
Кожны год расійская Акадэмія народнай энцыклапедыі рэалізуе інавацыйны праект “Мая Айчына”. Дзеля гэтага праводзіцца міжнародны конкурс метадычных работ. Сёлета ў ім надзвычай паспяхова паўдзельнічала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Жабінкаўскай ЦРБ Ірына Ганчар.
Праект “Мая Айчына” накіраваны на вывучэнне і папулярызацыю гісторыі і культуры розных краін, іх рэгіёнаў, лёсаў славутых землякоў. Штогадовы конкурс мае тры напрамкі: даследчы, творчы і метадычны.
Работа Ірыны Ганчар “Краязнаўчы пазнавальны квэст “Жабінка – знаёмая незнаёмка” была прадстаўлена ў намінацыі “Дыдактычныя гульні”. У самым канцы вясны ў Жабінку прыйшлі прыемная навіна і заслужаная ўзнагарода – дыплом І ступені для руплівай краязнаўцы.
Квэст сапраўды займальны, разлічаны не толькі на падлеткаў, але і людзей вельмі-вельмі сталых, паколькі трэніраваць мозг ва ўсялякім узроце карысна, тым больш у такой пазнавальнай і займальнай форме. Гуляць можна самастойна, аднак лепш – з сябрамі, гартуючы камандны дух. Калі ўсе заданні асіліш, выйдзеш на фінішную прамую, дзе зашыфраваны вядомы выраз пра родную Жабінку. Квэст па-сапраўднаму захапляе і ўзбагачае ведамі. Гульні ўжо адбываліся не толькі ў раённай, але і Цукразавадсой гарадской ды Азяцкай і Хмелеўскай сельскіх бібліятэках. І паўсюль вынік аднолькавы – выдатны!
Каб “знаёмая незнаёмка” стала далёка знаёмая і перамагла ў міжнародным конкурсе, неацэнную дапамогу Ірыне Пятроўне аказала бібліятэкар Юлія Ліпская, якая паспрыяла ў афармленні работы.
Сёлетні год, як вядома, праходзіць пад знакам 80-годдзя вызвалення Беларусі. Гэта не магло не натхніць бібліятэкараў (а яны ж людзі вельмі творчыя) стварыць новы квэст “Раўненне на Перамогу!”. У ім прысутнічаюць пытанні пра вайну і вызваленне не толькі Жабінкі, але ўсёй нашай краіны. Кожны, хто пачне яго праходзіць, упэўніцца, што гульня – справа сур’ёзная і патрабуе не толькі кемлівасці, але і досыць шмат ведаў. Да слова, напярэдадні 9 Мая бібліятэкарамі таксама былі створаны заданні, якія дапамагаюць прыгадаць быт савецкіх салдат, бліц-апытанні “Армейскі знаток”, “Згадай помнік па апісанні”, іншыя розныя галаваломкі і віктарыны.
Ну што ўзнікла жаданне пагуляць? Завітайце ў бібліятэку!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
