Жабінка – “Хатынь”: 55 гадоў дарогаю памяці

Сёння будзе 55 гадоў з часу, як пад Мінскам быў адкрыты сусветна вядомы мемарыяльны комплекс “Хатынь”. У той ліпеньскі дзень дэлегацыі з усёй Беларусі прыехалі на месца, дзе некалі знаходзілася мірная вёска, знішчаная карнікамі вясной 1943 года. Урачыста і журботна, пад самотныя гукі хатынскіх званоў, пачынаў сваё жыццё мемарыял, і тыя званы чулі, між іншымі, жабінкаўцы, якія прывезлі зямлю, змешаную з попелам, – усё, што засталося на гэтым свеце ад нашага Драмлёва.

Сярод аўтараў мемарыяла быў 33-гадовы архітэктар Леанід Левін. Пры жыцці ён стварыў шмат адметных мастацкіх твораў, аднак “Хатынь” назаўжды засталася вяршыняй творчасці выдатнага дойліда.

Драмлёва і Ацячызна

Была субота 28 чэрвеня 1969 года. Каля драмлёўскага кургана сабраліся на мітынг людзі. Нагодай сталі падзеі, агучаныя другім сакратаром райкама партыі Вольгай Цімашук: Беларусь рыхтуецца да 25-годдзя вызвалення, з гэтай прычыны пад Мінскам будуць адкрыты Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Прамоўца запрасіла ўсіх усыпаць жменькі зямлі ў адмысловую капсулу. Зямлю з былога Драмлёва патрэбна было адвезці ў мемарыял. На мітынгу урну, напоўненую драмлёўскай зямлёй, уручылі колішняму партызану Мікалаю Плавуху і былой жыхарцы “вогненнай вёскі” Веры Кулінчык. 11 верасня 1942 года, у той трагічны Галавасек, Вера Фёдараўна адсутнічала ў вёсцы, якую палілі карнікі, таму выпадкова пазбегла гібелі, але балючую памяць пра аднавяскоўцаў захоўвала да самага скону. У складзе дэлегацыі, якая накіроўвалася ў “Хатынь”, быў таксама будучы старшыня Сцяпанкаўскага сельсавета Іван Макасюк. Згадваючы тую вандроўку, Іван Аксенцьевіч расказваў:

– Вазіў нас Іван Баярчук, шафёр старшыні калгаса “Усход”. У дарозе нас некалькі разоў спыняла міліцыя, аднак, калі бачылі ў багажніку вянок і зямлю з Драмлёва, адразу прапускалі.

У 1969 годзе 5 ліпеня таксама было суботнім днём. На плошчы перад уваходам у мемарыял сабраліся дэлегацыі са спаленых вёсак. Людзей было мноства, гучалі прамовы… Раптоўна напружаная цішыня патанула ў жалобнай мелодыі. На ўзвышша – там, дзе была пазнака пра Драмлёва і іншыя “вогненныя вёскі”, – узышлі жанчыны, апранутыя ва ўсё чорнае, і заспявалі памінальную песню. А затым да ўнікальнага “Могільніка вёсак” пачалося ўскладанне вянкоў. Больш такога помніка няма нідзе ў свеце. У ім захоўваюцца капсулы з зямлёй 185 мірных беларускіх паселішчаў, якія пасля вызвалення не вярнуліся да жыцця. 186-й вёскай, па задуме аўтараў, стала сама Хатынь. Гэтак мемарыял пад Мінскам увабраў у сябе часцінкі дзясяткаў мемарыялаў з усёй краіны.

Сёлетняй вясной мне пашчасціла зноў пабываць у “Хатыні”. І хоць цудоўна ведаў, дзе шукаць Драмлёва, спатрэбіўся пэўны час, каб пабачыць знаёмую назву на хатынскіх “Могілках вёсак”. Для таго, хто пабывае ў мемарыяле, пакідаю падказку: памятны знак “Драмлёва” месціцца ў дзявятым радзе (гэта трэцяя вёска з правага боку). Было яшчэ адно адкрыццё. Аказваецца, наша “вогненная вёска” – не адзіны населены пункт Жабінкаўскага раёна, ушанаваны ў мемарыяле. Адразу за “Могілкамі вёсак” знаходзяцца “Дрэвы жыцця”, прысвечаныя паселішчам, разбураным у вайну, але адроджаным пасля вызвалення. У спісе 433 назвы. Сярод іх – Ацячызна (сённяшні аграгарадок Ленінскі).

Апошняя вялікая справа

Летась пабачыла свет кніга “Галавасек”, прысвечаная падзеям 11 верасня 1942 года ў гаротнай вёсцы Драмлёва. Яна стваралася восем гадоў. За гэты час было апытана шмат сведкаў драмлёўскай трагедыі. На жаль, час няўмольны, і цяпер у жывых застаецца толькі Вера Самсонаўна Кірыльчук. Яна з 1936 года – аднагодка Леаніда Левіна.

Праз год пасля адкрыцця мемарыяла Леанід Мендэлевіч разам з іншымі стваральнікамі “Хатыні” Сяргеем Селіханавым, Юрыем Градавым і Валянцінам Занковічам атрымаў Ленінскую прэмію.

На працягу жыцця знакаміты архітэктар стварыў шмат мемарыялаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Незадоўга да смерці акадэмік Леанід Левін (1936 – 2014) у якасці старшыні гістарычнага таварыства “Трасцянец” і Саюза беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын паўдзельнічаў ва ўшанаванні ахвяр масавых яўрэйскіх расстрэлаў, што праводзіліся нацыстамі ў часы акупацыі. Захаваць памяць пра ліхалецце стала для яго апошняй вялікай справай, якой дойлід прысвяціў апошнія гады жыцця. Больш за сотню валуноў з надпісамі на беларускай, англійскай і яўрэйскай мовах увекавечылі шматлікія ахвяры Халакосту. У 2012 годзе адзін з такіх камянёў паўстаў у Жабінцы побач з іншымі памяткамі крывавай вайны на вуліцы Міру.

Анатоль БЕНЗЯРУК,

фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.