У “Вазнясенскім” настрой узнёслы

І для гэтага ёсць важкія прычыны. У артыкуле будуць не раз гучаць словы “першыя” ды “лепшыя”, бо “вазнясенцы” працуюць паспяхова, рупліва і з любоўю да зямлі, якая добра родзіць. Таму шмат у чым гаспадарка перадавая. Нездарма (і гэта не зусім звычайна) сваё імя ААТ “Вазнясенскі” ўзяў ад тутэйшага гожага храма. Мабыць, сам Бог даруе дапамогу мазолістым рукам працаўнікоў.

– За апошнія дзесяць год высока ўзнялі планку як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве, – задаволена гаворыць гаспадыня – дырэктар сельгаставарыства Надзея Кандрацюк, – прычым робім усё не хаатычна, а сістэмна, што і прыносіць выдатныя вынікі на абласным і рэспубліканскім узроўні.

А вось і доказы – шматлікія ўзнагароды, якія займаюць цэлую шафу ў дырэктарскім кабінеце. Самыя каштоўныя, атрыманыя за два апошнія гады: Ганаровыя граматы, уручаныя аграрыям з “Вазнясенскага” Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання за перамогі ў рэспубліканскіх аглядах-конкурсах на лепшую арганізацыю па ахове працы, а таксама па добраўпарадкаванні машынных двароў ды гатоўнасці рамонтна-абслуговых баз да працы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ. Таму зусім нездарма ААТ “Вазнясенскі” сёлета абвешчана на ўсю Беларусь пераможцам спаборніцтва за прэстыжнае званне сельгаспрадпрыемства высокай культуры земляробства.

– Каб гэтага дасягнуць, – заўважае Надзея Рыгораўна, – давялося вельмі-вельмі шмат папрацаваць кожнаму са 155 “вазнясенцаў” і найперш усёй нашай зладжанай камандзе.

Пад камандай вопытны кіраўнік мае перш-наперш на ўвазе галоўнага агранома Ларысу Марчук і галоўнага заатэхніка Аляксандра Досту. Разам з дырэктарам яны складаюць сапраўдны касцяк гаспадаркі, своеасаблівы штаб добрых памкненняў і выдатных дасягненняў, што прыносяць выдатны плён.

– Аднак задуманыя імі планы нельга было б выканаць без механізацыі, якой кіруе галоўны інжынер Андрэй Галавейка, – дадае Надзея Кандрацюк. – І ўсё ж, не забываемся, пры любым раскладзе баль правіць Яе вялікасць эканоміка, а таму нельга пераацаніць ролю нашага галоўнага эканаміста Марыі Галавейка, якая своечасова аналізуе ўсе паказчыкі, надзейна трымаючы руку на пульсе жыцця гаспадаркі.

Калі прагучала слова “паказчыкі”, ёсць сэнс зазірнуць у зводкі-графікі. Лічбы за дзевяць месяцаў усцешваюць, таму нездарма ў “Вазнясенскім” настрой узнёслы. Яны сведчаць: вынікі адны з найлепшых у раёне па ўсіх накірунках сельскай гаспадаркі. Прыкладам, надой на адну рагулю тут самы высокі на Жабінкаўшчыне – 7345 кілаграмаў. Толькі ўявіце, сярод 198 гаспадарак вобласці “вазнясенцы” па гэтым паказчыку займаюць сёмае месца на Брэстчыне! Згадзіцеся, вынік выдатны, які выклікае заслужаны гонар.

Што тычыцца вырошчвання зерневых з улікам кукурузы, ураджайнасць у “Вазнясенскім” найвышэйшая ў раёне – 65 цэнтнераў з гектара. А па выніках сёлетняй уборкі цукровых буракоў план перавыкананы амаль на 120 працэнтаў пры ўраджайнасці (зноў жа самай значнай на Жабінкаўшчыне) у 786 ц/га.

Аднак, як бы не радавалі вынікі працы земляробаў, усё ж асноўнай у таварыстве застаецца жывёлагадоўля. Яна штомесяц прыносіць значную грашовую выручку, якая складае 70 працэнтаў ад агульнай. Таму адна з галоўных задач – забяспечыць статак у 2650 галоў якаснымі кармамі. І гэта выканана таксама найлепшым чынам: амаль на 110 працэнтаў пры ўліку, што на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 35,7 цэнтнера кармавых адзінак.

І вось яшчэ важны штрых. У гаспадарцы цудоўна разумеюць: каб патрабаваць аддачу ад людзей, трэба ствараць ім належныя ўмовы працы. Разумеюць і ствараюць! Паўсюль пануе чысціня, у чым упэўніліся, зазірнуўшы на мехдвор, дзе ў той час шчыравалі “вазнясенскія” працаўнікі Аляксандр Стоцік, Дзмітрый Пучык ды Дзяніс Буян (на здымку).

На развітанне Надзея Кандрацюк пажадала тым, хто звязаны з сельскай гаспадаркай, здароўя і цярпення. А ад сябе таксама дадамо: усім вам – міру і кахання, каб быў настрой узнёслы паўсюды на Зямлі.

Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.