Юная майстарка праслаўляе радзіму праз мастацтва

Хвалі творчасці і любоў да роднай зямлі, да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прывялі навучэнку Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Дар’ю Белахвост да перамог у розных конкурсах, да праслаўлення малой радзімы ў Беларусі і не толькі.

Чатырнаццацігадовая Даша – увасабленне беларускай красы: прывабная, светла-русая, стройная, сціплая дзяўчына. Сем гадоў таму следам за старэйшай сястрой Карынай Дар’я запісалася ў аб’яднанне па інтарэсах “Чароўная саломка” раённага цэнтра творчасці. Педагог Ірына Коваль адразу заўважыла, што ў дзяўчынкі цудоўна развіта дробная маторыка, што яна хутка і па-майстэрску прыгожа стварае саламяных павучкоў, кветкі, лялькі, вяночкі…

За гады навучання Дар’я ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і заўсёды вярталася з узнагародамі. У скарбонцы юнай майстрыхі граматы і дыпломы за перамогі ў беларускай “Каляднай зорцы”, усерасійскім “Навагоднім цудзе” ды іншых творчых спаборніцтвах.

Улічваючы Дашыны таленты і ўнушальны спіс яе ўзнагарод, у тым ліку на міжнародным узроўні, педагог дадатковай адукацыі Жабінкаўскага РЦТДіМ, народны майстар Беларусі па саломапляценні Ірына Коваль прапанавала дзяўчыне заняткі па індывідуальнай праграме ў аб’яднанні “Салома ART”. Такім чынам, цяпер дзесяць гадзін на тыдзень Дар’я займаецца любімай справай у “Чароўнай саломцы” і “Саломе ART”.

Сёлетні год асабліва паспяховы для нашай гераіні. Вясной Дар’я Белахвост ужо трэці раз паўдзельнічала ў абласным фестывалі-конкурсе юных мадэльераў “Brest junior fashion 2024”, адкуль вярнулася з дыпломам І ступені. Перамогу дзяўчыне прынесла яе аўтарская калекцыя галаўных убораў і аксесуараў “Радзіма Vibe”, выкананая з натуральных матэрыялаў.

– Дашына калекцыя прасякнута пачуццём любові і павагі да нашай сінявокай Беларусі, – расказвае Ірына Коваль. – Каляровая гама калекцыі “Радзіма Vibe” адлюстроўвае асноўныя колеры дзяржаўнай сімволікі нашай краіны: чырвоны і зялёны. Слоган калекцыі і брэнда “Радзіма Vibe” – “На хвалях роднай зямлі”.

Гартаем разам з Ірынай Міхайлаўнай і Дашай партфоліа калекцыі, і ў мяне дух захоплівае ад такой прыгажосці. Юная аўтарка вянкоў, завушніц, брошак і кулонаў стварыла іх з драўляных нарыхтовак, бусін і саломы. Візітная картка калекцыі – ільняная сукенка зялёна-белага колеру і саламяны вянок з чырвонымі кветкамі. Стыльныя завушніцы ўдала дапаўняюць вобраз дзяўчыны-Радзімы.

Ірына Коваль расказвае, што, калі Дар’я Белахвост выйшла ў такім вобразе на сцэну “Brest junior fashion 2024”, нібыта пасвятлела вакол ад саламянай “залатой” кароны і прыгажосці самой мадэлі. Журы было ў захапленні і выбрала Дашу пераможцай конкурсу. Да слова, ніякіх мадэльных школ дзяўчына не заканчвала, вытанчанасць і зграбнасць у яе ад прыроды, як і шматлікія таленты. З дзяцінства нашай гераіні падабалася ў якасці мадэлі ўдзельнічаць у конкурсах моды і стылю. Дзякуючы ім і сваім вырабам Дар’і пашчасціла зняцца ў тэлепраграмах “Берасцейская скарбніца” і “Жывая спадчына”.

Сёлета работы Дашы Белахвост, Паліны Камянчук і Мацвея Басняка прымалі ўдзел у выставе-кірмашы на рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў”.

– Нам неабходна было стварыць з саломкі калекцыю купальскіх кветак: лён, канюшыну, рамонкі – імі былі ўпрыгожаны сукенкі мадэляў, сярод якіх былі Купалінка і Купаліш. Без падманнай сціпласці магу сказаць, што нашы мадэлі выглядалі вельмі годна і стыльна, – з гонарам кажа Ірына Міхайлаўна.

Ірына Коваль як народны майстар па саломапляценні – пастаянны ўдзельнік святаў розных гарадоў.

– На Дні горада Брэста ў гэтым годзе прысутнічала музычны эксперт праграмы “Ну-ка, все вместе!” на тэлеканале “Расія 1” Вікторыя Бялова. Для стварэння сцэнічнага вобраза ёй патрэбны былі завушніцы і вобруч, і Вікторыя спыніла свой выбар на Дашыных вырабах, купіла іх, а потым даслала нам фота ў Дар’іных завушніцах, якія цяпер гуляюць па Маскве.

Іншая пара завушніц з калекцыі “Радзіма Vibe” апынулася ажно ў Іспаніі. Такі інтарэс да вырабаў з саломы і дрэва, на думку Ірыны Коваль, ва ўдалым спалучэнні народнай аўтэнтычнай творчасці з сучаснымі моднымі стылямі.

На наступны год на конкурсы “Прывітанне, свет!” і “Brest junior fashion” разам з дзяўчатамі з “Чароўнай саломкі” Дар’я рыхтуе саламяныя вянкі-кароны, якія будуць спалучацца з хустачкамі на плячах юных мадэляў.

Даша лічыць, што народная творчасць – гэта невычэрпная крыніца для стварэння стыльных рэчаў з нацыянальным каларытам. Дзяўчына захапляецца дызайнам, модай, яе цікавіць б’юці-сфера. У бліжэйшых планах нашай гераіні – паступіць у абласны ліцэй імя П.М. Машэрава, а куды лёс і творчасць завядуць далей, пакажа час.

Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Дар’і БЕЛАХВОСТ

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.