Анатоль Жук: «Людзі — самы каштоўны груз»

Для вадзіцеля гарадскога аўтобуса Жабінкаўскага філіяла КУП “Брэсцкі грамадскі транспарт” Анатоля Жука прафесійнае свята, што адзначаецца ў нядзелю 29 кастрычніка, плаўна перацячэ ў асабістае: на наступны дзень Анатолю Мікалаевічу –60! Чым не нагода сустрэцца і даведацца, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб стаць першакласным кіроўцам?

Гэта мы з вамі можам сёння пайсці на працу адным маршрутам, заўтра – другім, паслязаўтра – трэцім. У вадзіцеля гарадскога аўтобуса шлях аднолькавы штодня: “Аўтавакзал – бальніца”, “Аўтавакзал – цукровы завод”.

– Вам не надакучае штодзённа спыняцца на адных і тых жа прыпынках, бачыць за акном адны і тыя ж краявіды? – цікаўлюся ў Анатоля Жука.

– Абсалютна не. Я люблю сваю працу, нашу Жабінку, свой калектыў, – кажа Анатоль Мікалаевіч. – За 23 гады за абаранкам гарадскога аўтобуса як родныя сталі многія пасажыры. На маіх вачах выраслі дзеці, якія некалі з матулямі ездзілі ў дзіцячыя сады ў мікрараёны бальніцы і цукровага завода, абнаўляюцца аўтобусныя прыпынкі, мяняецца воблік горада.

Безумоўна, вырас за гэты час і вадзіцельскі вопыт. Аб прафесіяналізме Анатоля Жука гаворыць той факт, што ён двойчы ўзнагароджваўся граматамі раённага выканаўчага камітэта ды значком “За работу без аварый” ІІ ступені.

Увесь працэс перад адпраўкай па маршруце ў Анатоля Мікалаевіча адпрацаваны да аўтаматызму. Разам з механікам праверыць спраўнасць аўтобуса, прайсці медагляд у паліклініцы – усё дзеля бяспекі пасажыраў.

– Людзі – самы каштоўны груз, не мяхі з бульбай вязу, – кажа вадзіцель. – Хаця за свой век не толькі аўтобусам кіраваў. Якія толькі грузы не вазіў! Агульны працоўны стаж маю больш як сорак гадоў.

Анатоль Жук пагружаецца ва ўспаміны… Прыгадвае, што вучыцца давялося аж у трох школах: Мацясоўскай, Свішчоўскай і Крыўлянскай. Пасля заканчэння апошняй паступіў у Чарнаўчыцкае меліярацыйнае вучылішча. Першае месца працы – памочнік экскаватаршчыка ў ПМК-19. Затым два гады годна служыў Айчыне і вярнуўся пасталелым ды ўзмужнелым у родны калгас імя Чапаева (сённяшні “Вазнясенскі”). Маладому рупліваму хлопцу давяралі і трактар, і камбайн, а пасля паўгадовых вадзіцельскіх курсаў і грузавікі. З 1986 па 2000 год Анатоль Мікалаевіч шчыраваў кіроўцам Жабінкаўскай ПМК-10, а на мяжы тысячагоддзяў перасеў за руль гарадскога аўтобуса ў Жабінцы.

– У пяць гадзін раніцы я ўжо на нагах, дадому вяртаюся а палове дзявятай вечара, – расказвае мой суразмоўнік. – Працоўны графік два праз два дні, але бывае, што чатыры дні працуеш, два адпачываеш.

– Ці здараліся ў вашай практыцы няштатныя сітуацыі ў аўтобусе, напрыклад, у жанчыны пачыналіся роды?

– Не, дзякуй богу, такіх экстрэмальных выпадкаў не было, а вось прытомнасць пасажыры трацілі неаднойчы. Да прыезду “хуткай” даводзілася аказваць ім першую медыцынскую дапамогу.

Анатоль Жук ужо асвоіў і маршрут 77-га аўтобуса, калі падмяняў калег, што захварэлі. Лічыць, што гэта вялікае дасягненне горада-спадарожніка – быць злучаным з абласным цэнтрам гарадскім аўтобусам.

– Чытаў, што збіраюцца ўводзіць дадатковыя рэйсы на маршруце Жабінка – Брэст. Цалкам падтрымліваю. Маршрут запатрабаваны, сядзенні ў аўтобусе не пустуюць. Бо, як вядома, шмат жабінкаўцаў працуюць у Брэсце, і нямала брастаўчан, якія рупяцца ў Жабінцы.

– Якімі якасцямі павінен валодаць вадзіцель, каб мець аўтарытэт і павагу ад калег, пасажыраў? – задаю чарговае пытанне.

– Кіроўца аўтобуса адказвае за жыцці людзей, якіх вязе да месца прызначэння, таму ён павінен быць адказным, уважлівым, тактоўным, добразычлівым, з пачуццём гумару, каб разрадзіць любую напружаную абстаноўку ў салоне.

– А як “разраджаеце” сябе пасля напружаных будняў? Чым займаецеся ў выхадныя дні?

– Наведваю сваю матулю ў Мацясах, шчырую на дачным участку, а як надыходзіць грыбная пара, мяне не выгнаць з лесу.

…Паўгадзінны перапынак Анатоля Мікалаевіча заканчваецца, адпускаем яго далей па маршруце. Аўтобус напаўняецца пасажырамі, якія хочуць патрапіць у мікрараён цукровага завода. На развітанне віншуем нашага героя з надыходзячымі святамі, якія разам з ім раздзеляць жонка Аліна Леанідаўна, дочкі Марына і Вольга, дзве ўнучкі і два ўнукі.

– Я багаты дзед, жыву без гора і бед ды ўсім таго жадаю! – прамаўляе Анатоль Мікалаевіч, і паўнюткі “МАЗ” кранаецца з месца.

Наталля ВАЛОШКА
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.