
Пачалася гэта гісторыя не з марша Мендэльсона, а з непрыемнага слова “развод”. Ён адбыўся ў 2022 годзе. Жанчына ў ролі спагнальніцы звярнулася ў суд з прэтэнзіямі ў адносінах да былога мужа. Яна жадала спагнаць з таго аліменты на ўтрыманне дзіцяці, а таксама і на сваё утрыманне да часу, пакуль дачцэ не споўніцца тры гады.
Былая жонка самастойна падала выканаўчыя дакументы ў бухгалтэрыю прадпрыемства, дзе працаваў колішні муж. Аднак затым яны памірыліся і сталі зноў жыць разам, хоць у паўторны шлюб уступаць не спяшаліся. За гэты перыяд даўжнік змяніў месца працы, і бухгалтар з былой работы вярнуў выканаўчыя дакументы спагнальніцы. На працягу наступных паўтара гады мыжчына ўтрымліваў колішнюю жонку і сваю маленькую дачку.
Калі ў жанчына скончыўся дэкрэтны водпуск, на працу яна не выйшла, і ён па-ранейшаму працягваў выдаткоўваць грошы, каб сям’я жыла і не бедавала. Здавалася, у гэтым месцы для гэтых дваіх у другі раз павінен быў загучаць марш Мендэльсона…
Аднак аднойчы адносіны паміж мужчынам і жанчынай зноў сапсаваліся, узніклі разлад і сварка. Дайшло да таго, што ён пакінуў дом, а яна звярнулася ў Жабінкаўскі аддзел прымусовага выканання з выканаўчым лістом аб спагнанні, пачынаючы з 2022 года, аліментаў і ўтрымання сябе, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады. Даўжніка выклікалі ў АПВ, дзе ён выказаў нязгоду з заявай спагнальніцы, якая сцвярджала, быццам былы муж нічога не плаціў на працягу гэтых гадоў. У пацвярджэннне сваіх слоў мужчына прадаставіў мноства квітанцый аб аплаце камунальных паслуг, дзіцячага сада ды інш.
Хочацца параіць іншым асобам, што могуць патрапіць у падобную сітуацыю: калі ў адносінах да вас суд вынес рашэнне аб выплаце аліментаў (нават калі вы прыйшлі да прымірэння, пражываеце разам і вядзеце агульную гаспадарку), усё роўна абараніце сябе на будучае і штомесяц па рашэнні суда пералічвайце грашовыя сродкі на імя колішняй жонкі. Гэткім чынам у вас на руках будзе дакументальнае пацверджанне (квітанцыя) аб уплаце аліментаў альбо ўтрымання былой жонкі.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання; Антон БЕРАСТОК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%