
Геаграфічная адлегласць паміж сярэдняй школай №1 і дзіцячым садам №6 у Жабінцы крыху больш за кіламетр, а вось гістарычная – ажно 111 гадоў. З архіўных крыніц нават вядома імя першай настаўніцы, якая вучыла дзетак пісьменству ў далёкім 1913 годзе ў Жабінкаўскім народным вучылішчы, як тады называлі грамадскія школы. 18-гадовая Ксенія Лянцэвіч паходзіла з педагагічнай сям’і: яе тата Пётр Восіпавіч сеяў, як паэт казаў, “разумнае, добрае, вечнае” сакалоўскім дзецям. У сённяшніх школах выразны “жаночы твар”. Стагоддзе таму было інакш: сярод 33 настаўнікаў тагачаснай Жабінкаўшчыны былі ўсяго тры жанчыны. А што наконт вучняў? Ва ўсім раёне перад Першай сусветнай вайной налічвалася ўсяго 903 школьнікі (для параўнання: цяпер толькі ў СШ №1 імя І.М. Наганава каля тысячы навучэнцаў).
Растуць у садзіках дзеткі-кветкі
А вось садзікаў сто год таму ўвогуле не было, а зараз у райцэнтры ажно шэсць падобных устаноў штодня раскрываюць свае дзверы перад самымі маленькімі жыхарамі горада-спадарожніка, якія растуць ў садзіках, нібыта дзеткі-кветкі. Выбар у бацькоў ёсць, куды весці сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак: у садзікі №1 ці №4, калі жывяце ў мікрараёне цукровага завода, №2 або №3 – паблізу раённай бальніцы, у садзік №5, калі паблізу камбікормавы завод, альбо ў найноўшы сад №6, разлічаны на 240 месц, які ўрачыста адчыніўся паўтара года назад.
Ва ўсіх установах забяспечаны добры нагляд за юнымі жабінкаўцамі, з якімі праводзяць заняткі выдатныя выхавальнікі (амаль другія мамы для кожнага дзіцяці). А яшчэ навокал дзетак – безліч кветак, у рацыёне – якаснае харчаванне, вядома, і пра бяспеку пільна клапоцяцца дарослыя. Пазнавальныя і забаўляльныя гульні, прагулкі і салодкі бесклапотны сон таксама ў “асартыменце”.
Адным словам, робіцца вельмі шмат, каб малыя раслі, развіваліся, атрымоўвалі навыкі, патрэбныя ў школе.
А як час настае, кожнага маленькага жыхара горада-спадарожніка гучна кліча першы раз у першы клас званок адной з трох сярэдніх школ Жабінкі.
Памятаюць мінулае, пазіраюць у будучае
Сярэдняя школа №1 першая і па нумары, і па сутнасці. Нездарма яна завецца школай будучага. Зараз яе калектыў рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі шматмернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў”. Асаблівая ўвага – патрыятычнаму выхаванню. Нездарма на базе школы летась запрацаваў раённы цэнтр “Памяць”, які ўрачыста адкрылі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук, ваенны камісар вобласці Алег Канавалаў і кіраўнік раёна Андрэй Кузьміч.
Гісторыі ў першай школе – асаблівая ўвага. Нездарма з 1956 года тут працуе найстарэйшы ў раёне школьны музейны пакой, які быў капітальна абноўлены і цяпер зусім па-сучаснаму дэманструе мінулае школы і раёна. Сярод урачыстых наведвальнікаў свае аўтографы ў 2023 годзе, між іншым, пакінулі тагачасны кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Ігар Сергяенка і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, якія паўдзельнічалі ў мерапрыемстве “Мы дзеці твае, Беларусь!”. З асаблівым гонарам музейныя стэнды нагадваюць, што ў СШ №1 выкладалі Заслужаныя настаўнікі БССР Валянціна Талокіна, Ганна Сяльскова, Вера Секяржыцкая і Марыя Кавалёва, а сярод выпускнікоў былі такія асобы, як настаяцель Хмелеўскага манастыра айцец Серафім, Заслужаны артыст Беларусі Андрэй Макарук, кандыдат філасофскіх навук Надзея Лаўранюк, і гэтым спіс выдатных выпускнікоў далёка не вычарпаны. Іх славу годна працягвае і новае пакаленне.
Сярэдняя школа №2 летась адсвяткавала сваё 60-годдзе і набыла статус школы міру. Сярод найбольш запамінальных падзей апошняга часу – адкрыццё ў снежні 2023 года ваенна-патрыятычнага клуба міліцэйскай скіраванасці “Баграціён”. Цырымонію адкрыцця клуба здзейснілі начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Алег Шулякоўскі і кіраўнік Жабінкаўшчыны Андрэй Кузьміч.

Мінулы год стаў святочным і для педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы №3, дзе ўпершыню школьны званок паклікаў на ўрок 1 верасня 1988 года. Сярод многіх добрых спраў, якімі славіцца трэцяя гарадская, – удзел у рэспубліканскім праекце “Мой школьны футбольны клуб”. А яшчэ навучэнцы ганарацца трывалымі сувязямі з брэсцкімі памежнікамі і паспяховымі выступленнямі на спаборніцтвах “Цытадэль” у горадзе над Бугам і ў конкурсах юных інспектараў дарожнага руху. А яшчэ ў СШ №3 пашыраюць моўную прастору, вывучаючы кітайскую мову.
Трывалыя повязі з Інстытутам Канфуцыя і ў самай маладой ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі – ліцэі горада Жабінкі, які ўзнік у 2006 годзе. Сёлета тут працуюць над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання функцыянальнай пісьменнасці як асновы сацыялізацыі і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з дапамогай індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу”. Выконваць такія, нават вельмі няпростыя праекты, ліцэю па сілах. Нездарма яго выхаванцы – пераможцы і прызёры шматлікіх конкурсаў, алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, 34 выпускнікі ліцэя – залатыя медалісты, а паступленне ў ВНУ, лічыце, стопрацэнтнае.
Нельга таксама пакінуць па-за ўвагай карысную дзейнасць ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна”. Яго супрацоўнікі клапоцяцца аб спецыяльнай адукацыі дзяцей-інвалідаў, якім патрэбны асаблівыя ўвага і клопат.
Дадатковыя навыкі, у сваю чаргу, дорыць юным жабінкаўцам раённы цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі, які развівае таленты і многім падказвае жыццёвую дарогу, напоўненую прыгожымі фантазіямі, увасобленымі на палатне, у саломцы або гліне.
Нарэшце, ёсць у нас і ўстанова адукацыі, што рэалізуе праграмы выхавання і ўдзельнічае ў ліквідацыі прычын і ўмоў, якія вядуць да стварэння неспрыяльнага для дзяцей асяродку. Супрацоўніцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра стаяць на варце правоў і законных інтарэсаў дзіцяці.

Такім чынам, кожная названая ўстанова выконвае свае самыя галоўныя задачы, а менавіта: дае нашым дзецям якасную адукацыю і належнае выхаванне, каб хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі ведалі шмат, але і шчыра любілі непаўторны жабінкаўскі край.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
