У Жабінкаўскім раёне адзначылі стагоддзе настаўніка і мясцовага паэта Васіля Давідчыка

Кажуць: “Век пражыць – не поле перайсці”. І калі ўжо прыйшоў у гэты свет, дык трэба гарэць, а не капціць… 12 ліпеня споўнілася б сто гадоў з дня нараджэння Васіля Гаўрылавіча Давідчыка (1924–1995). Яго і цяпер з удзячнасцю ўспамінаюць у Залуззі – настолькі глыбокі след пакінуў настаўнік, ветэран, паэт.

Яго паэтычны голас не раз гучаў са старонак “Сельскай праўды”. Увогуле, Васіль Гаўрылавіч меў шмат захапленняў. Ён быў зацяты рыбалоў і паляўнічы, а вершы ды байкі пісаў па-руску, беларуску і на мясцовай гаворцы, стаяў ля вытокаў фальклорнага гурта “Багуслаўка”, для якога пісаў сцэнкі, песні і дасціпныя прыпеўкі.

Пра тое, якім быў гэты самабытны чалавек, згадвае журналіст і пісьменнік Расціслаў Бензярук:

– Ён да апошняга часу здаваўся мне чалавекам без узросту. Невысокі, шчуплы ў плячах, з вялікімі акулярамі і прыветнай усмешкай, Васіль Гаўрылавіч быў аднолькава свой у любой кампаніі. Столькі сяброў, як у Давідчыка, магчыма, не меў ніхто. Вясковы філосаф і паэт, ён рана ўсвядоміў: шчаслівы не той, хто бярэ, а той, у каго ёсць што аддаць. Многія гады Васіль Давідчык быў душой літаб’яднання “Плынь”. Са свайго Залуззя, ці, як ён называў гэтую частачку вёскі, з Багуславічаў, ён прыязджаў на “трахатуне”-матацыкле, узрост якога таксама нялёгка было вызначыць. Ставіў яго ля рэдакцыі, і ўсе гуртам адпраўляліся выступаць у бібліятэку ці школу. Давідчыкавы гумарыстычныя вершы і байкі заўсёды добра прымаліся слухачамі.

9 мая 1995 года краіна святкавала 50-годдзе Вялікай Перамогі. Васіль Гаўрылавіч як заўсёды ярка выступіў на мітынгу ў Вялікіх Якаўчыцах, заклікаючы моладзь шанаваць памяць воінаў-вызваліцеляў, а наступным днём ветэрана не стала. Са светлай усмешкай ён пайшоў у вечнасць.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.