Творчасць не мае выхадных і адпачынку. А яшчэ яна нясе такі зарад, што кожны шчаслівы на фестывалях пабываць, каб за іншымі паназіраць ды свае магчымасці паказаць.
Вось і ў замінулыя выхадныя жабінкаўскія самадзейныя артысты ў чарговы раз усіх пераканалі, што яны яркія самабытныя зоркі на мастацкім небасхіле Брэсцкай вобласці.
Спачатку ў суботу нашых таленавітых землякоў паклікаў цудоўны Бездзеж. Хто не ведае ці раптам запамятаў – у аграгарадку ёсць непаўторны музей “Бездзежскі фартушок”. І вось ужо ў шосты раз на музейным падворку ладзілася абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак”. У фестываля – чысты, народны, найчасцей дзіцячы галасочак. У Бездзеж прыехалі больш за дзясятак калектываў, у якіх развіваюць народныя традыцыі каля дзвюхсот хлопцаў і дзяўчат.
Жабінкаўшчыну, як заўсёды годна, прадставілі ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца” Хмелеўскага СДК пад кіраўніцтвам Таццяны Дзмітрук і студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чароўная саломка”, якую ўзначальвае народны майстар Ірына Коваль. Юныя фалькларысты ды аматары ствараць цуды з залатой саломкі вярнуліся ў родную Жабінку не толькі з выдатнымі ўражаннямі, але і дыпломамі І ступені.
Не абмінулі ў Бездзежы заслужаныя ўзнагароды і іншых нашых землякоў з аматарскіх аб’яднанняў “Асарці” (кіраўнік Марына Дулевіч), “Гаспадынька” Ленінскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам М.П. Кавылінай, “Забава” на чале з Таццянай Мікалаюк (Сцяпанкаўскі СДК), ды хмелеўцы, аб’яднаныя Таццянай Грыцук у “Алесі”. Аднак не столькі колькасцю, як якасцю ды яркасцю выступленняў пакарылі нашы землякі журы ды гасцей свята. Вынік прадказальны і прыемны: скарбонка калектываў, якія ўваходзяць у Жабінкаўскую цэнтралізаваную клубную сістэму ўзбагацілася ў адначассе ажно 11 (!) дыпломамі.
А праз дзень свой творчы “скарб” адшукаў і народны хор “Скарбніца”. Для гэтага артыстам давялося накіравацца на “Пеўчае поле”. Дзе такое бывае і што яно азначае? Пад такой назвай у нядзельны дзень у чарговы раз у Пружанах ладзілася адкрытае свята-конкурс вакальна-харавога мастацтва, заснаванае ў гонар знакамітага беларускага дырыжора і кампазітара, педагога і фалькларыста Рыгора Шырмы. Сёлета на радзіму Рыгора Раманавіча завіталі, каб паказаць сваю творчасць, амаль паўсотні калектываў. Зразумела, канкурэнцыя была моцная. Тым больш унушальным выглядае поспех жабінкаўцаў. “Скарбніца” выдатна трымалася на творчай арбіце і вярнулася ў родны горад-спадарожнік з дыпломам ІІ ступені і статуэткай прызёраў конкурсу.
Віншуем працаўнікоў культурнай нівы з выдатным “ураджаем”!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота прадстаўлены Жабінкаўскай ЦКС
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
