ЗАЛУЗЗЕ: край майстроў між Бугам і Дняпром

Гэта па-сапраўднаму ўнікальная вёска. Далёка не кожны, нават вялікі населены пункт, можа, як Залуззе, пахваліцца такім сузор’ем сваіх нараджэнцаў. Адсюль паходзяць ажно тры (!) кіраўнікі Брэста: у XVII стагоддзі ў паселішчы нарадзіліся берасцейскія кашталяны Мельхіёр і Дамінік Савіцкія, а паміж 2004 і 2014 гадамі кіраўніком Брэсцкага гарвыканкама з’яўляўся Ганаровы грамадзянін горада Брэста залуззевец Аляксандр Палышанкоў. У вёсцы, размешчанай уздоўж Мухаўца, таксама прыйшлі на свет Герой Сацыялістычнай Працы Фёдар Валасюк; Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР Канстанцін Буснюк; былы партызан-чарнаковец, доктар ваенных навук Юльян Гогаль; Заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Мікалай Кандрацюк.

А яшчэ Залуззе спрадвеку было калыскай талентаў, краем майстравых людзей. З імі пазнаёмімся бліжэй.

Дом, дзе жыве творчасць

Чалавек творчы прыйшоў у гэтыя мясціны значна раней, чым вёска трапіла на старонкі летапісаў. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі дэманструецца так званая “Залуззеўская баба” –паганскі ідал, “апрануты” старадаўнім майстрам-каменацёсам у хустку. Пазней хрысціяне выбілі на ім крыж.

Цяпер гожыя вышыўкі ды карункі можа пабачыць кожны, хто зазірне ў Залуззеўскі Дом народнай творчасці. Яго гаспадыня таксама надзвычай таленавітая: Святлана Ляшук – рамеснік, і многае падуладна яе таленавітым рукам. А яшчэ яна цудоўны арганізатар, здольны натхняць іншых шчыра любіць усё народнае, а значыцца, і спрадвеку роднае.

Залуззе – мо самая працяглая жабінкаўская вёска. І гэта невыпадкова: у 1970 годзе яна аб’ядналася з дзвюма суседнімі. Але і зараз мясцовыя адрозніваюць уласна Залуззе, якое цягнецца да мосціка, і Савіцк з Багуславічамі – самыя старыя часткі гістарычнага сяла. Дом, дзе бруяе творчасць, – у былым Савіцку. Побач жывуць народныя майстрыхі Ніна Яшчук ды Таццяна Суцько, да якіх завіталі ў госці. Таццяна Кірылаўна – равесніца вайны, Ніна Аляксандраўна – аднагодак Перамогі. У іх лёсах увогуле шмат агульнага: і месца нараджэння, і няпростае жыццё, і захапленне вышыўкай, атрыманае ў спадчыну ад матуль, і прыгожыя народныя песні.

Калісь у Залуззі існаваў цудоўны фальклорны калектыў “Багуслаўка”. Сапраўднай яго душой быў настаўнік, ветэран вайны і мясцовы паэт Васіль Давідчык. Для “Багуслаўкі” Васіль Гаўрылавіч складаў сцэнкі, вершы, песні.

– О! Мы ж паўсюль спявалі, – прыгадвае былое Ніна Яшчук, – і ў Жабінцы бывалі, і ў Брэсцкім драмтэатры, і ў музеі, і ў санаторыі “Буг” для адпачываючых канцэрты давалі, і на “Дажынках” абрады рабілі ў полі і на сцэне. Было нас 16 чалавек, а цяпер ужо нікога, акрамя нас, не засталося… Пытаецеся, у чым я майстар? – і, пераходзячы на тутэйшую гаворку, гарэзліва заканчвае, пастукваючы кіёчкам аб падлогу: – Я усэ могу робыты, нават с клюшкою ходыты!

Таццяна Суцько сустрэла нас на парозе са сваім сябрам – коцікам Рыжыкам. Жанчына дасюль не абмінае клуб, дзе вучыць дзяцей прасці, каб не забывалі тыя, як цягнецца льняны кужалёк – повязь паміж пакаленнямі. І тая повязь сапраўды ёсць: Святлана Ляшук паказвае фотаздымкі, дзе занатаваны нядаўнія святы, на якія Дом творчасці бывае багаты.

Мужчынскія справы

Аднак не думайце, што толькі жанчыны ў Залуззі такія спраўныя. Моцная палова чалавецтва таксама сваімі талентамі радуе.

Шырока вядомы далёка за межамі Жабінкаўшчыны майстар па дрэве Павел Шадрын. Гадоў 15 таму ён прыехаў з Мурманска на сталае жыццё ў Беларусь, дзе некалі служыў у войску. Знайшоў тут сваю палавінку – жонку-майстрыху Надзею – і другую радзіму, да якой прыкіпеў душой. Сялібу Шадрыны набылі на ўскрайку Залуззя і назвалі “Лясной гаванню”. Павел Мікалаевіч стварыў сапраўдны асяродак хараства, дзе спалучаюцца беларускія матывы, насычаныя фантазіяй творчага чалавека і жывой палескай прыроды.

Калі Шадрыны прыбылі ў Залуззе здалёк і працуюць з дрэвам даўно, дык Аляксей Русіла – з суседніх Панцюх і справу сваю толькі пачынае. Малады гаспадар усяго некалькі месяцаў таму адкрыў таварыства з абмежаванай адказнасцю “Алесіа”, аднак ужо мае досыць індывідуальных заказаў на выраб корпуснай мэблі.

Асаблівым аўтарытэтам карыстаецца вясковы стараста Аляксандр Казак. Яго меркаванні маюць вагу. Залуззе абслугоўваюць аўталаўкі ад міжрайбазы і “Еўраопта”. Была ад іх прапанова скараціць адзін прыпынак у вёсцы, ды Аляксандр Іванавіч запярэчыў: “Нельга так рабіць. Залуззе – вёска працяглая, старым людзям будзе нязручна”. Кіраўніцтва гандлёвых арганізацый прыслухалася да слоў старасты, пакінула ўсё па-ранейшаму.

Каля аднаго з прыпынкаў – магазін “Камбікармы” ад “БЕЛКОРМА”, у якім гандлюе Надзея Данілюк. Па тавары камбікомавага завода сюды прыязджаюць нават з Кобрына, Пінска, Століна. А як спатрэбіцца, Надзея Васільеўна развозіць (ёсць такая паслуга) камбікармы ды заатавары ў далёкія вёскі раёна.

А нам рухацца далей – недалёка: у аграгарадок Мацеевічы.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.