2017 навучальным годзе сярэдні ахоп навучэнцаў пастаяннымі формамі занятасці ў шосты школьны дзень склаў 52 працэнты. Па суботах працуюць 82 аб’яднанні па інтарэсах, з 211 адчыненых у раёне, а таксама арганізавана работа 34 факультатыўных заняткаў для 302 навучэнцаў. Заняць школьнікаў у суботні дзень дапамагаюць і ўстановы спорту і культуры, размешчаныя на тэрыторыі раёна.
Галіна Бурко падкрэсліла: нягле-дзячы на тое, што на Жабінкаўшчыне адсутнічаюць установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у раёне склалася свая сістэма прафарыентацыі. Асноўнымі яе мерапрыемствамі сталі: тэсціраванне здольнасцей і схільнасцей навучэнцаў да прафесіі, індывідуальныя кансультацыі дзяцей і іх бацькоў спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, праф-арыентацыйныя гульні, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах працоўнай і дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці, экскурсіі на прадпрыемствы, сустрэчы з прадстаўнікамі сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых устаноў адукацыі. На жаль, падкрэсліла Галіна Сцяпанаўна, практычна ўсе пералічаныя формы адносяцца да так званых пасіўных, што не дазваляе ў поўнай меры даць уяўленне пра тую ці іншую прафесію. Актыўныя формы прафарыентацыйнай работы прадэманстраваў рэспубліканскі семінар-практыкум, а таксама і абласны, праве-дзены раней. Спадзяемся, што пад час прафесійных субот навучэнцы не проста будуць спрабаваць сябе ў розных прафесіях, але і сфарміруюць разам з педагогамі і бацькамі асабістыя крытэрыі выбару будучай жыццёвай дарогі і магчымасці паспяховай рэалізацыі праз рабочыя спецыяльнасці.
Вынікі сустрэчы падвялі рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь Шкляр і начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі.
Аркадзь Ханонавіч адзначыў, што вопыт Брэстчыны ў прафарыентацыйнай рабоце багаты і ўнікальны, заслугоўвае высокай ацэнкі і можа пераймацца іншымі рэгіёнамі. Пад час арганізацыі такіх майстар-класаў хлопчыкі і дзяўчынкі непасрэдна самі могуць пазнаёміцца з той ці іншай установай прафесійнай адукацыі, паспрабаваць сябе ў многім і вызначыцца з будучай спецыяльнасцю. Нават тыя выпускнікі, якія сёння арыентуюцца на ВНУ, павінны атрымліваць у школе пэўную рабочую кваліфікацыю.
Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што семінар-практыкум у Жабінцы паказаў, як можна арганізоўваць прафарыентацыйную дзейнасць у раёне, дзе няма ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і ў гэтым у школах Жабінкаўшчыны ёсць свае пэўныя набыткі.
Завяршыўся семінар выступленнямі агітбрыгад устаноў прафесійнай адукацыі Брэста. Навучэнцы ліцэяў чыгуначнага транспарту і будаўнікоў, каледжаў прыборабудавання, сувязі, сферы абслугоўвання і гандлёва-тэхналагічнага прадэманстравалі свае творчыя таленты і запрасілі сёлетніх выпускнікоў прыходзіць да іх вучыцца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.