Працягваем знаёмства з аграгарадком Ракітніца, які гасцінна нас сустракае зноў. Два тыдні таму мы пачалі праект “Взгляд” з наведвання дзіцячага сада, дзе працуе намеснікам загадчыка Алёна Ларыёнава – стараста аграгарадка Ракітніца. Гэтым разам завіталі з самай раніцы ў Ракітніцкую сярэднюю школу, якая гожа выглядае пасля капітальнага рамонту, што адбыўся ў 2023 годзе, і знешне, і ўнутры нагадвае зараз гарадскую вучэльню. Да будынка цяпер вядзе новае асфальтавае пакрыццё, тэрыторыя вакол школы добраўпарадкавана – працуй, вучыся і радуйся!
Абноўленая школа – новыя магчымасці
З абнаўленняў пасля рамонту мы і пачалі гаворку з дырэктарам Ракітніцкай школы Жаннай Прыхожка. Жанна Пятроўна расказала, што будынак установы проста пераўвасобіўся пасля тых змяненняў, якія былі запатрабаваны часам. Фасад школы пасля капітальнага рамонту заззяў новымі фарбамі, была праведзена цеплавая рэабілітацыя будынка, капітальны рамонт харчаблока, спартыўнай залы, кабінета абслуговай працы для дзяўчынак, кабінета хіміі і лабаранцкай.

– У кабінеце хіміі памянялі напольнае пакрыццё, дзверы, пафарбавалі сцены, падвялі гарачую ваду, – распавядае кіраўнік установы. – Кабінет абслуговай працы цяпер аснашчаны швейнымі машынамі і абсталяваннем для заняткаў кулінарыяй, але найбольш змянілася спартыўная зала, дзе замянілі аконныя блокі, дзверы, усталявалі сучаснае асвятленне, пафарбавалі сцены – усё тут радуе вока.
Заглядваем у спартзалу, каб увачавідкі пабачыць усе тыя змены, пра якія гаварыла Жанна Пятроўна. Так і ёсць: усё сучаснае, падлога нібыта толькі ўчора пафарбавана, аж блішчыць на сонцы, якое ласкава заглядвае ў новыя вокны. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры Віктара Цікумса гуляюць у валейбол.
– Весялей, рухавей, хутчэй! – падбадзёрвае ігракоў Віктар Айгаравіч. – Нам гонар школы абараняць на спаборніцтвах па валейболе і лёгкай атлетыцы.
Як заўважае дырэктар школы, фізкультурна-аздараўленчая работа ў іх установе наладжана на вышэйшым узроўні, працуюць аб’яднанні для заняткаў футболам, валейболам. Юныя ракітчукі Ганна Вырва, Ангеліна Фурс, Ганна Сідарук, Дар’я Прыка, Мацвей Штоп, Васіль Дранец не раз узнімаліся на п’едэстал як пераможцы розных спартыўных спаборніцтваў, у тым ліку абласных і рэспубліканскіх.
Ганарыцца Ракітніцкая школа і сваімі выпускнікамі-медалістамі Іванам Капкіным, Кацярынай Коўч, Святланай Гомза, Аленай Ігнацюк, Веранікай Целянкевіч, Віталем Астраухам, Ганнай Сідарук ды іншымі.
Сёння ў роднай установе настаўнічаюць былыя выпускнікі Іна Самасюк, Віктар Цікумс, Вольга Пупчык, Алена Зінчук, Марыя Вячорка, перадаючы свае веды дзецям, вопыт – калегам.
Растуць з “Растком”
– У ходзе падрыхтоўкі да раённых “Дажынак”, якія адбыліся ў Ракітніцы ў мінулым годзе, быў мадэрнізаваны кабінет фізікі, сантэхніка ўва ўсёй школе заменена на новую, устаноўлена бетонная агароджа вакол тэрыторыі ўстановы, – працягвае расповед дырэктар школы Жанна Прыхожка.
Усе гэтыя цудоўныя змены ў поўнай меры ацанілі 254 навучэнцы Ракітніцкай сярэдняй школы. Мяне асабіста ўразіла і колькасць вучняў сельскай школы, і тое, што ў некаторых паралелях па два класы: “А” і “Б”, у тым ліку і першых.

– Сёлета ў нас 29 першакласнікаў і восем адзінаццацікласнікаў, з шасці леташніх выпускнікоў пяцёра паступілі і вучацца ў ВНУ. У дзясятым і адзінаццатым класах арганізавана работа аграрных груп. Ужо 20 гадоў на базе Ракітніцкай сярэдняй школы працуе школьнае лясніцтва “Расток”, якое ўзначальвае настаўнік хіміі і біялогіі Святлана Вячорка, – працягвае расповед Жанна Пятроўна. – Другі год запар на асенніх канікулах у Пятровіцкім лясніцтве працуе студатрад, створаны з вучняў нашай школы, якія займаюцца ў “Растку”.
Тут да месца прыгадаць, што ў Ракітніцкім дзіцячым садзе летась урачыста адкрылася група экалагічнага накірунку “Лесавічкі”, а сёлета тыя падрослыя “лесавічкі” прыйшлі ў першы клас Ракітніцкай школы, дзе будуць расці разам з “Растком”.
А напярэдадні Дня работінікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці выхаванцы Ракітніцкага дзіцячага сада стварылі насценгазету пра дзейнасць мясцовага ААТ “Ракітніца” і падарылі яе кіраўніку сельгаспрадпрыемства Міхаілу Чыруку.
Месца сустрэч і натхнення
Пад адным дахам у Ракітніцы знаходзяцца сельскі Дом культуры, сельская бібліятэка, філіял Ленінскай музычнай школы, аддзяленне “Беларусбанка”…
Заглядваем у храм кніг. Яго гаспадыня – загадчыца Ракітніцкай сельскай бібліятэкі Надзея Давідзюк – вельмі рада гасцям.

– Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з мясцовай школай, арганізуючы для дзяцей мерапрыемствы патрыятычнай, экалагічнай, краязнаўчай накіраванасці, – расказвае Надзея Антонаўна. – У год 80-годдзя Вялікай Перамогі ў нас дзейнічае тэматычная выстава, карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў краязнаўчы даведнік “Памятнікі і абеліскі роднага краю”, створаны аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Вялікі інтарэс у нашых чытачоў выклікае выстава “Мой гонар – мае землякі”. Дзеці часта бяруць пачытаць кнігі нашага земляка Расціслава Бензерука, дарослыя – яго сына Анатоля Бензерука, паэтаў Івана Дацкевіча і Васіля Гадулькі. .
Надзея Давідзюк бачыць сваю жыццёвую місію ў папулярызацыі кнігі, у тым, каб захапіць дзяцей чытаннем, улюбіць у папяровыя выданні. Надзея Антонаўна дзеліцца, што ніколі не пыліцца на паліцы і наша раённая газета “Жабінка актуальна” – яна ўвесь час на руках. Асаблівым попытам карыстаюцца нумары раёнкі, у якіх распавядаецца пра ракітчукоў, што не дзіўна: цікава ж пачытаць пра герояў жніва, дасягненні мясцовай гаспадаркі, пра суседзяў ды знаёмых.
Вечары-партрэты, вясковыя пасядзелкі, тэматычныя вечарыны, духоўныя гутаркі з айцом Пятром – настаяцелем Свята-Успенскага храма вёскі Булькова – далёка не ўвесь пералік форм работы бібліятэкара Надзеі Давідзюк.
– Для выхаванцаў школьных лагераў заўсёды прадумваю двухгадзінную пазнавальна-забаўляльную праграму, і час, паверце, ляціць незаўважна, – дзеліцца Надзея Антонаўна. – Дзеці – самыя доўгачаканыя госці ў нашым храме кніг і, мабыць, самыя ўдзячныя чытачы.
Да Надзеі Давідзюк прыходзяць тыя самыя госці на чарговы бібліятэчны ўрок, а мы ціхенька зачыняем дзверы і разам са старастай Алёнай Ларыёнавай рушым далей. Нас чакае не менш цікавая суразмоўніца Алена Лысюк, што жыве на вуліцы Настаўніцкай.
Рух – гэта жыццё
Не, Алена Міхайлаўна не працавала настаўніцай, яна рупілася да выхаду на заслужаны адпачынак бухгалтарам. Алена Лысюк пачала свой расповед здалёк:
– Нарадзілася я ў Расіі, на Урале, у 1943 годзе. Пасля эвакуацыі ў 1946-м наша сям’я пераехала ў Краснадар. Падчас вучобы там я пазнаёмілася са студэнтам з Беларусі Сяргеем Лысюком, які неўзабаве стаў маім мужам. Мой Сяргей Трафімавіч быў родам з вёскі Навасады Жабінкаўскага раёна, і ў 1975 годзе мы пераехалі на малую радзіму мужа. З тае пары Беларусь стала для мяне таксама роднай краінай. Як яна змянілася за гэтыя паўстагоддзя! Як зараз памятаю драўляныя будынкі на бульвары Шаўчэнкі ў Брэсце, а цяпер горад над Бугам разбудаваўся, пашырыў свае межы, папрыгажэў, стаў сучасным, мадэрновым. Гэта прыгранічны абласны цэнтр з больш як тысячагадовай гісторыяй. А як змянілася наша Жабінка дый Ракітніца! У аграгарадку раней былі дзве вуліцы: 24 з’езда КПСС і Настаўніцкая. А цяпер з’явіліся Вішнёвая і Садовая, Каштанавая і Вінаградная, Кляновая і Альховая… Цэлы вішнёвы сад!

Алена Міхайлаўна сочыць за сабой і за сваім здароўем. Яна ўвесь час у руху: садзіць агарод, любіць хадзіць пешшу на далёкія адлегласці, ні дачцэ, ні сыну, ні нявестцы не дазваляе выконваць за яе пэўную работу – усё стараецца зрабіць сама. А яшчэ наша гераіня вельмі таленавітая – да сямідзесяці гадоў спявала ў вакальным ансамблі “Вярбічанька” Ракітніцкага сельскага Дома культуры.
– І ўнучка ў мяне прафесійна спявае – Вікторыя Лысюк, якая мае сцэнічны псеўданім Мэйбі Бэйбі! Яна нядаўна прыязджала з Санкт-Пецярбурга, дзе зараз жыве і працуе, у Жабінку, выступала перад маладзёжнай аўдыторыяй і да мяне ў госці заязджала, – з гонарам кажа Алена Міхайлаўна. – Віка дзесяць гадоў танцавала ў “Каруначках” пад кіраўніцтвам Ірыны Феафанаўны Румко, скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. А потым пачала чытаць рэп, выступаць у складзе расійскай групы “Фрэндзона”. Зараз у яе сольная кар’ера.
Акрамя Вікторыі, у Алены Лысюк яшчэ чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, якія часта наведваюцца ў гасцінны бабулін дом. Першым усіх сустракае сабака Жулік, але ён зусім не жулік, а вельмі ласкавая і разумная жывёліна. Жулік доўга прыглядаецца, хто прыйшоў і з якімі намерамі, і вырашае, прапускаць госця ці не.
Алена Лысюк, хоць і вырасла ў вялікім горадзе, не баіцца ніякай вясковай работы. Разам з мужам, пакуль ён быў жывы, трымалі вялікую гаспадарку, жылі ў дамах з пячным і паравым ацяпленнем, а цяпер Алена Міхайлаўна трымае курачак, садзіць агарод і заклікае ўсіх суседак шаноўнага ўзросту не сядзець без справы, рухацца, пакуль ёсць сіла ў руках і нагах.
І мы рухаемся далей па прасторах Ракітніцкага сельсавета. Да новых сустрэч!
Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/zhabinka_actualna
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
