Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень юрыста

Сёння у Беларусі адзначаецца Дзень юрыста. Гэта дазваляе выказаць даніну павагі ўсім, хто знаходзіцца на ахове законных правоў людзей. Непасрэдна з юрыдычнай прафесіяй звязаны сённяшнія нашы гераіні – сакратары судовых пасяджэнняў Вольга Паўлава і Вераніка Місюк.

Заканамерны выпадак…

Родны горад Вольгі Паўлавай – паўночная расійская сталіца. У пачатку 1990-х дзяўчына пераехала з Санкт-Пецярбурга ў горад над Бугам, дзе маці ўладкавалася на працу ва ўніверсітэт. Святлана Фёдараўна мела вучоную ступень кандыдата біялагічных навук, таму не дзіўна, што дачка захаплялася геаграфіяй і біялогіяй, а затым паспяхова скончыла адпаведны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Адразу скажам: так склалася, што гэтая навучальная ўстанова для Вольгі Леанідаўны стала двойчы альма-матар (пазней у БрДУ давялося скончыць яшчэ і юрфак). Другі раз сесці за студэнцкую лаву спатрэбілася пасля таго, як наша гераіня восем гадоў таму ўпершыню ўвайшла ў будынак суда Жабінкаўскага раёна на вуліцы Міру, каб стаць часткай надзвычай дружнага калектыву.

У лёсе вельмі шмат вырашае выпадак. Здарыўся ён і ў жыцці Вольгі Паўлавай. І гэтая нечаканасць, мабыць, была наканаваннем – заканамерным аказаўся той выпадак…

А сталася ўсё так. Даўно заўважана: добрым зменам нярэдка спрыяе вясна. На календары буяў квеценню май, і настрой у маладой жанчыны быў адпаведны. Паблізу цукровага завода на дошцы аб’яў мімаходзь трапіўся на вочы лісток, а ў ім – нумар тэлефона ды запрашэнне: “Патрабуецца сакратар…”. Калі пазваніла, на другім канцы азваліся: “Вас слухаюць у судзе Жабінкаўскага раёна”. Аказалася, патрабаваўся не просты сакратар, а сакратар судовых пасяджэнняў. Было крыху нечакана, аднак сваю просьбу ўладкавацца на працу Вольга Леанідаўна выказала, і ўжо наступным днём адбылася размова з вядучым спецыялістам Анжалікай Яскавец. У выніку Вольга Паўлава прайшла патрэбную стажыроўку і 13 мая 2015 года была прынята на пасаду, што займае дасюль.

– Справа, якую выконваюць сакратары судовых пасяджэнняў, вельмі важная і паважаная, – пераканана суразмоўніца. – У кола нашых абавязкаў уваходзіць падрыхтоўка крымінальных, адміністрацыйных і грамадзянскіх спраў для разгляду іх падчас працэсу. Для гэтага даводзіцца папярэдне ўведамляць бакі, рабіць патрэбныя запыты, каб справы разглядаліся ў кароткія тэрміны. А як суддзя вынесе сваё рашэнне, на плечы сакратара судовых пасяджэнняў кладзецца падрыхтоўка пратаколаў і афармленне спраў.

і свядомы выбар

Свой шлях у прафесію Вераніка Місюк пачала пасля заканчэння ў 2016 годзе дзевяці класаў у жабінкаўскай СШ №1. Ёй было пятнаццаць, а ў такім узросце паўстае пытанне, якім шляхам ісці ў жыцці. Думала ўзважліва, зусім па-даросламу. Калі на шалях сярод розных захапленняў аказаўся яшчэ і прыклад хроснага бацькі Сяргея Васільевіча, які працаваў у праваахоўных органах, у дзяўчыны канчаткова выспела рашэнне: патрэбна вучыцца далей у Брэсцкім політэхнічным каледжы на правазнаўцу! Паступіла лёгка і веды атрымоўвала з задавальненнем, а практыку праходзіла ў роднай Жабінцы, у раённым судзе. Гэта яшчэ больш наблізіла дзяўчыну да будучай прафесіі. Тут яна падмацавала тэорыю практыкай ды адчула, наколькі прафесійны і душэўны калектыў працуе поруч.

І вось як толькі прыйшло развітанне з каледжам, Вераніку Андрэеўну 4 верасня 2019 года чакала спатканне з жабінкаўскім судом ужо ў якасці сакратара судовых пасяджэнняў. Адначасова Вераніка Місюк усведамляла: патрэбна папаўняць багаж ведаў. Гэтае разуменне прывяло яе на юрфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Год, які праз нейкі месяц з намі развітаецца, бясспрэчна будзе для маладога юрыста запамінальным, найперш таму, што ў 2023-м яна атрымала дыплом аб вышэйшай юрыдычнай адукацыі.

– Так, час бяжыць і прыносіць усё больш карыснага вопыту, – разважае суразмоўніца. – Аднак многія судовыя пасяджэнні ўсё роўна быццам праходзяць праз душу, кранаюць розум ды сэрца. За перыяд працы ў судзе шмат што асэнсавана, зроблены высновы, карысныя не толькі для прафесіі, а ўвогуле ў нашым часам няпростым жыцці. Для мяне кожны дзень, як карысны крок, што вучыць, чаго нельга дапускаць, як узважыць на шалях Феміды закон, права ды чалавечыя адносіны. Таму вопыт, атрыманы на працы, не раз станавіўся карысным у паўсядзённасці. Выдатна, што аднойчы зрабіла свядомы выбар. Шчыра дзякую за гэта бацькам – Андрэю Васільевічу і Алене Віктараўне, а яшчэ – бабулі Галіне Пятроўне ды дзядулю Васілю Паўлавічу. А калі прыйшоў час уліцца ў дружны калектыў, адчула неацэнную дапамогу з боку ўсіх калег, найперш суддзяў Людмілы Мікалаеўны Рубашэўскай і Віктара Віктаравіча Новіка.

Напярэдадні прафесійнага свята сакратары судовых пасяджэнняў з задавальненнем праз раённую газету выказваюць свае шчырыя віншаванні. Вольга Леанідаўна зычыць калегам-юрыстам моцнага здароўя, мірнага неба, цеплыні і кахання. Да яе слоў далучаецца Вераніка Андрэеўна, якая ўсім жадае:

– Сілы і цярпення кожнаму з вас, каб прыносіла жыццё толькі пазітыўныя эмоцыі, радасць і ўсмешкі штодня ды ў любое надвор’е!

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.