Яе мэта – пакарэнне агульнавайсковага факультэта

Юнакі, якія збіраюцца паступаць у Ваенную акадэмію, не выклікаюць здзіўлення. Абарона Айчыны – мужчынская справа, дый форма з пагонамі звычайна асацыюецца з моцнай паловай чалавецтва. А вось дзяўчаты, якія мараць вучыцца ў Ваеннай акадэміі, не баяцца строгага распарадку дня і моцных нагрузак, выклікаюць захапленне.

Адзінаццацікласніца СШ №1 Жабінкі Кацярына Фунцяева яшчэ ў шостым класе вызначыла для сябе, што ёй падабаюцца людзі ў форме, зацікавілася ваеннай справай.

Пачынаючы з дзявятага класа дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў ваенна-патрыятычных зборах і спаборніцтвах, што ладзіліся ў маладзёжным патрыятычным цэнтры ў Брэсцкай крэпасці. Навучэнцы займаліся рукапашным боем, агнявой, медыцынскай і турыстычнай падрыхтоўкай, вывучалі гісторыю роднага краю і Вялікай Айчыннай вайны. Інтарэс да гэтай справы разгарэўся з новай сілай. Яго падтрымліваў і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ №1 Алег Андрасюк. Кацярына вырашыла, што будзе паступаць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, і гэту мару захоўвае дасюль. Дзяўчына бачыць сябе студэнткай агульнавайсковага факультэта, а пакуль упарта ідзе да мэты, займаецца ў класе фізіка-матэматычнага профілю і рыхтуецца да цэнтралізаваных экзаменаў.

Выбар Кацярыны падтрымліваюць бацькі і старэйшы брат Аляксандр.

– Для мяне гэта вельмі важна, што мама і тата не адгаворваюць паступаць у акадэмію, разумеючы, што вучыцца там няпроста, – дзеліцца мая суразмоўніца. – Яны сказалі: “Гэта твой выбар, і мы яго прымаем і паважаем тваё рашэнне”.

Трэба сказаць, Кацярына добра падрыхтаваная фізічна. Яна гуляе ў валейбол і баскетбол, была камандзірам атрада першай школы на ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, удзельніцай каманды юных інспектараў дарожнага руху.

Самым значным дасягненнем мінулага года наша гераіня лічыць удзел у патрыятычным праекце “Цягнік памяці”, у якім яна паспяхова пераадолела раённы этап і прайшла разам з навучэнкай трэцяй гарадской школы Златай Лукашэвіч у абласны.

– У выніку ў “Цягнік памяці” адбіралі дзесяць чалавек, а я ў спісе ішла адзінаццатай – было вельмі шкада “сысці з дыстанцыі», – кажа Каця.

А яшчэ летась яна паспяхова выступіла на раённай навукова-практычнай канферэнцыі па гісторыі Беларусі з работай, якая прэзентавала вырабы з ільну.

За актыўнасць і дасягненні Кацярыну Фунцяеву неаднаразова заахвочвалі пуцёўкамі ў знакамітыя летнікі. Запамінальнай выдалася змена ў абаронча-спартыўным лагеры “Патрыёт” на базе маладзёжнага патрыятычнага цэнтра. Ад яго Кацярыну ў складзе абласной каманды двойчы накіроўвалі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, адпачынак у якім пакінуў незабыўныя ўражанні.

– Падчас леташняй змены мы паўдзельнічалі ў фестывалі “Мары нараджаюцца – мары збываюцца!”, – прыгадвае выпускніца. – Сёлета – у фестывалі ваенна-патрыятычных лагераў і клубаў “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што абараняць!”. Наша каманда заняла ў ім першае месца ў рэспубліцы і прывезла ў Брэст чатыры кубкі!

А на заканчэнне змены юнакі і дзяўчаты кружыліся ў танцы на сапраўдным балі. Ад кожнай каманды на яго былі запрошаны па дзве пары, і наша Каця была сярод тых шчасліўчыкаў.

Але і гэта далёка не ўсе дасягненні таленавітай прыгожай дзяўчыны Кацярыны. Яна скончыла музычную школу па класе баяна, дзе займалася ў педагога Наталлі Грэцкай, умее іграць на фартэпіяна, гітары, цымбалах і барабанах. Каця была ўдзельніцай узорнага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Наталлі Мікалаеўны.

– Мы шмат выступалі, а ў конкурсах амаль заўжды перамагалі, – дзеліцца дзяўчына.

Да таго ж Каця цудоўна спявае, вакалу яе вучыла педагог дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Белая.

Упэўнены, усім гэтым навыкам і здольнасцям Кацярына Фунцяева знойдзе прымяненне і ў Ваеннай акадэміі, куды мы жадаем ёй паспяховага паступлення.

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.