
У панядзелак, 23 лютага, у Жабінкаўскай дзіцячай бібліятэцы прайшла сустрэча школьнікаў з беларускай паэтэсай Настассяй Нарэйкай, якая жыве ў Камянцы. Паэтычнае спатканне ладзілася з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і прайшло ў цёплай даверлівай атмасферы, што аб’яднала цудоўную творцу, бібліятэкараў і навучэнцаў першай гарадской школы горада Жабінкі імя Івана Мікалаевіча Зубачова.

Настасся Нарэйка аддана любіць родную беларускую мову. З маленства яна адчувае яе прыцягальнасць і птушыную спеўнасць. Пагэтаму і стварае свае вершы ды празаічныя творы ў асноўным на роднай мове, якая бязмежна лашчыць слых.
Таленавітая паэтэса нарадзілася ў горадзе Маладзечне, што на Міншчыне. Аднак, як прыйшоў час, набыла ў старажытным і прывабным Камянцы і другую сваю малую радзіму, да якой, што называецца, моцна прырасла сэрцам. Па прафесіі яна журналістка і зараз працуе адказным сакратаром газеты “Навіны Камянеччыны”, адначасова з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Настасся Нарэйка – аўтар зборніка вершаў “Магдэбургскае права маёй душы”, які пабачыў свет у 2013 годзе. З-пад яе пяра выйшла вялікая колькасць публікацый у перыядычных выданнях, у тым ліку ў рэспубліканскіх творчых выданнях: газеце “Літаратура і мастацтва” і часопісе “Полымя”.
Паэтэса станавілася лаўрэатам многіх рэспубліканскіх конкурсаў. Ёй спрыяла перамога ў намінацыі “Паэзія” літаратурнай прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта імя Уладзіміра Калесніка (гэтую прэстыжную ўзнагароду паэтка атрымала ў 2017 годзе).
На сённяшняй сустрэчы госця з радасцю размаўляла з дзецьмі пра прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы, задавала ім цікавыя пытанні і сама з задавальненнем адказвала на пытанні, што ўзнікалі ў юных чытачоў, што завіталі на сустрэчу ў дзіцячую бібліятэку.
Падрабязней пра гэтае цёплае творчае спатканне ў горадзе-спадарожніку з роднай беларускай мовай і таленавітай яе носьбіткай, чытайце ў наступным нумары газеты “Жабінка актуальна”, што пабачыць свет 4 сакавіка.


















Антон ЦЫМУС
Фота Дзияны МЕЛЬНІКАВАЙ
Popularity: 1%









































































































































































































