
Было ўжо за поўнач, калі ў дзяжурную службу райаддзела міліцыі паступіла паведамленне ад дыспетчара райбальніцы аб тым, што ў вёсцы Чыжэўшчына мужчына з прыметаю на нажавое раненне адмаўляецца ад гаспіталізацыі. Праваахоўнікі выехалі па званку.
На месцы здарэння міліцыю сустракала брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Паранены Сяргей К. ляжаў на ложку і па-ранейшаму адмаўляўся ад паездкі ў бальніцу. Расказваў, што ён быў п’яны, упаў на нейкі востры прадмет і сам сябе параніў.
Праўдзівае апавяданне пра здарэнне пачулі і тады, дома, і пасля, у судзе, ад жонкі Ірыны. Жывуць яны зараз утраіх з мужам і сваёй маці, бо на дзетак, якіх нажылі ў шлюбе, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, так што яны з Сяргеем абавязаны працаваць і аплачваць выхаванне малых у дзяржаўных установах.
Сама Ірына працуе аператарам машыннага даення ў сельгаставарыстве. У той дзень яна вярнулася з дойкі каля 23 гадзін і застала свайго мужа п’яным. Ён усё яшчэ піў. Гэта раззлавала жанчыну, і яна стала дакараць яго, а пасля ўзяла мабільны тэлефон, а там – перапіска Сяргея з незнаёмымі дзяўчатамі. У адзін момант у Ірыны ўзыграла рэўнасць: дык вось ён не думае, як бы хутчэй дамоў дзяцей забраць, а бач, што ў яго ў галаве?!
Яны пачалі крычаць, абражаць адзін аднаго. Пасля Сяргей сеў на ложак, а Ірына стаяла каля стала і сварыла мужа. Затым ён рэзка падняўся і стаў твар у твар. Ірына падумала, што Сяргей будзе біць яе, і спалохалася. Амаль машынальна схапіла нож і стукнула ў мужавы грудзі. Сяргей не ўпаў, не страціў свядомасці, а зноў сеў на ложак.
Пасля нанесенага ўдару Ірына выйшла на вуліцу пакурыць і крыху супакоіцца. Вярнуўшыся, убачыла, што кроў з раны Сяргея цячэ. Паспрабавала спыніць, але нічога не выйшла, і выклікала “хуткую дапамогу”…
Пры назначэнні пакарання суд улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, як усё адбывалася і асобу абвінавачваемай. Чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым прызнаецца як змякчаючая акалічнасць. Улічваючы ўсё гэта, суд прыйшоў да вываду, што выпраўленне магчыма без ізаляцыі Ірыны К. ад грамадства.
Суд прызнаў яе вінаватай у наўмысным прычынененні лёгкага цялеснага пашкоджання, якое выклікала кароткачасовае расстройства здароўя, што падпадае пад артыкул 153 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Згодна з ім, Ірыне К. назначана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ на тэрмін сто восемдзясят гадзін.
Хочацца верыць, што гэтае здарэнне стане для мужа і жонкі добрым урокам. Яны нарэшце ўсвядомяць, што ні п’янка, ні размахванне нажом сёння для іх не галоўнае. Трэба зрабіць усё для таго, каб хутчэй дзеткі вярнуліся дадому, каб аб’ядналася паўнацэнная сям’я, дзе шчаслівымі будуць і дарослыя, і дзеці.
Віктар НОВІК, суддзя суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль РОСТАЎ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 3%