Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Першы этап адкрытых абласных спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні “ORIENT-Liga – 2017” адбыўся ў Жабінцы. Праявіць спрыт і кемлівасць сабраліся звыш 200 удзельнікаў у некалькіх узроставых групах – ад дашкольнікаў да пасівелых спартсменаў, якія прыехалі ў райцэнтр з Баранавічаў, Брэста, Бярозы. Жабінкаўшчыну на спаборніцтвах прадстаўлялі навучэнцы трох гарадскіх, Маціевіцкай, Ракітніцкай, Хмелеўскай і Якаўчыцкай школ.
Для ўдзельнікаў спаборніцтваў былі распрацаваны маршруты ў гарадскім парку і ля возера, а стартавалі і фінішавалі спартсмены ля Дома культуры. Для кожнай узроставай групы – свой маршрут. Трэба было за найменшую колькасць часу правільна сарыентавацца па карце мясцовасці і ў пэўнай паслядоўнасці знайсці ўсе пікеты і дакрануцца да іх спецыяльнымі чыпамі. З гэтай задачай найлепш справілася вучаніца першай гарадской школы Сафія Тэадаровіч – яна ўсяго за 10 хвілін правільна і без памылак зачыпавала ўсе пікеты ў парку і заняла ганаровае першае месца ў вобласці сярод дзяўчынак ва ўзросце да 12 гадоў. Цяпер яна будзе ўдзельнічаць ад Жабінкаўшчыны ў другім этапе “ORIENT-Liga”, які адбудзецца ў горадзе над Бугам. Трэція месцы ў сваіх узроставых групах занялі Вікторыя Гронская і Надзея Чэчалева (СШ № 2), а таксама Надзея Алексяюк (Хмелеўская школа). Сярод хлопчыкаў прызавыя месцы занялі Аляксандр Габрынеўскі (СШ № 2) і Канстанцін Селюх (Хмелеўская СШ). Яны таксама атрымалі “пуцёўку” ў другі этап гэтай цікавай спартыўна-інтэлектуальнай гульні.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%