ЛЕНІНСКІ: аграгарадок паблізу хуткасных дарог

Ленінскі – самы малады і самы буйны сельскі населены пункт жабінкаўскай зямлі. Ён з’явіўся на карце раёна і краіны толькі ў 60-я гады ХХ стагоддзя, хоць у складзе Ленінскага – колішні маёнтак Ацячызна, вядомы яшчэ з другой паловы ХVII веку. Некаму ў гэтай назве і зараз чуецца ласкавае слова “айчына”, іншы выводзіць Ацячызну ад дзеяслова “гаціць”.

Сапраўды, наўкола вякамі было дрыгвянае вока, пакуль сюды не прыйшлі меліяратары, што адваявалі ў Багніка яго топкія абшары, пабудавалі буйны торфабрыкетны завод і пасёлак, якому людзі далі назоў Ленінскі – у гонар стваральніка савецкай улады і дзяржавы Уладзіміра Ільіча Леніна.

Сёння крыху зазірнем у мінулае старой Ацячызны і бліжэй пазнаёмімся з тым, як жывуць “ля імклівых дарог” нашы сучасныя “ленінцы”.

Гэта было ў Ацячызне

Калі гаварыць пра Ацячызну, больш давядзецца расказваць аб стратах, чым знаходках. Амаль 150 гадоў тут стаяла гожая княская сяліба. Гаспадарскі дом месціўся сярод маляўнічага парку, спланаванага ў 1910 годзе былым галоўным садоўнікам Варшавы Францішкам Шэнье. Дом складаўся з 13 пакояў, меў салон, абіты залацістымі шпалерамі, з мэбляй у стылі Людовіка ХV, упрыгожаны карцінамі ды бронзавай жырандоляй. У суседнім, малым салоне, на сценах былі размешчаны слуцкія паясы і каштоўныя палотны ХVІІ стагоддзя, купленыя Іосіфам Бельскім у Пецярбурзе ў галерэі Дзямідавых. Найперш вылучаліся “Два рыбакі з сеткай” Давіда Тэнірса і “Святое Сямейства” Пітара Паўля Рубенса. У канцы ХІХ стагоддзя нейкі антыквар прапаноўваў за карціну Рубенса 100 тысяч рублёў, аднак гаспадар катэгарычна адмовіўся ад продажу.

Бельскія не былі пазбаўлены прадпрымальніцкай жылкі, таму ў 1904–1905 гадах пабудавалі ў маёнтку вінакурню, якая доўгі час прыносіла добры прыбытак. Гэта было адно з буйнейшых прадпрыемстваў краю, будынак колішняга спіртзавода захаваўся па сённяшні дзень. А вось велічэзны дуб, які за сваімі магутнымі, нібыта плечы волата, галінамі, меў доўгія стагоддзі, быў знішчаны ветрам летам 2015 года.

Яшчэ большыя страты Ацячызна панесла векам раней. У жніўні 1915-га сюды ўвайшлі кайзераўскія войскі. Нямецкія салдаты разрабавалі маёнтак, назаўсёды загінулі каштоўная бібліятэка і карцінная галерэя, знікла бясследна і “Святое Сямейства” Рубенса.

Апошнія ўладальнікі Ацячызны пакінулі родавую сядзібу восенню 1939 года з дапамогай нямецкага афіцэра Карла Кнора. Да слова, ужо пасля вайны гэты афіцэр заснаваў харчовую фірму, вырабы якой (так званыя “кубікі Кнор”) вядомы і ў Беларусі.

І яшчэ пра адну трагічную страту. У Вялікую Айчынную вайну каля спіртзавода бязлітасна знішчалі мірных людзей. Пра жудаснае злачынства сведчаць шматлікія кулі, адшуканыя ў нашы дні на месцы расправы.

Канчаткова Ацячызна знікла з геаграфічных карт пасля 1970 года, калі вёска злілася з пасёлкам Ленінскі.

Саўгас развіваўся, пасёлак будаваўся

Вясной 1964 года толькі што створаны саўгас “Рагазнянскі” ўзначаліў малады дырэктар Мікалай Прасмыцкі. У мінімальныя тэрміны ён дабіўся, здавалася, немагчымага: узняў адстаючую гаспадарку да самых вяршынь. Нездарма напрыканцы 1972-га ў “Сельскай праўдзе” з’явілася кароткае паведамленне: “Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 14 снежня 1972 года саўгасу “Рагазнянскі” прысвоена імя 50-годдзя СССР”. Такіх гаспадарак у Савецкай краіне былі адзінкі!

Другой справай, якой прысвяціў сябе Мікалай Аляксандравіч, стала заснаванне пасёлка. Пад восень 1965 года завітала камісія, якая вызначылася з месцам, дзе хутка павінен быў узнікнуць новы населены пункт. І ўжо праз год паўсталі першыя домікі для працаўнікоў торфабрыкетнага завода і васьмікватэрны дом для саўгаснікаў. Людзі з радасцю і надзеяй станавіліся навасёламі, а неўзабаве ў маладых сем’ях першых “ленінцаў” пачалі з’яўляцца дзеці. Найпершымі атрымалі пасведчанні аб нараджэнні ў Ленінскім Наташа Макарук і Валера Андраюк.

Гістарычным можна лічыць 19 жніўня 1967 года – дзень, калі ўрачыста распачалося будаўніцтва цэнтральнай сядзібы “Рагазнянскага”. З дапамогай акадэміка Міхаіла Севярнёва, які спецыялізаваўся на механізацыі сельскай гаспадаркі, у Чыжэўшчыне была пабудавана першая ферма-аўтамат (нябачны для тых часоў цуд!). Гэта вызначыла малочную накіраванасць, якой і цяпер аддаюць перавагу ў “Рагазнянскім”.

Аб’ект вельмі зацікавіў тагачаснага кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава. Пётр Міронавіч асабіста прыехаў, каб пабачыць ферму, якую аўтаматызуе Севярнёў, і застаўся надзвычай задаволеным ад таго, што пабачыў і пачуў. Пагэтаму неўзабаве “ленінцы” прымалі шматлікія айчынныя і замежныя дэлегацыі, дзяліліся вопытам з удзельнікамі Усесаюзнага семінара.

Зараз Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Мікалай Прасмыцкі ўжо размяняў дзясяты дзясятак. Падобнае ўганараванне займеў і іншы дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк, якога, на жаль, ужо няма сярод нас. Справу сваіх славутых папярэднікаў годна працягвае сённяшні кіраўнік гаспадаркі Ганна Плытнік.

Справы сельсавецкія

Ленінскі сельсавет быў створаны 53 гады таму. У рамачцы, як каштоўную рэліквію, у сельвыканкаме захоўваюць архіўную даведку пра рашэнне выканкама Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў № 29 ад 25 студзеня 1971 года “Аб стварэнні Ленінскага сельскага Савета дэпутатаў працоўных”. Адсюль адлічвае сваю найноўшую гісторыю сучасная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, размешчаная ў цэнтральнай частцы Жабінкаўшчыны.

“Ленінцы” шмат у чым паказваюць прыклад іншым. 12 сакавіка 2008 года іх пасёлак у ліку першых стаў аграгарадком. На тэрыторыі сельсавета не толькі перадавая гаспадарка, але і найбольшая колькасць гістарычных помнікаў. Што таксама прыемна, і па колькасці немаўлят “ленінскія” буслікі штогод у лідарах! Гэтак мінулае міжволі спалучаецца з будучым, бо жыццё мае працяг там, дзе гучаць дзіцячыя галасы.

Справы сельсавецкія амаль бясконцыя, а дзверы ў аграгарадку Ленінскі ў доме №8 па вуліцы Леніна заўсёды расчынены для наведвальнікаў. Многія ініцыятывы паходзяць ад старшыні сельвыканкама Мікалая Лугаўскога, які вось ужо пяць гадоў узначальвае сельсавет.

Словы ў яго спалучаюцца са справамі. Неяк задумаў Мікалай Васільевіч стварыць Дошку гонару роднага Ленінскага сельсавета, і вось літаральна на днях на ёй з’явіліся новыя імёны тых, хто праявіў сябе за апошнія гады ў працы і вучобе. А яшчэ Лугаўскі любіць (і пра тое кожнаму вядома) саджаць дрэўцы, каб прыгажэлі аграгарадок і навакольныя вёскі. “Хоць у нас і “агра”, ды ўсё-ткі “гарадок”, а таму нашы людзі павінны карыстацца тымі ж дабротамі, што і гараджане”, – упэўнены старшыня і робіць усё магчымае, “каб казка стала быллю”. Звыкла, напрыклад, бачыць у гарадах малыя архітэктурныя формы. Дык і ў аграгарадку яны з’явіліся. Цяпер любы можа даведацца, колькі вёрст прайсці, каб трапіць у Жабінку, Брэст альбо сталіцу. Можна накірункі і на Маскву ці Берлін пабачыць.

А нам патрэбна крыху бліжэй: на захад, у Рагозна. Туды і едзем у наступны раз.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.