
20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, у Хмелеўскай сельскай бібліятэцы прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Размаўляй па-беларуску”, у якой прынялі ўдзел навучэнцы 4 класа Хмелеўскай СШ.
У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, і нашу беларускую мову мы ўсе павінны ведаць.
Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, чаму гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце, на якіх мовах размаўляюць у розных краінах, і з любоўю ўслухоўваліся ў меладычнасць роднай мовы.
Шмат беларускіх песень, вершаў, урыўкаў з літаратурных твораў прагучала ў гэты дзень. Конкурсы, гумарыстычныя гульні, цікавыя заданні дапоўнілі мерапрыемства: “Гумар у роднай мове”, “Што азначае гэтае беларускае слоўца”, “Пераклад на беларускую мову фразеалагізмаў”, “Дапоўні прыказку”, “Шануй, ведай, вывучай” і іншыя. Да ўвагі прысутных былі прапанаваны выданні, прадстаўленыя на кніжных выставах “Родная мова” і “Час чытаць кнігі роднай краіны”. Нават салодкія пачастункі, якія атрымалі ўдзельнікі, дапамаглі бліжэй дакрануцца да роднай мовы, бо кожная цукерка з’яўлялася носьбітам цудоўных, мілагучных беларускіх слоў: пяшчота, ціхамірнасць, ветлівасць, удзячнасць…
Напрыканцы сустрэчы прысутныя прыйшлі да меркавання часцей размаўляць на роднай мове, берагчы, шанаваць і вывучаць яе.









Источник ГУК «Жабинковская РЦБС»
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
