
Амаль у кожным заходнім раёне Беларусі ёсць вёскі Агароднікі. Усе яны ўзніклі амаль адначасова ў ХVІ cтагоддзі, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім праходзіла значная аграрная рэформа. Паводле яе з каралеўскіх сёл (такіх, як Вежкі) высялялі служылых сялян-агароднікаў. Таму і паселішчы, утвораныя імі, набывалі адпаведнае імя. З тых часоў у нас і пайшло: жывуць побач дзве вёскі, а лёс маюць адзіны. Калі трапіш сюды, можаш і заблытацца, бо Агародніцкі ФАП, напрыклад, трэба шукаць у… Вежках, а Вежкаўскую царкву – у Агародніках. Аднак такі расклад здзіўляе толькі таго, хто не ведае гісторыі гэтых населеных пунктаў. У 2023-м Вежкі адсвяткавалі свае 510-годдзе, а вёска-суседка – роўна на паўвека маладзейшая. Стагоддзямі яны канкурыравалі за права ўладарыць над наваколлямі. Шалі схіляліся то ў адзін, то ў другі бок.
У малочнай ракі – высокія берагі
Пры Кацярыне Вялікай цэнтр Вежкаўскай воласці перамясціўся ў Агароднікі. Вежкі вярнулі сабе права кіраваць ваколіцамі толькі ў ХХ стагоддзі з утварэннем калгаса імя Чапаева. У наш час гаспадарку перайменавалі ў адкрытае акцыянернае таварыства “Вазнясенскі”. Яго адміністрацыйны будынак знаходзіцца ў Вежках, а блізкі Узнясенскі храм тутэйшыя да гэтага часу завуць Вежкаўскім, хоць знаходзіцца ён у Агародніках…

Такая вось сіла гістарычнай звычкі! Аднак і сённяшні бурлівы век дае жыццё новым традыцыям, звязаным з любоўю людзей да роднай зямлі і якаснай працай на ёй.
Дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк упадабала выслоўе “малако на языку ў каровы”, што азначае: колькасць малака залежыць ад якасці кармоў.
– Вёска – гэта жыццё, – пераканана Надзея Рыгораўна, – і сёння малочна-таварныя фермы – аснова асноў. Нездарма за мінулы год мы мелі агульную выручку ў 16 мільёнаў рублёў, з іх палова атрымана ад вытворчасці малака. Таму стварэнню кармавой базы для жывёлагадоўлі – наш асаблівы клопат.
У гаспадарцы ёсць і яшчэ адзін надзвычай важны клопат – прыцягнуць да сябе маладых спецыялістаў, стварыць ім належныя ўмовы працы і побыту, каб прывіць жаданне душой прырасці да гэтай зямлі. Восем маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў “Вазнясенскі”, атрымалі выдатнае жыллё і магчымасць рэалізаваць сябе ў справе.
Ёсць маладыя і на ферме “Аграроднікі”, дзе сапраўдны малочны рай. Загадчыца МТФ Марына Міхайлоўская нарадзілася ў пасёлку Белавежскі Камянецкага раёна, але знайшла сябе ў “Вазнясенскім”.
– За тое дзесяцігоддзе, што працую ў гаспадарцы, мясцовасць змянілася непазнавальна, – дзеліцца Марына Валер’еўна. – Нельга нават параўнасць, што было і як сталася. На маіх вачах абнавіліся магазін, пошта і кантора гаспадаркі, у Вежкі і Агароднікі прыйшоў прыродны газ, будуюцца дамы для спецыялістаў. Пагалоўе на нашай ферме – 1500 рагуляў, прымяняем замкнуты цыкл – ад нараджэння цялятак да дарослых кароў. Пад маім кіраўніцтвам працуюць 27 чалавек – усе выдатныя жывёлаводы!
Яны працягваюць добрыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, такімі, як Ніна Шэвель. Ніна Іванаўна, равесніца Брэсцкай вобласці, шмат гадоў і сіл аддала роднай гаспадарцы. Яе дом – побач з царквой. Жанчына згадвае, як 8 лістапада 1987 года гожы каменным храм асвячаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Пра тое гавораць таксама настаяцель айцец Уладзімір Кандрашчук і царкоўны стараста Аляксей Майсюк. У Агародніках і Вежках вера ў Бога жыве здаўна. Пра тое не аднойчы пісаў лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, акадэмік Іван Аляксеевіч Чарота, ахрышчаны восенню 1952 года ў Вежкаўскай царкве, размешчанай у Агародніках.
Вас палечыць добры фельчар
Лідзію Дзенісовіч давялося крыху пачакаць: вясковы фельчар тэрмінова выехала да пацыента, які чакаў яе дапамогі. Лідзія Паўлаўна, чалавек надзвычай ветлівы, працуе ў Агародніцкім ФАПе, размешчаным у Вежках, з 1 красавіка (і гэта не жарт!) 1988 года. Абслугоўвае больш за 400 чалавек з васьмі суседніх вёсках.

– Я нарадзілася ў Іванаўскім раёне, а сюды прыйшла адразу пасля заканчэння Брэсцкага медвучылішча. З тае пары – тут і больш нідзе! – гаворыць з усмешкай вясковы Айбаліт. – Памятаю, як пры размеркаванні ў мяне спыталіся: “Куды хочаш: у Старое Сяло ці Агароднікі?”. Як пачула пра Агароднікі, адразу падумала: “Паеду ў Агароднікі – назва прыемная, блізкая да зямлі”.
Нашу размову раптам перарваў званок старшыні Крыўлянскага сельвыканкама Святланы Пяшко, якая пацікавілася аб праблемах, што ўзнімаюць перад карэспандэнтам мясцовыя жыхары. Пытанне было і тычылася яно рамонту цэнтральнай вуліцы.
– Ёсць у людзей жаданне, каб “падлячылі” дарогу.
Святлана Філіпаўна запэўніла, што аб гэтай праблеме ведае і “лекі” будзе шукаць разам з іншымі зацікаўленымі службамі.
А мы выйшлі за парог фельчарска-акушэрскага пункта, каб прадоўжыць шлях па самым маленькім у Беларусі раёне.
Праект “Вёсачка, жыві!” “заглыбляецца” на поўнач Жабінкаўшчыны: у наступны раз едзем у сяло Глыбокае.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%