
Аператар працэсу перапрацоўкі зерня Алена Каралевіч ужо шмат гадоў аддана рупіцца на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. За працяглы час Алена Фёдараўна, ствараючы ўласную працоўную біяграфію, заслужыла павагу ў людзей і не аднойчы мела ўзнагароды на раённым ды абласным узроўнях.
Алена Каралевіч не першая ў родзе, для каго, як у песні, “праспяваў гудок заводскі”. На прадпрыемстве з часам склалася сапраўдная працоўная дынастыя.
Пачынальнікам яе стала маці – Вера Кабась. Яна 28 гадоў адпрацавала апаратчыкам камбікормавай вытворчасці, які цяпер завецца аператарам працэсу перапрацоўкі зерня. Пэўны час на камбікормавым заводзе шчыраваў слесарам сын Веры Сямёнаўны Георгій, а зараз сапраўднай прадаўжальніцай працоўнай дынастыі стала дачка Алена, якая літаральна заняла матуліна месца, калі тая пайшла на заслужаны адпачынак. Дарэчы, ёсць ужо і трэцяе пакаленне дынастыі камбікормаўцаў Кабасеў – Каралевічаў, паколькі і Аленіна дачка Аня таксама звязала лёс з заводам. Аднак сёння яна крыху адышла ад працоўных спраў, але тое сталася па вельмі ўважлівай прычыне. Зараз Ганна Васільеўна выконвае надзвычай адказную і прыемную місію: гадуе двух цудоўных сыночкаў-пагодкаў Платона ды Назарку. Калі хлопчыкі крыху падрастуць, прадстаўніца “камбікормавай” дынастыі спадзяецца зноў вярнуцца на роднае прадпрыемства, дзе яе паважаюць, памятаюць і чакаюць.
А цяпер зноў вернемся да той, каго Ганна ўзнагародзіла высокім званнем “двойчы бабуля”.
Разам з Аленай Каралевіч трохі адматаем стужку часу назад, каб патрапіць у апошні сакавіцкі дзень 2000 года, калі Алена Фёдараўна ўлілася ў вялікі калектыў Жабінкаўскага камбікормавага завода, што нездарма завецца флагманам нашай індустрыі.
У той памятны веснавы дзень наша гераіня прыйшла на працу ў камбікормавы цэх. Ён нездарма ўтрымлівае назву, аднолькавую з усім прадпрыемствам: камбікормавы – цэх асаблівы, аснова ўсёй вытворчасці, таму і шчыруюць у ім людзі надзвычай умелыя пад кіраўніцтвам Ірыны Мацукі. А ўвогуле, зазначым, працэс стварэння усёй прадукцыі, якой славіцца завод-флагман у Жабінцы і далёка за яе межамі, ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам начальніка вытворчасці Аксаны Яхалкоўскай.
– Нават не заўважыла, як час прабег, і вось ужо дваццаць тры гады – а гэта, паверце, вельмі нямала! – працую на заводзе, што стаў родным, – дзеліцца Алена Каралевіч. – Люблю сваю справу і людзей, якія працуюць побач. Ужо больш за пятнаццаць гадоў даводзіцца шчыраваць са зменай майстра Мікалая Юхімука. У маіх непасрэдных абавязках – кантроль работы абсталявання на лініі гранулявання, а таксама неабходна пастаянна сачыць за якасцю выпускаемай прадукцыі. Стараюся ўсё рабіць з адказнасцю, разумеючы, наколькі важнай агульнай справай заняты камбікормаўцы.
Усё ж нездарма кажуць: па працы і пашана. Алена Фёдараўна даўно на добрым рахунку ў кіраўніцтва прадпрыемства. Зусім невыдкова двойчы імя Алены Каралевіч упрыгожвала Дошку гонару Жабінкаўскага камбікормавага завода. А ўжо пералічыць заахвочванні, якія мела наша гераіня за амаль чвэрць веку сумленнай працы, нават не бяромся. Назавем толькі апошнюю па часе ўзнагароду, атрыманую на ўрачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. З пэўным хваляваннем у ліку лепшых Алена Фёдараўна ўзнімалася, каб атрымаць з рук намесніка генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынгу “Канцэрн Брэстмясамалпрам” Уладзіміра Мількевіча Ліст падзякі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. А зала ў тое імгненне з задавальннем апладзіравала годнай прадаўжальніцы працоўнай дынастыі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%