МАЦЕЕВІЧЫ: пяць мінут – і мы тут!

Самы кароткі шлях ад горада да аграгарадка – па чыгунцы. Не паспееш сесці ў цягнік на станцыі Жабінка, як ужо чуецца аб’ява: “Прыпыначны пункт Мацеевічы”. Пяць мінут – і мы ўжо тут! Так, у райцэнтры моцны чыгуначны вузел, а ў сяле толькі чыгуначная кропка, на якой спыняюцца выключна электрычкі ды дызелі. Аднак у гістарычным плане аграгарадок дасць фору гораду (Мацеевічы на пару стагоддзяў старэйшыя за Жабінку). За такі працяглы час у мясцовай царкве было ахрышчана нямала выдатных асоб. Мо самыя знакамітыя – два Іваны. Заслужаны сувязіст Беларускай ССР Іван Міхайлавіч Грыцук у 1980–1994 гадах з’яўляўся міністрам сувязі і інфарматыкі Беларусі, а Ганаровы энергетык СССРІван Уладзіміравіч Баярчук паміж 1992-м і 2001 гадамі быў дырэктарам Бярозаўскай ГРЭС імя 50-годдзя БССР.

Сёння пазнаёмімся з іх землякамі, на чыіх вачах абнаўляецца старажытнае паселішча.

Молада і зелена

Пра тое, якое правільнае імя ў населенага пункта, спрачаліся доўга. Ад самых сваіх пачаткаў вёска была Маціевічамі, у XІХ – XX стагоддзях ужываліся назвы Маціевічы і Мацеевічы, а сёння афіцыйна прынята апошняя. Хіба толькі мясцовая вучэльня захавала ранейшае гістарычнае напісанне: ДУА “Маціевіцкая базавая школа”. Дарэчы, яе вучні колькі гадоў назад нават пісалі навукова-даследчую работу, прысвечаную метамарфозам, што здараліся за доўгія часы з назвай роднага паселішча.

Школу не могуць абмінуць не толькі навучэнцы і іх настаўнікі, але і госці здалёк. Па-першае, тут – вучэльня ў вучэльні: пяць гадоў таму ў Мацеевічах узнікла своеасаблівая “Зялёная школа”, па-другое, мясцовыя педагогі і школьнікі маюць даўнія трывалыя сяброўскія зносіны з абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

– А з гэтага красавіка рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства дае старт “Кліматычнай шкатулцы” – апрабацыі камплекту навучальных матэрыялаў па змене клімату. У праекце будзе задзейнічана ўсяго 27 устаноў адукацыі краіны. На Брэстчыне права далучыцца да яго атрымалі толькі дзве школы: Драгічынская СШ №2 і наша базавая, – з гонарам гавораць маціевіцкія педагогі.

Нават здаля адчувальна навізна

Калі рухацца ад чыгункі, адразу кідаюцца ў вочы стройныя шэрагі новых дамоў з чырвонымі і зялёнымі дахамі. Стараста Галіна Вайтовіч нават жартаўліва называе іх “нашым мікрараёнам”. Чаму б і не? Ёсць жа ў горадзе мікрараёны, могуць існаваць і ў аграгарадку.

Галіна Віктараўна – медык з вялікім стажам, працуе нават пасля выхаду на пенсію ў Брэсцкай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. А для мясцовых яна перш-наперш – стараста, да якой звяртаюцца з надзённымі праблемамі.

– Раней іх было шмат, асабліва гадоў пятнаццаць таму, як толькі стала старастай, – дзеліцца Галіна Вайтовіч. – Надзвычай істотнае пытанне вырашылася 10 год назад, калі ў мацеевіцкія дамы прыйшоў прыродны газ, а тры гады таму і вада стала добрай, як пабудавалі жалезаачышчальную станцыю. Хочацца, каб у будучым у Мацеевічах яшчэ з’явілася агульная каналізацыя, як у Крыўлянах ці Хмелеве, а таксама часцей рамантавалася дарожнае пакрыццё вясковых вуліц… Што яшчэ прыгадаць? У нас адкрыўся даўно, але перажыў значнае абнаўленне магазін “Родны кут”. Работнікі там прафесійныя, дый забеспячэнне харчовымі і прамысловымі таварамі належнае. Ёсць у нас і ФАП з аптэкай, дзе працуе малады фельчар Ангеліна Кічкайла, якая добрасумленна адносіцца да сваіх спраў, заўжды ветлівая з пацыентамі.

Кожнаму пакаленню – увага

Заўжды маюць у “асартыменце” добрыя словы, а таксама гожыя ўсмешкі не толькі гандляры ды медыкі. Ёсць яны ў наяўнасці і ў начальніка аддзялення сувязі “Мацеевічы” Анастасіі Ефлаковай, і ў бібліятэкаркі Ганны Асокінай. Ганна Мікалаеўна лічыць, што парог яе чытальні найперш пераступаюць людзі, улюбёныя ў культуру і прыгожае слова, а такіх набіраецца больш за 260 чалавек, найбольш пенсіянеры і дзеці. Людзі паважанага ўзросту не толькі шануюць кнігу, але і любяць пагутарыць. Ім зносіны – як лекі для душы.

Напрыканцы сакавіка бібліятэкар разам з загадчыцай Якаўчыцкага клуба наведала вельмі шаноўных вяскоўцаў – Мікалая Іванавіча Антанюка, якому споўнілася 92 гады, і Ганну Іванаўну Шыманка, што адзначыла 90-гадовы юбілей. Некалі пра іншую жыхарку Жабінкаўскага раёна я пісаў нарыс “Дажыві да дзевяноста і скажы, што гэта проста”. Пагэтаму не мог абмінуць хату бабулі Ганны. За яе плячыма – доўгая праца ў калгасе, а наперадзе – спадзяванне, што ў дзяцей, унукаў і трох праўнукаў жыццё будзе больш шчаслівым, чым дасталося ёй, народжанай напярэдадні вайны. У дзень, калі жанчына размяняла дзясяты дзясятак, да яе ў госці завіталі блізкія людзі з Жабінкі, Новых Двораў, далёкага пружанскага Дабучына.

А нам час прыйшоў развітвацца з аграгарадком, каб зноў патрапіць у… аграгарадок. Можна зноў за пяць хвілін даехаць чыгункаю да прыпынку Якаўчыцы. Можна і пешшу прайсціся пару кіламетраў да Вялікіх Якаўчыцаў.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.