ВЯЛІКІЯ ЯКАЎЧЫЦЫ: на землях каралевы Боны

Якаўчыцы сталі Вялікімі адносна нядаўна. Раней з абодвух бакоў ад чыгункі існавалі паселішчы з аднолькавай назвай, пакуль 14 красавіка 1971 года вёска, якая была ў складзе калгаса “Прамень”, не стала Вялікімі Якаўчыцамі, а тая, што ўваходзіла ў склад калгаса імя Чапаева, атрымала афіцыйны назоў – Малыя Якаўчыцы. Яны і цяпер знаходзяцца ў розных сельсаветах. А вось стагоддзі таму абедзве вёскі былі на адной зямлі, і гэтая зямля належала знакамітай каралеве Боне Сфорца д’Арагон. 13 красавіка 1534 года каралеўскі пісарчук ўпершыню згадаў Якаўчыцы (або Якоўчычы) у сваёй грамаце. Гэткім чынам, днямі якаўчуры (як спрадвеку завуць мясцовых жыхароў) адзначылі 490-я ўгодкі вёскі і аграгарадка. Святкаваць яны любяць і ўмеюць, як тое паказалі раённыя “Дажынкі–2019”, што ладзіліся ў Якаўчыцах. Шыкоўным падарункам тады стаў прыродны газ, які прыйшоў у дамы якаўчуроў.

Найстарэйшае прозвішча

За такі доўгі час, вядома, урадлівая якаўчыцкая зямля не толькі радавала сваімі ўраджаямі, але й нараджала выдатных людзей. Адсюль паходзяць Міхаіл Шаўчук – савецкі разведчык, блізкі паплечнік легендарнага Мікалая Кузняцова, і Мікалай Мальчук, што працаваў у Цэнтры ўпраўлення касмічнымі палётамі. Аднак сённяшні расказ – пра зямное жыццё.

Сяргея Свіціча застаў на мехдвары. Ён рамантаваў грузавік. Мірная ў яго праца. Хоць Сяргей Уладзіміравіч мае і ваенны вопыт: у 1980-я гады ён служыў у Афганістане, скуль вярнуўся з медалём “За баявыя заслугі”, які перад строем уручаў кампалка, будучы генерал Леў Рохлін. Для Сяргея Свіціча гэта была самая далёкая і агнявая вандроўка ў жыцці. Увесь астатні час прысвечаны родным Вялікім Якаўчыцам. Неяк непрыкметна размова ад рамонтных работ перацякла ў… далёкае мінулае. Гэта і не дзіўна: Сяргей Уладзіміравіч – носьбіт самага старажытнага прозвішча ў Якаўчыцах (Свіцічы тут жывуць не менш за 460 гадоў!).

– Не так даўно, – з гонарам гаворыць суразмоўца, – у метрыках Вежкаўскай царквы адшукаў імя прапрадзеда. Ён быў Стэфан і меў сына Ігната. Той Ігнат нарадзіў Сідара (майго дзеда), які быў адзіным на ўсю акругу кавалём.

І з такой радасцю Сяргей Свіціч паведаміў пра сваю радаводную знаходку, што міжволі прыгадаліся прымаўка “кроў – не вадзіца” і радкі з верша Міхася Рудкоўскага: “Мой дзед быў сельскім кавалём, кавальскай справы каралём”. Вось адкуль працавітыя рукі ў Сяргея Свіціча, нашчадка кавальска-“каралеўскага” роду! І яго дынастыя мае працяг у сыне Аляксеі і ўнуку Мікіце. Наймалодшы Свіціч 1 верасня збіраецца першы раз у першы клас. Мо і нам пара ў школу?

Ёсць і школа, ёсць і клуб

Нават старадаўняе паселішча жывое, калі яно маладое. У аграгарадку працуюць школа, дзіцячы сад і сельскі клуб – прыцягальныя месцы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Спачатку, вядома, найпершая прыступка (а гэта значыцца, садзік), дзе гадуюць не толькі якаўчыцкіх дзетак, але і маленькіх жыхароў з Мацеевічаў, Вялікіх Сяхновічаў, Пруска і Залуззя. Загадчыца ўстановы Наталля Сізоненка, якая ўжо чвэрць стагоддзя працуе ў Вялікіх Якаўчыцах, задаволена вопытнымі выхавальніцамі Святланай Андраюк і Зінаідай Сацук, а яшчэ – умовамі, што стварыла дзяржава для дзяцей.

Якаўчыцкую школу, якая хутка стане школай міру, наведваюць 67 вучняў, з іх сямёра 10-класнікаў абралі для сябе аграрны профіль, вывучаюць на павышаным узроўні біялогію і грамадазнаўства. З асаблівай павагай у школе прыгадваюць вядомых землякоў, найперш чатырох кандыдатаў навук: матэматыка Васіля Дземенчука, хіміка Зінаіду Краўчук, філалога Ірыну Поўх і гісторыка Уладзіміра Мальчука.

А вось калі адзвініць званок з урокаў, вучням рады ў клубе, дзе іх гасцінна сустракаюць загадчыца Святлана Празапас і бібліятэкар Ніна Паўловіч. Святлана Рыгораўна шчыра прызнаецца:

– Тут працаваць – адна асалода, люблю людзей, асабліва дзяцей, – і паказвае, якія прыгожыя рэчы стварае разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў гуртку “Вясёлка”.

Працавітым рукам ёсць прымяненне не толькі ў клубе. Нядаўна разам са старшынёй Жабінкаўскага сельвыканкама Аляксандрам Апекуновым, дырэктарам мясцовай школы Валерыем Галавейкам і дзецьмі добраўпарадкавалі помнік землякам, загінулым у вайну, а таксама дзіцячую пляцоўку, што ўзнікла намаганнямі ААТ “Жабінкаўскі”.

– Кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Вячорка заўсёды ідзе нам насустрач, – гавораць культработнікі. – Кожны раз, як бывае ў Якаўчыцах, стараецца выслухаць нашы просьбы і, калі магчыма, дапамагчы.

На пытанне, а ў чым яшчэ жыхары чакаюць дапамогу ад уладаў, Святлана Празапас крыху задумалася, а затым прамовіла:

– Ведаеце, побач з аграгарадком – вёска Пруск. Адлегласць паміж імі каля кіламетра, а дарога дасюль гравійная… Было б вельмі добра, каб яна апранулася ў асфальт.

Паблізу ад клуба – магазін “Родны кут”. У гандляркі Святланы Дзеніскавец пацікавіліся, ці ёсць нараканні ад вяскоўцаў на працу гандлёвай кропкі, і жанчына адказала:

– Лепш пра тое ў людзей спытайцеся, а то ж, ведаеце, кожны пра сябе любімага столькі добрага раскажа…

Спыталіся, і ў адказ пачулі самыя станоўчыя водгукі. Гэта яшчэ больш узняло настрой. З такімі добрымі эмоцыямі рухаемся далей. Куды? Вясна – час завітаць у сад-агарод, а таму едзем у Агароднікі, дзе спрадвеку жывуць выдатныя агароднікі…

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.