“Жабінкаўскі” – гэта горда і годна!

Ужо 55-ы год існуе гаспадарка, што носіць імя ўсяго раёна. Гэта і прыемна, і адказна, тым больш, што зямельныя ўладанні ААТ “Жабінкаўскі” раскінуліся ў самым сэрцы Жабінкаўшчыны – ад райцэнтра да Вялікіх Якаўчыцаў. Як жывецца, як працуецца ў сэрцы краю, цудоўна ведаюць рупліўцы з адкрытага акцыянернага таварыства.

Заўсёды адкрыты ды надзвычай працавіты і кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Вячорка. У справах ён ад рання й да вечара. І ў гэтай кругаверці, прысвечанай роднай зямлі, Міхаіл Мікалаевіч ужо амаль 20 гадоў, шэсць апошніх – на дырэктарскай пасадзе. Сёлета гэта было ацэнена на высокім узроўні, калі дырэктар ААТ “Жабінкаўскі” з Жабінкаўскага раёна атрымаў званне “Лепшы кіраўнік” ад Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза. Тое адбылося пасля пасяўной, а як скончылі жніво, – новая ўзнагарода: міністэрская Ганаровая грамата. Вядома, калі кіраўнік лепшы, дык і каманда ў яго выдатная.

Нездарма, штогод гаспадарка займае прызавыя месцы ў спаборніцтве. Вось і сёлета “жабінкаўцы” сталі другімі сярод гаспадарак раёна за высокія паказчыкі на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Вось некалькі яскравых лічбаў, што сведчаць пра добрыя паказчыкі ў сельгаспрадпрыемстве за дзевяць месяцаў гэтага года. Колас у адкрытым акцыянерным таварыстве аказаўся сапраўды залатым ды налітым, ураджайнасць дасягнула 52,8 цэнтнера з гектара. Яшчэ надзвычай парадаваў, як адзначае галоўны эканаміст гаспадаркі Віктар Валасюк, азімы рапс, якога ўрадзіла больш у параўнанні з мінулагоднім амаль на 140 працэнтаў. Малочныя рэкі на фермах таксама не перасыхаюць, прыносячы прыбытак. Нездарма разам з намеснікам дырэктара па раслінаводстве Сяргеем Юшкевічам пабывалі на малочнатаварнай ферме “Курпічы”, дзе яе загадчык Аляксандр Давідовіч (на здымку) распавёў пра поспехі малочнай галіны.

Увогуле, у “Жабінкаўскім” перавыкананы заданні, пастаўленыя дзяржавай, і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. Вытворчасць працы ўзрасла на 123 з паловаю працэнтаў. Павялічылася таксама рэнтабельнасць продажаў. Асноўнымі спажыўцамі сыравіны, атрыманай у гаспадарцы, і вытворцамі з яе смачных прадуктаў, што трапляюць у нашы крамы, з’яўляюцца брэндавыя прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці “Савушкавы прадукт” і “Аграпрадукт”, “Брэсцкі хлебапрадукт” ды мясакамбінат у горадзе над Бугам. Акрамя іх, вядома, і наш Жабінкаўскі цукровы завод з задавальненнем ператварае ў белы пясок салодкія бурачкі з палёў “Жабінкаўскага”.

Гаспадарлівасць у адкрытым акцыянерным таварыстве паважаюць. Яна бачная паўсюль: і на фермах, і на мехдварах. Добраўпарадкавана і тэрыторыя каля канторы – галоўнага будынка сельгаспрадпрыемства.

Але ж вядома, не хлебам адзіным жыве чалавек. У гаспадарцы, якая летам наступнага года адсвяткуе сваё 55-годдзе, памятаюць і шануюць мінулае, беражліва даглядаюць за помнікам землякам, што склалі галовы падчас Вялікай Айчыннай. А непадалёк месціцца “Дошка гонару”, на якой – партрэты сённяшніх перадавікоў. Практычна пра кожнага з іх пісала раённая газета, праслаўляючы чалавека працы. Аднак калі спыталіся ў кіраўніка, каго ён можа зараз вылучыць асобна, Міхаіл Вячорка адказаў разважліва і катэгарычна:

– Асноўны фактар у сельскай гаспадарцы – гэта зямля. Так нас раней вучылі. А цяпер, мабыць, таму што адпрацаваў на гэтай самай зямлі шмат часу, усё больш разумею: галоўнае багацце – людзі. У нас 242 працаўнікі, і ёсць жаданне кожнаму сказаць дзякуй за іх надзённыя справы, вельмі няпростыя, аднак такія высакародныя.

Хочацца далучыцца да гэтых слоў, сказаных са шчырасцю гаспадарлівым чалавекам, пажадаць кожнаму, хто шчыруе на сяле, моцнага здароўя ды вялікага шчасця. Як “жабінкаўцы” працуюць, дык далёка за раённымі межамі чуюць: “Назва ААТ “Жабінкаўскі” заўжды гучыць горда і годна!”

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.