
Так, у Жабінкі адметны твар, і ў гэтым немалая заслуга нашых камунальнікаў. Штодня: і ў цёмную ноч, і сярод светлага дня – яны клапоцяцца, каб на арбіце горада-спадарожніка панавалі чысціня і парадак. Працаўнікі ЖКГ робяць шмат, каб у дамы жабінкаўцаў прыходзілі вада і святло, праводзілася добраўпарадкаванне і рамантаваўся жыллёвы фонд. Гэтымі і многімі іншымі справамі сапраўдныя клапатлівыя гаспадары жабінкаўскай зямлі займаюцца вось ужо амаль 85 гадоў, з часу ўтварэння ў раёне адпаведнай службы. Першым кіраўніком камунальнага аддзела стаў Георгій Барташук, чыё імя ўпісана ў памяць Жабінкі як савецкага актывіста, расстралянага акупантамі ў самыя першыя дні вайны. А калі адгрымела ліхалецце, камунальнікі шпарка ўзяліся за справы, каб зноў расквітнела разбураная вайной Жабінка. Повязь пакаленняў адчувальная сёння на прадпрыемстве: прадаўжальнікі спраў тых, хто некалі адраджаў наш край, штодня стаяць на варце парадку ў сучасным горадзе-спадарожніку.
Узнагароды проста не даюцца
Не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія госці горада-спадарожніка адзначаюць, наколькі шмат робіцца ў Жабінцы, каб горад выглядаў прывабна,а жыць у ім было камфортна. Таму нездарма за свае справы працаўнікі ЖКГ неаднойчы былі адзначаны на самым высокім узроўні. Хоць узнагароды, вядома, проста не даюцца: за кожным прызнаннем заслуг – вялікая праца ўсяго калектыву. Якасць у іх справах адчувальная.
Як вынік, у 2020, 2022 і 2024 гадах жабінкаўскія камунальнікі станавіліся пераможцамі ў вельмі прэстыжным рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод населеных пунктаў ІІІ катэгорыі, а ў 2021-м на падобным конкурсе прызнаны найлепшымі ў вобласці.
За высокія паказчыкі, атрыманыя ў мінулым годзе, Жабінкаўскай ЖКГ была таксама ўручана “Ганаровая адзнака” ад Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі”.
Каб прыгажэў любімы горад
Дзеля таго, каб родная Жабінка выглядала годна і па-сапраўднаму сучасна, была ўзведзена станцыя абезжалезвання, што дазволіла зрабіць ваду прыдатнай для спажыўцоў. Надзвычай важнай справай стала будоўля паблізу горада-спадарожніка новых ачышчальных збудаванняў. Абслугоўванне і рамонт жыллёвага фонду, асвятленне гарадскіх вуліц таксама ў сферы дзейнасці нашых камунальнікаў.

З веснавой пары да позняй восені Жабінка патанае ў квецені. Гэта справа рук супрацоўніц участка “Саначыстка і добраўпарадкаванне”, якія з любасцю ствараюць кветкавы рай не толькі на клумбах у гарадскім парку, але і на вуліцах Жабінкі. Іх праца таксама не раз адзначалася абласнымі граматамі. У дадатак дабавім: мабыць, кожны заўважыў, як шмат апошнім часам узнікла ў нас малых архітэктурных формаў, усталяваных намаганнямі камунальнікаў. Існуе цэлая “касмічная” алея, якая нагадвае, што зусім нездарма Жабінка афіцыйна абвешчана горадам-спадарожнікам Брэста. Вока радуюць і рэдкія дрэвы, высаджаныя ў парку – цэлыя алеі экзатычных прадстаўнікоў царства флоры. Акрамя таго, ЖКГ падаравала любімаму гораду дзіцячы гульнёвы комплекс, размешчаны паблізу танцпляцоўкі, і набыла на радасць хлопчыкам і дзяўчынкам вясёлы паравозік.
А колькі гордасці выклікала не толькі ў малых, але і ў дарослых гараджан сёлетняя навагодняя ёлка, што заззяла ў святочны час на галоўнай плошчы Жабінкі! Яе вершаліна была ўвенчана цудоўным яркім спадарожнікам, што ляцеў праз дні і гады ў светлую будучыню. Нездарма жабінкаўцы ў пачатку 2024-га агульна святкавалі выдатны поспех, калі нашу ялінку літаральна ўсім светам прызналі самай-самай лепшай у Брэсцкай вобласці.

Увогуле, нельга нават уявіць ніводнага жабінкаўскага свята, у тым ліку раённых “Дажынак” і Дня горада, без руплівай працы камунальнікаў.
І памяццю продкаў таксама жывуць
Кожны народ, які паважае сябе, павінен захоўваць гістарычную памяць і праяўляць клопат аб месцах вечнага спачыну.
Гэта цудоўна разумеюць у Жабінкаўскай ЖКГ. Пагэтаму нездарма на балансе прадпрыемства знаходзяцца не толькі могілкі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці. Тэрыторыя вакол іх рэгулярна абкошваецца, а калі ўзнікае неабходнасць, спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыбіраюць аварыйныя дрэвы, каб нішто не парушыла вечны сон славутых продкаў. Зусім хутка, у перадсвяточныя дні, людзі па векавой традыцыі пачнуць масава наведваць пахаванні, каб аддаць даніну памяці памерлым сваякам, а камунальнікі, са свайго боку, будуць сачыць за чысцінёй і парадкам на могілках.
Асобны клопат – пахаванням, звязаным з Вялікай Айчыннай вайной. Большасць іх месціцца на гарадскіх могілках па вуліцы Міру і ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, дзе традыцыйна адбываюцца мітынгі 9 Мая, на Дзень Незалежнасці і ў іншыя значныя святы. Акрамя таго, на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама знаходзяцца пахаванні Соф’і Чубук, Аляксея Дзмітрука і Івана Філіпука, помнікі ў Буснях, Палявой Рэчыцы, Жыціні, Саках, Ракітніцы, Старым Сяле, Сцяпанках, Чыжэўшчыне і былым Сцяброве.
Усё ж нездарма лозунгам ЖКГ сталі словы “Живи Как Хозяин”. Гаспадарлівасць камунальнікаў адчувальная штодня ў горадзе і яго наваколлях, дзе бруяе Жабінка-рака і пануюць спакой ды чысціня.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
