Умеюць тварыць і цікава адпачыць

Навучальны год падышоў да фінальнай рысы. Між іншым, ёсць сэнс прыгадаць творчыя справы, якіх багата ў Жабінкаўскай школе-інтэрнаце.

Зусім нядаўна ладзіўся штогадовы абласны конкурс творчасці сярод людзей з інваліднасцю па зроку “З песняй па жыцці”, арганізаваны ГА “БелТІЗ”. У творчым спаборніцтве паўдзельнічалі старшакласнікі школы-інтэрната Вераніка Анташок ды Іван Рудзіч. Дзяўчына перамагла ў намінацыі “Жаночы вакал”, а Іван заняў другое месца сярод спевакоў, якія прадстаўлялі мужчынскі вакал. Да выступлення на сцэне абласнога грамадска-культурнага цэнтра навучэнцаў падрыхтаваў педагог дадатковай адукацыі Эдуард Пішчык.

У конкурснай праграме паўдзельнічалі самадзейныя артысты з розных куткоў Брэстчыны, у асноўным – дарослыя выступоўцы, толькі Жабінкаўская школа-інтэрнат была прадстаўлена юнымі спевакамі. Тым больш значным выглядае іх поспех.

– Гэта адзін са шматлікіх конкурсаў, у якім вызначыліся нашы дзеці, – гаворыць завуч па выхаваўчай рабоце Алена Ніканорава. – Поспех ім спрыяе ў розных відах творчасці. Літаральна днямі школа атрымала граматы, заваяваныя нашымі выхаванцамі ў спаборніцтве “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Вельмі прыемна, што Альберт Літвінюк, Канстанцін Магіла, Іван Кавальчук і, зноў жа, Вераніка Анташок сталі пераможцамі ажно ў некалькіх намінацыях, а ў Рамана Жоўклага – грамата за другое месца. Свае заслужаныя ўзнагароды нашы таленавітыя выхаванцы атрымалі на апошняй лінейцы.

Увогуле, у навучальнай установе вельмі шмат цікавых спраў. Выхаванцы з задавальненнем атрымоўваюць заслужаныя сертыфікаты з рук дырэктара Аляксандра Кавальчука за ўдзел у шматлікіх аб’яднаннях па інтарэсах, якія працуюць у школе. Такіх, напрыклад, як аб’яднанне “Камфортыка”, што вядзе педагог-псіхолаг Зарыніка Плашкевіч.

Актыўна праходзіць і шосты школьны дзень. Дзеці вывучаюць родны край ды падарожнічаюць па ім з любоўю. І месяца не праходзіць, каб выхаванцы школы-інтэрната не выпраўляліся ў займальныя турыстычныя вандроўкі. Вядома, не стаў выключэннем і апошні веснавы месяц. У маі дзеці са сваімі педагогамі наведалі знакаміты шклозавод “Нёман”, непаўторны Нясвіжскі замак, легендарную Брэсцкую крэпасць-герой.

Адным словам, навучальная ўстанова жыве клопатам пра дзяцей, спрыяе іх творчаму росту, дапамагае расправіць крылы ў вялікім і няпростым жыцці.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва школы-інтэрната

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.